Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цішку Гартнага згадалі ў Магілёве


Беларускага літаратара і першага старшыню савецкага ўраду Беларусі Цішку Гартнага сёньня згадвалі ў Магілёўскай суполцы Таварыства Беларускай мовы. 4 лістапада пісьменьніку й грамадзкаму дзеячу Зьмітру Жылуновічу — 123 гады. Ягонай творчасьці магілёўскія ТБМаўцы прысьвяцілі заняткі ў сваім гуртку беларускай мовы.

Заняткі пачаліся з успамінаў пра мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю Цішкі Гартнага. Іх ТБМаўцы пабачылі на ўласныя вочы падчас вандровак. Гаворыць старшыня суполкі Алег Дзьячкоў.

Успаміны з вандровак: ТБМаўцы адмываюць шыльду на доме, дзе нарадзіўся Жылуновіч.
«Памятаеце, калі мы езьдзілі ў вандроўку па Меншчыне, то наведалі мястэчка Капыль? Там захаваўся дом, дзе нарадзіўся Цішка Гартны. Памятаеце, якая там шыльда была занядбаная? Нам давялося й траву выбіраць і шыльды адмываць. Калі будзеце ў Смаленску, там знаходзіцца будынак былога дваранскага сходу, на якім напісана, што ў гэтым будынку адбылося абвяшчэньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. А першы яе старшыня — Цішка Гартны».

Ня толькі палітыкай адметны Зьміцер Жылуновіч. Ён — аўтар першай трылёгіі ў беларускай літаратуры «Сокі цаліны», а ягоныя вершы вылучаюцца асаблівым лірызмам. Яны нібыта сёньня напісаныя. Працягвае магілёўская літаратарка Тацяна Барысік:

«Зачытаю верш „Восень“, напісаны ў 1910 годзе.

…Восень ты нудная, восень дажджлівая,
Ты немінуча ўсягды.
У сэрца балючае, у душу сіротную
Многа ліеш ты нуды…

І зараз восень і час падобны. Каб хтосьці мне сказаў, што гэта напісаў нехта з нашых сучасьнікаў, я б паверыла. Дарэчы, мяркуючы па вершах аўтара, ён ня быў такім антысаветчыкам, але менавіта за гэта ён і пацярпеў».

Свой жыцьцёвы шлях Зьміцер Жылуновіч скончыў у Магілёве ў мясцовай вар’ятні 11 красавіка 1937 году. На сымбалічным месцы ягонага пахаваньня сябры магілёўскай суполкі «Мартыралёг Беларусі» ў 1989 годзе ўсталявалі памятны знак. Працягвае ТБМавец Сяргей Дымкоў:

«У Магілёве ёсьць вуліца імя Андрэева, аднаго з арганізатараў масавых рэпрэсіяў. Варта гэтую вуліцу перайменаваць у прозьвішча адной з ахвяраў, Цішкі Гартнага, бо вуліцы Гартнага ці Жылуновіча ў Магілёве няма. Вось толькі на ўскрайку Пячэрскага лесапарку мэталёвы памятны знак».

Згадалі ТБМаўцы, як зьбіралі подпісы за наданьне адной з вуліц імя пісьменьніка. Чыноўнікі казалі, што хутка яна зьявіцца. Мінула два гады, а вуліцы Гартнага так і няма.

У 1910 годзе, працуючы ў Магілёве, Зьміцер Жылуновіч напісаў некалькі вершаў. Сёньня два дзясяткі сяброў суполкі ТБМ скончылі свае заняткі чытаньнем гэтых вершаў па чарзе.

«Я люблю гэты вобраз бясконца,
Тыя вёскі, балоты, гаі,
Бо радзіўся я ў гэтай старонцы і памру, мо, у гэтай зямлі».

Падчас занятку ў гуртку беларускай мовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG