Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пафала пра шлях Беларусі да Эўропы


Рональд Пафала

Рональд Пафала

Кіраўнік ведамства канцлера ФРГ, фэдэральны міністар па спэцыяльных даручэньнях Рональд Пафала адказаў на пытаньні журналістаў. Пафала ўдзельнічае ў працы міжнароднага Менскага форуму.


Беларускія ўлады павінны растлумачыць сытуацыю са сьмерцю журналіста Алега Бябеніна

"На XIII Менскім форуме я казаў пра сьмерць Алега Бябеніна. Я вельмі выразна сказаў, што мы чакаем высьвятленьня ня высьветленых дагэтуль падзеяў, якія прывялі да яго сьмерці", — сказаў Пафала.

Улады Беларусі "павінны зрабіць усё для таго, каб высьветліць акалічнасьці гэтай справы", — адзначыў Пафала.

Заснавальнік сайту "Хартыя-97" Алег Бябенін быў знойдзены ў пятлі на сваім лецішчы 3 верасьня. Людзі, якія бачылі цела Бябеніна, кажуць пра падазроны вывіх нагі, драпіны і плямы на руках і целе нябожчыка. Аднак у заключэньні афіцыйнай экспэртызы сказана, што сьлядоў зьнешняга ўзьдзеяньня не было.

25—29 кастрычніка Менск наведалі экспэрты-крыміналісты АБСЭ, якія дасьледавалі матэрыялы праверкі па факце сьмерці Бябеніна.


Пафала: Сьмяротнае пакараньне — самая сур'ёзная перашкода на шляху Беларусі ў Эўропу

"Самая сур'ёзная перашкода шчыльнейшаму супрацоўніцтву Беларусі з Эўропай — гэта выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня", — заявіў кіраўнік ведамства канцлера ФРГ, фэдэральны міністар па асаблівых даручэньнях Рональд Пафала.

"Сьмяротнае пакараньне для нас непрымальнае. А ў Беларусі сьмяротнае пакараньне ня толькі існуе ў Крымінальным кодэксе, але і прыводзіцца ў выкананьне", — дадаў ён.

Беларусь засталася адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне.

29 красавіка 2010 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыпыніла кантакты зь Беларусьсю ў сувязі зь "недастатковым прагрэсам" краіны ў справе адпаведнасьці стандартам Рады Эўропы.

Паводле праваабаронцаў, ад часу абвяшчэньня краінай незалежнасьці ў 1991 годзе сьмяротных прысудаў было вынесена больш за 400.


Беларусь, як і раней, далёкая ад свабодных выбараў

Нягледзячы на пэўны прагрэс, у Беларусі, як і раней, ня створаны ўмовы для свабодных і празрыстых выбараў, заявіў Пафала.

"Нармальных умоваў для свабодных выбараў тут няма. Беларусь, як і раней, далёкая ад свабодных выбараў", — заявіў Пафала.

Ён, праўда, дадаў, што "тыя абмежаваньні, якія існавалі раней, да прыкладу, пры зборы подпісаў, не існуюць".

"Параўноўваць са стандартамі свабодных выбараў у эўрапейскіх краінах немагчыма. За некалькі тыдняў да выбараў выбарцы яшчэ ня ведаюць, хто кандыдат", — адзначыў нямецкі палітык.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG