Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Focus: Візыт Пафалы - "палітычны сыгнал" і "асабісты інтарэс"


Рональд Пафала

Рональд Пафала

Кіраўнік ведамства канцлера ФРГ, фэдэральны міністар па асаблівых даручэньнях Рональд Пaфала наведаў Менск за шэсьць тыдняў да выбараў.

Нямецкі штотыднёвік "Focus" паведамляе пра сустрэчы і ўражаньні, якія нямецкі міністар меў у Менску. Выданьне называе гэты візыт палітычным сыгналам для дэмакратыі і адзначае, што ён матываваны, апрача іншага, і сямейнай гісторыяй Пафалы.

Адкрываючы Менскі форум — мерапрыемства, якое нават у часы самых складаных дачыненьняў Менску з ЭЗ спрыяла разьвіцьцю беларуска-эўрапейскага дыялёгу, — фэдэральны міністар адзначыў: “Асновай для шчыльнейшых адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю павінна стаць супольнасьць каштоўнасьцяў". Пры гэта Пафала заўважыў, што "ЭЗ гатовы да ўсебаковага супрацоўніцтва зь Беларусьсю".

Як піша выданьне, для фэдэральнага міністра гэта ня толькі палітычны візыт, але і падарожжа ў гісторыю сям'і: у Менску ягоны бацька пры канцы Другой усясьветнай вайны быў узяты ў палон. Пафалу-старэйшаму цяпер 85 гадоў, і час да вывазу ў Сібір ён ацэньвае як параўнальна добры. Наведаўшы былы канцлягер "Малы Трасьцянец", яго сын назваў гэтую паездку "асабістым інтарэсам".

Што да будучыні Беларусі, то яе шлях у Эўропу выглядае доўгім. Ён ляжыць праз пабудову прававой дзяржавы. Істотнай перашкодаю на шляху да глыбейшага супрацоўніцтва з Эўропай Пафала называе сьмяротнае пакараньне, якое ўжываецца ў Беларусі. Таксама Пафала зьвяртае ўвагу на такія моманты, як заканадаўства аб выбарах, свабода сходаў і СМІ, у прыватнасьці — на тое, каб кандыдаты на прэзыдэнта і партыі ня мелі перашкодаў пры рэгістрацыі на выбарах 19 сьнежня.

Пра тое, наколькі складаная сёньня палітычная сытуацыя ў краіне, Пафала даведваецца ад прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці — незалежных прафсаюзаў і СМІ, адзначае "Focus". Слухаючы іхнія расповеды, фэдэральны міністар выказвае спадзяваньні, што і на Захадзе стане вядомым, у якіх катастрафічных умовах працуюць гэтыя людзі.

Увечары Рональд Пафала сустракаецца з кандыдатамі ад апазыцыі ў менскай рэзыдэнцыі нямецкага амбасадара Хрыстафа Вайля. Цягам трох гадзін ідзе размова пра шанцы на выбарах 19 сьнежня. "Ва ўмовах дыктатуры размова ідзе не пра выбары, а пра барацьбу", заўважае адзін з удзельнікаў сустрэчы. І чым далей ідзе размова — пра правільнае стаўленьне, надзеі на Нямеччыну, складаную ролю Расеі – тым ясьнейшым робіцца: кандыдатаў наўрад ці злучае нешта большае, чым варожасьць да Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG