Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не пайду на гэтыя выбары: там ужо ўсё падлічана”


Лукашэнка паабяцаў Захаду, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць сумленнымі і дэмакратычнымі. Як вы ставіцеся да гэтага абяцаньня? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Пакуль ня ведаю, але такое наўрад ці магчыма...»

Спадар: «Я ў гэта ня веру. Гледзячы толькі на Ярмошыну, калі яна гаворыць пра выбары, адразу ўсё становіцца зразумелым. З такім тварам, з такім сарказмам пра ўсё кажа. У яе толькі да аднаго кандыдата няма ніякіх пытаньняў, а ўсе астатнія... не існуюць».

Спадар: «Думаю, такое немагчыма, і перашкодаў кандыдатам будзе шмат. Цікава будзе назіраць, як яны гэтым разам будуць рабіць перамогу. Ён ніводнага абяцаньня свайго ня выканаў».

Спадарыня: «Ведаеце, нават не магу вам дакладна сказаць...»

Спадар: «Я думаю, што гэта ўсё няпраўда. Я ня веру яму. Таму што прэзыдэнт не павінен знаходзіцца пры ўладзе столькі, колькі ён знаходзіцца. Адбыў два тэрміны, як належыць згодна з Канстытуцыяй, і ідзі адпачывай. Такая мая думка, і ведаю, што яе шмат людзей прытрымліваецца. А што датычыць таго, як пройдуць выбары — ужо ўсе ведаюць, што 90% прагаласуюць за Лукашэнку».

Спадарыня: «Напэўна, верым. Калі абяцаюць, то верым...»

Спадар: «Выбары свабоднымі і дэмакратычнымі ня будуць. Ужо ўсё падлічана, і прэзыдэнтам будзе Лукашэнка. Ужо і няма чаго вам нават пра гэта пытацца. Ён ужо і подпісаў набраў больш за ўсіх, а ў мяне нават ніхто і не пытаўся — чаго я хачу. Але я і не пайду на гэтыя выбары. Там ужо ўсё падлічана, і так ня толькі я думаю. Так думаюць усе мае суседзі і тыя, хто разам са мной працуюць».

Спадарыня: «Наўрад ці так будзе. І перш за ўсё таму, што людзі яшчэ ўсяго баяцца...»

Спадар: «А як Лукашэнку верыць, калі ён ужо стаў такім, як Бог? А зараз яшчэ захоча, як пішуць у інтэрнэце, пажыцьцёва застацца. Так што ўсе будуць за яго...»
XS
SM
MD
LG