Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Кебіч: “Чарнамырдзін дапамагаў Беларусі чым толькі мог”


Пайшоў з жыцьця былы расейскі прэм’ер-міністар Віктар Чарнамырдзін. Ён быў уплывовым палітыкам, калярытнай асобай, майстрам афарызмаў. У яго былі асаблівыя адносіны да Беларусі. Як ацэньваюць ролю Чарнамырдзіна беларускія палітыкі і высокія службовыя асобы, зь якімі яму даводзілася мець справу ў якасьці кіраўніка ўраду?

Вячаслаў Кебіч
Экс-прэм’ер міністар Вячаслаў Кебіч добра ведаў свайго расейскага калегу, прычым кантактаваў зь ім ня толькі ў службовых справах, але і асабіста сябраваў. Ён кажа, што Віктар Чарнамырдзін падтрымліваў Беларусь у самыя цяжкія моманты. Калі на пачатку 1990-х Беларусь не магла існаваць як самастойная дзяржава, расейскі прэм’ер дапамагаў энэргетычнымі і газавымі рэсурсамі:

«Ён дапамагаў Беларусі чым толькі мог, і не патрабаваў ад Беларусі нічога наўзамен: ня ставіў ніякіх умоваў, не патрабаваў ніякіх кантактаў, ні ўступленьня ў Саюз. Тады пра гэта наагул не было ніякіх размоваў. Калі мы гаварылі пра адзіную рублёвую зону, не ішло гаворкі аб падпарадкаваньні адной дзяржавы другой. Гаворка ішла пра дзьве розныя дзяржавы… Гэта мой асабісты вельмі блізкі сябар, і для мяне ён застанецца вечна жывым, да канца майго жыцьця».

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір, які быў прэм’ер-міністрам у 1994-96 гадах, таксама згадвае бескарысьлівую дапамогу Чарнамырдзіна:

«Самае вялікае, што ён зрабіў для Беларусі — гэта тое, што запазычанасьць за газ, якая складала 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў, зь ягонай падачы была сьпісаная. Ён падтрымаў, а Ельцын падпісаў дакумэнты, і сьпісалі такую вялікую запазычанасьць у пачатку 1996 году. На той час 1 мільярд 200 мільёнаў былі вельмі вялікімі грашыма для нашай краіны. Для Расеі яны таксама не былі лішнія, але, улічваючы добрыя адносіны, узаемаразуменьне, запазычанасьць сьпісалі. Я гэта добра памятаю, і ведаю, як было…

Пра Чарнамырдзіна кажу ўсё самае лепшае, што наагул можна сказаць пра чалавека. Сустракаўся часта, добра ведаў. Рэдкай душы быў чалавек. Чарнамырдзін вельмі цікава, вельмі смачна гаварыў. На трапныя выразы ў яго дар нейкі быў. Шкада, вельмі шкада…»

У лістападзе 1996 году тагачасны прэм’ер-міністар Расеі Віктар Чарнамырдзін разам са сьпікерамі абедзьвюх палат Дзярждумы Генадзем Селязьнёвым і Ягорам Строевым прыяжджаў у Беларусь зь міратворчай місіяй — прымірыць парлямэнт і Аляксандра Лукашэнку. Гэты візыт і ролю расейскіх міратворцаў беларускія палітыкі ацэньваюць неадназначна.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін, кіраўнік фракцыі камуністаў у парлямэнце, сябра прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які быў відавочцам тых падзеяў, кажа:

«Тады пазыцыя расейскага боку была такая: яны выступалі за адно — каб быў вырашаны канстытуцыйны канфлікт паміж парлямэнтам і прэзыдэнтам мірным шляхам. І таму тое пагадненьне, якое было тады падпісана пры пасярэдніцтве расейскага боку, заключалася ў наступным: усе становяцца на тыя пазыцыі, на якіх яны знаходзіліся да таго, калі быў абвешчаны рэфэрэндум, і калі быў абвешчаны імпічмэнт Лукашэнку. Гэта быў вельмі разумны падыход. Бо, па-першае, тады палохала Расею, што пачнецца грамадзянская вайна. Тым больш, яны перажылі такі пэрыяд у сябе, калі быў канфлікт паміж прэзыдэнтам расейскім і парлямэнтам, які скончыўся кровапраліцьцем. Яны гэтага не хацелі дапусьціць. І ўсе гэтыя байкі, што яны стаялі на чыімсьці баку (ці то на баку парлямэнту, ці то на баку Лукашэнкі), ня маюць пад сабой ніякай падставы. На жаль, беларускі бок, многія прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, якія прагаласавалі раніцай у парлямэнце супраць гэтых пагадненьняў, тады разьвязалі рукі Лукашэнку. І Лукашэнка зьдзейсьніў канстытуцыйны пераварот. На жаль, гэта зрабілі самі беларусы. І сёньня ў гэтым абвінавачваць расейскі бок, у тым ліку, і Чарнамырдзіна, я лічу, абсалютна беспадстаўна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG