Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі форум, які праводзіцца ўжо 13-ы раз – добры індыкатар узроўню і характару адносінаў Беларусі і Эўразьвязу. Гэта праяўляецца ня толькі ў заявах, якія гучаць на форуме, але і ў параўнаньні з тымі словамі, якія прамаўляліся на гэтай пляцоўцы ў мінулыя гады.

Да таго ж сёлетні форум пачаўся на наступны дзень пасьля візыту ў Беларусь міністраў замежных справаў Польшчы і Нямеччыны Р. Сікорскага і Г. Вэстэрвэле.

Новая сытуацыя ў геапалітычным становішчы Беларусі адбылася на форме выступаў даволі заўважана.

У адрозьненьні ад леташняя сёлетні выступ кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімера Макея быў вытрыманы ў прымірэнчых тонах. Зь яго вуснаў не гучала заяваў, што Беларусь не дазволіць вучыць сябе дэмакратыі, працяг санкцый адносна кіраўніцтва Беларусі і заявы заходніх палітыкаў пра тое, што трэба пачакаць вынікаў выбараў перад тым, каб прымаць нейкія рашэньні, выклікалі з боку сп. Макея даволі стрыманую крытыку, маўляў, гэта кепска, але гэта не павінна замінаць нашым стасункам.

Словы пра тое, што Беларусь у супрацоўніцтве з Эўропай цікавіць выключна эканоміка, гучалі не ўпершыню. Але гледзячы па ўсім у новай сытуацыі афіцыйны Менск прыйшоў да высновы, што трэба хаця б імітаваць гатоўнасьць да палітычных зьменаў.

Зь іншага боку варта адзначыць і іншы тон заходніх удзельнікаў форуму. Калі летась хіба не цэнтральнай пэрсонай форуму быў кіраўнік Усходняга камітэту нямецкай эканомікі Клаўс Мангольд, які шмат у чым салідарызаваўся з беларускай пазыцыяй, то сёлета галоўным дакладчыкам форуму зь нямецкага боку быў кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Рональд Пафала, ад якога прадстаўнікам афіцыйнага Менску давялося выслухаць нямала непрыемных словаў.

Яго прамова была амаль цалкам прысьвечаная праблеме эўрапейскіх каштоўнасьцяў, якім Беларусь не адпавядае. Апошняе было сказана ветліва, але цьвёрда. Спасылка на тое, што канцлеру Гельмуту Колю было цяжка сыходзіць з пасады пасьля 16 гадоў кіраваньня, гучала больш чым празрыста. Папрок сп. Макея, што ня варта чакаць завяршэньня выбараў і зьвязваць далейшыя стасункі з Беларусьсю зь іх вынікамі, сп. Пафала проста праігнараваў, паўтарыўшы, што выбары будуць важным момантам для вызначэньня таго, якімі будуць далейшыя стасункі для Эўразьвязу.

Дарэчы, як стала вядома, спадар Пафала ў Менску правёў сэрыю асабістых сустрэч з патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты ад апазыцыі.

Некалькі гадоў таму на менскім форуме адбылася даволі жорсткая палеміка паміж сп. Пафала, тады яшчэ ў рангу аднаго з лідэраў ХДС, з тагачасным сьпікерам палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым. Тэма была тая самая – вечная, правы чалавека і дэмакратыя.

Сёлета нямецкі госьць прыехаў у больш афіцыйнай і адказнай якасьці, ён зараз адна з ключавых асобаў нямецкага ўраду. Але словы гаварыліся тыя ж самыя.

Для мяне паказьнікам гэтага новага тону стала і заўвага вельмі асьцярожнага старшыні форуму, дарэчы, намесьніка старшыні Ўсходняга камітэту нямецкай эканомікі, Райнэра Лінднэра. Мадэруючы дыскусію з удзелам сп. Макея, сп. Лінднэр прыгадаў справу газэты «Брэсцкі кур'ер», якая зазнае перасьлед і абмежаваньні. Гэта знак таго, што зараз прэтэнзіі афіцыйнаму Менску прынята прад'яўляць публічна.

Магчыма, гэтыя асаблівасьці тону і ня маюць такога ўжо вялікага значэньня. Але нешта падобнае назіраецца і ў сустрэчах на вышэйшым узроўні, у прыватнасьці, падчас сустрэчаў прэзыдэнта А.Лукашэнкі з кіраўнікамі МЗС Польшчы і Нямеччыны. Госьці не прытрымліваліся дыпляматычнай ветлівасьці, а публічна казалі пра каштоўнасьці і дэмакратыю, а гаспадары займалі абарончую пазыцыю і давалі некаторыя абяцаньні. Магчыма і не зусім шчырыя, але гэта не тая сытуацыя, калі афіцыйны Менск горда казаў, што не дазволіць сябе вучыць.

Сытуацыя зьмянілася настолькі, што ўрокі як мінімум даводзіцца выслухоўваць.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG