Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня апошні дзень фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. У Цэнтравыбаркаме кажуць, што зьвесткі пра гэты этап кампаніі пачнуць паступаць 4-га лістапада. Аднак апазыцыйныя лідэры цьвердзяць: тэндэнцыя ігнараваць вылучэнцаў ад дэмакратычных сілаў бачная на падставе першых вынікаў з асобных рэгіёнаў.

Менавіта ўчастковыя камісіі лічаць бюлетэні выбарцаў. І менавіта тут, як сьцьвярджаюць незалежныя назіральнікі, пачынаецца працэс фальшаваньня вынікаў выбараў. Прадстаўнікі апазыцыі сьцьвярджаюць, што ўлады цяпер намагаюцца зрабіць так, каб прысутнасьць вылучэнцаў ад апазыцыі была ва ўчастковых камісіях мінімальнай.
Лідэр АДС Анатоль Лябедзька

Гэтую тэзу Анатоль Лябедзька — старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якая вылучыла найбольшую колькасьць прэтэндэнтаў сярод апазыцыйных партыяў — падмацоўвае прыкладамі зь Менску:

"У нас ёсьць завершаная карцінка па Менску. Мы тут вылучалі 210 чалавек. Уключылі толькі 23. Прычым адну траціну зь іх — на закрытых участках (вайсковыя часткі, шпіталі і г.д), дзе, нават валодаючы мандатам сябра камісіі, немагчыма арганізаваць эфэктыўны кантроль.

Мы канстатуем, што ў сталіцы зафіксаваныя грубыя парушэньні заканадаўства. Напрыклад, адзін з кіраўнікоў адміністрацыі Ленінскага раёну сказаў нашаму прадстаўніку, што яны ня будуць уключаць у склад участковых камісіяў сябраў ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука. Гэта — нейкае самадурства. Атрымліваецца, што сябры ініцыятыўнай групы — людзі другога гатунку".

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына перакананая: прэтэнзіі ад партыяў наконт гэтага былі і будуць заўжды:

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

"Для таго, каб іх не было, трэба задаволіць усе заявы. А гэта немагчыма ў прынцыпе, паколькі заяваў болей за колькасьць месцаў у выбарчых камісіях. Значыць, абавязкова будуць і пакрыўджаныя. Я думаю, што ў прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў ёсьць падставы быць незадаволенымі вынікамі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Там заявы партый задаволеныя на 20%. Але калі параўноўваць гэта з выбарамі 2001 і 2006 гадоў, то можна казаць пра значны прагрэс. Тады прадстаўнікі апазыцыі ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў не ўваходзілі наагул".

Праўда, спадарыня Ярмошына не казала пра тое, што прадстаўнікі апазыцыі сёлета ў тэрытарыяльных камісіях складаюць менш за 1% ад агульнай колькасьці сябраў такіх камісіяў.

Ужо бачна, што, калі параўноўваць з апошнімі выбарамі, то, паводле старшыні ЦВК, будзе так званы значны прагрэс і ва ўчастковых камісіях. Бо ў 2006 годзе сярод 74 107 сябраў участковых выбарчых камісіяў былі толькі два апазыцыянэры — па адным ад АГП і БСДП (Грамада). А сёлета толькі ад адной АГП і толькі ў Менску — 23 прадстаўнікі.

Анатоль Лябедзька называе лёгіку старшыні ЦВК лёгікай "гульца ў напарсткі":

"Ён усё роўна вас абыгрывае, але кажа, што сёньня вы прайгралі меней, чым учора. І ніякія аргумэнты не прымаюцца, калі 95—98% прадстаўнікоў праўладных партыяў, напрыклад, камуністаў ці сацыяльных спартоўцаў, уключаюць у камісіі, а ў апазыцыі, наадварот, 90 і больш працэнтаў не ўключаюць.

Гэта — абсалютна няроўныя ўмовы. Гэта і блізка не падобна да стандартаў АБСЭ. Гэта — гульня ў лахатрон, гэта гульня ў напарсткі".

Усяго на месцы ў 6346 участковых выбарчых камісіях прэтэндавалі крыху больш за 84 тысячы чалавек. Апазыцыйныя партыі разам вылучылі 1073-ох прадстаўнікоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG