Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі есьці і калі — навукоўцы разбураюць стэрэатыпы


Амэрыканскія ды аўстралійскія навукоўцы паставілі па сумнеў стэрэатыпнае меркаваньне адносна таго, што ўвечары есьці шкодна, а прымаць ежу малымі порцыямі нібыта карысна.

Як лічыць доктар Хізэр Лэйдэн з унівэрсытэту Місуры, чалавек, які ня хоча набіраць вагу, не памажнее ў тым выпадку, калі ня будзе зацыклены на думцы аб харчаваньні.

Лепшы тры разы пад’есьці добра, чым пяць — памалу

Так, паводле амэрыканскай дасьледчыцы, тры стандартныя прыёмы ежы на дзень спрыяюць схудненьню значна болей за папулярныя дыеты "малых порцый". Іншымі словамі, мажныя людзі, якія сядзяць на высокабялковай дыеце, менш думаюць пра ежу, калі зьядаюць паўнавартасныя сьняданак, абед і вячэру, а не перакусваюць па шэсьць разоў на дзень.

"Усе гэтыя малыя порцыі, пра якія столькі размоваў, не прыносяць шмат карысьці, калі справа даходзіць да кантролю за апэтытам. І, наадварот, аддаючы перавагу традыцыйнаму рацыёну, а не бялковай дыеце, людзі адчуваюць сябе куды больш сытымі ўвечары і ўначы, і, такім чынам, менш думаюць пра ежу", — кажа Хізэр Лэйдэн.

Тое самае тычыцца і адмовы есьці на ноч. Калі а дзясятай гадзіне вечара вы хочаце есьці, гэта значыць, што цягам дня вы проста не дабралі неабходных вашаму арганізму калёрый, перакананая дасьледчыца з унівэрсытэту Місуры.

Амэрыканскі адмыслоўца ў галіне харчаваньня Ашыму Кант, унівэрсытэцкі прафэсар
Калі а дзясятай гадзіне вечара вы хочаце есьці, гэта значыць, што вы проста за дзень не дабралі неабходных арганізму калёрый.
са штату Орэган, лічыць, што час прыёму ежы ня мае ніякага значэньня. Вырашальнае значэньне мае колькасьць калёрый. Пад кіраўніцтвам прафэсара было праведзена дасьледаваньне, у якім узялі ўдзел паўтары тысячы мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 18 да 50 гадоў. Палова зь іх належала да тых, хто рэгулярна есьць па вечарах, а другая палова — да тых, хто нічога ня есьць пасьля 18.00.

Пакуль доўжыўся экспэрымэнт, усе добраахвотнікі прымалі аднолькавую колькасьць калёрый. Высьветлілася, што вага аматараў перакусіць нанач ня стала большай за вагу тых, хто ўстрымліваўся ад вечаровага харчаваньня.

Прыкладна такія ж вынікі атрымалі орэганскія навукоўцы з унівэрсытэту аховы здароўя падчас дасьледаваньняў, якія праводзілі на малпах.

Як сьведчыць кіраўніца дасьледаваньня доктар Джудзіт Кэмэран, “некаторыя з нашых малпаў аддавалі перавагу харчаваньню позьнім вечарам або нават далёка за поўнач і яны набіралі вагу ніколькі не хутчэй за іншых асобінаў. Адпаведна мы зрабілі выснову, што залішняя вага і атлусьценьне ніяк не зьвязаныя з позьнімі вячэрамі”.

Адмаўляцца ад звычак хутчэй шкодна, чым карысна

Тое, што вы рэзка адмовіце сабе ў жыцьцёва важным задавальненьні, больш адмоўна адаб'ецца на вашым здароўе, імунітэце і настроі, чым няцяжкая позьняя вячэра, лічаць аўстралійскія дасьледчыкі з сыднэйскага ўнівэрсытэту.

Аматарам позна есьці, якія, аднак, жадаюць пры гэтым не мажнець і таксама не абцяжарваць свой страўнік, каб добра спаць, аўстралійскія навукоўцы раяць прытрымлівацца некалькіх простых правілаў.

Напрыклад, ужываць прадукты, якія параўнальна хутка засвойваюцца. Гэта могуць быць тушаная гародніна, морапрадукты ды бакал лёгкага сухога віна. Пасьля такой вячэры можна класьціся спаць ужо дзесьці праз гадзіну, паколькі такое віно ці сокі з гародніны засвойваюцца цягам 10-15 хвілін, а морапрадукты, гародніна і садавіна — цягам 1-й гадзіны.

Крыху даўжэй, цягам 1- 1,5 гадзін засвойваюцца кісламалочныя прадукты, яйкі і кашы.

Калі на вячэру ў вас была рыба, лепш класьціся спаць дзесьці праз 2 гадзіны. Птушка засвойваецца за 3 гадзіны, мяса — за 4.
XS
SM
MD
LG