Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтуюць грунтоўны беларуска-нямецкі слоўнік


4 лістапада ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры адбудзецца прэзэнтацыя беларуска-нямецкага слоўніка на 70 тысяч словаў і выразаў, выдадзенага ў прыватным выдавецтве “Колас” Зьмітра Коласа пры дапамозе нямецкага боку. Беларуска-нямецкі слоўнік такога аб'ёму – першы ў гісторыі. Да яго быў толькі невялікі слоўнік на 2300 слоў, які выйшаў у Ене ў 2000 годзе.

Слоўнік гэты мае даволі доўгую, складаную і нават драматычную гісторыю. Праца над ім пачалася яшчэ ў 1992 годзе. Расказвае паліглёт, укладальнік многіх слоўнікаў Лявон Баршчэўскі:

"Уладзімер Марцінеўскі быў вялікі энтузіяст стварэньня гэтага слоўніка. Ён стаяў ля вытокаў стварэньня і нямецка-беларускага слоўніка. На жаль, ён памёр, справу перанялі іншыя людзі, у першую чаргу Мікалай Кур'янка, які ўсе гэтыя 18 гадоў трымаў ніткі ў руках".

Дацэнт катэдры псыхалёгіі Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, вядомы германіст Мікалай Кур'янка працягвае:

"На першым этапе група была – яшчэ нябожчык Уладзімер Марцінеўскі зьбіраў – больш за 15 чалавек. Ну а калі зьбіраецца вялікая кампанія, кожны мае замілаваньне да сваіх любімых слоўцаў, выразаў. Пасьля ўсё так распасьціраецца, што падобна да нейкага веніка: усё тырчыць ува ўсе бакі. А трэба ж зьвесьці ўсё ў адно рэчышча, у адным напрамку зрабіць. Таму чым больш людзей – гэта ня значыць лепш, а горш. З псыхалёгіі вядома, што ёсьць першасная кантактная група, і яна звычайна не выходзіць за 4 – 6 чалавек. Нават 6 – гэта ўжо зашмат..."
Усе казалі: "Ну так, гэта карысна, але, прабачце, гэта і ня твор, і не тавар"...


Пры канцы 1990-х слоўнік практычна быў падрыхтаваны да друку і перададзены ў прыватнае выдавецтва "Тэхналёгія". Але грошай на выданьне там не было. Дзяржава таксама не хацела фундаваць выданьне слоўніка, кажа Мікалай Кур'янка:

"Я ж абышоў ўсе выдавецтвы – і "Асьвету", і "Вышэйшую школу", і "Мэтадычную кнігу". Усе казалі: "Ну так, гэта карысна, але, прабачце, гэта і ня твор, і не тавар". Ну, што ж ты зробіш..."

Мікалай Кур’янка перажываў, што нявыдадзены слоўнік старэе: мова жывая, зьяўляюцца новыя тэрміны. І працягваў працаваць:

"Да апошняга дня. Нават ужо макет зроблены быў. І прыйшлося ўключыць апошняе слова з кампутарнай лексыкі – "блог". Яго ж няма ні ў адным слоўніку, і нават у слоўніках па інфарматыцы, выдадзеных гады 3 – 4 назад. Зьявілася гэтае слоўца цяпер, ну вось так і "злавілі" яго".

Урэшце выдаць беларуска-нямецкі слоўнік дапамаглі немцы, кажа Лявон Баршчэўскі:
Мы пастараліся ўсё зрабіць, каб і немцы маглі ім карыстацца...


"Зь вялікай дапамогай спадара Інга Пэтца, які знайшоў кантакт зь Міністэрствам эканомікі Нямеччыны, удалося цягам апошняга году яшчэ раз яго дапрацаваць, дапоўніць сучаснай лексыкай, інтэрнэт-тэрмінамі і ўсё ж такі давесьці яго да выданьня. Ён, вядома, прызначаўся ў першую чаргу для беларускага карыстальніка, але мы пастараліся ўсё зрабіць, каб і немцы маглі ім карыстацца. Там і прадмова, і правілы карыстаньня зробленыя паралельна па-беларуску і па-нямецку, граматычныя табліцы беларускай мовы, якія дазваляюць разабрацца з гэтай мовай зь мінімальнымі ведамі".

Такім чынам, цяпер ёсьць і салідны беларуска-нямецкі слоўнік на 70 тысяч слоў і выразаў, і нямецка-беларускі слоўнік на 50 тысяч слоў, які выдадзены ў 2006 годзе таксама ў выдавецтве "Колас". Але, на думку аўтара абодвух грунтоўных працаў Мікалая Кур'янкі:

"Трэба было б нямецка-беларускі слоўнік пашырыць, уключыць вялікую колькасьць амэрыканізмаў, англіцызмаў, якія ёсьць у нямецкай мове. Але для гэтага трэба мець хаця б двух супрацоўнікаў. Якія б не дапамагалі, а працавалі".
XS
SM
MD
LG