Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк адзначае Беларусь за паляпшэньне ўмоваў для бізнэсу


Сусьветны банк апублікаваў ужо сёмую сваю штогадовую справаздачу “Вядзеньне бізнэсу-2011”. Беларусь заняла 68-е месца з 183 краінаў, ахопленых справаздачай. Летась Беларусь была 64-я.

У справаздачы сьцьвярджаецца, што “найбольшых посьпехаў у стварэньні прыязных сыстэм нарматыўна-прававога рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці" дамагліся наступныя 10 краінаў:
  1. Грузія
  2. Руанда
  3. Беларусь
  4. Буркіна-Фасо
  5. Саудаўская Аравія
  6. Малі
  7. Кіргізстан
  8. Гана
  9. Харватыя
  10. Казахстан
У гэтых краінах, – гаворыцца далей у справаздачы, – за 5 гадоў былі праведзены больш за тузін рэформаў, якія ўлічваюцца ў дасьледаваньні “Вядзеньне бізнэсу”. “Некалькі з гэтых краінаў, у тым ліку Грузія, Руанда, Беларусь, Буркіна-Фасо, Кіргіская Рэспубліка, Харватыя і Казахстан, у папярэднія гады таксама былі ў ліку вядучых 10 краінаў-рэфарматараў”.

Адносна высокага месца Беларусі ў справаздачы ўтрымліваецца наступнае тлумачэньне:

“У Беларусі былі ўнесеныя папраўкі, якія рэгулююць дзейнасьць упраўляючых па справах аб неплацежаздольнасьці, і была ўзмоцнена абарона правоў крэдытораў пры правядзеньні працэдуры банкруцтва. Палепшыўся доступ да крэдыту за кошт спрашчэньня спосабу выкарыстаньня залогу ў якасьці мэханізму забесьпячэньня і вядзеньня працэдуры пазасудовага адчужэньня залогу ў выпадку невыкананьня абавязаньняў. Зьніжэньне падатку з абароту, адлічэньняў на сацыяльнае забесьпячэньне і базы падаткаў на ўласнасьць побач са сталымі намаганьнямі, якія заахвочваюць электронную падачу дэклярацый, палегчылі кампаніям працэс выплаты падаткаў і зьнізілі затраты на выплату падаткаў. Укараненьне электроннага дэкляраваньня экспарту ды імпарту паскорыла вядзеньне гандлю”.

Названыя таксама і галіны, паводле якіх Сусьветны банк вызначыў 68-е месца Беларусі ў сваім рэйтынгу “Вядзеньне бізнэсу”:

“Галіны рэформаў па рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці: ліквідацыя кампаніі, атрыманьне крэдытаў (юрыдычныя правы), падаткаабкладаньне, міжнародны гандаль”.

Месцы іншых суседзяў Беларусі ў справаздачы “Вядзеньне бізнэсу-2011” разьмеркаваліся наступным чынам:

Латвія – 24 (летась 27-я)
Літва – 23 (летась 26-я)
Польшча – 70 (летась 73)
Расея – 123 (летась 116-я)
Украіна – 145 (летась 147-я)

У межах справаздачы створаны і асобныя рэйтынгі. Напрыклад, рэйтынг краінаў, дзе ў апошнія 5 гадоў у 85-ці працэнтах эканомікі бізнэс стала весьці лягчэй. Такіх набралася 87 краінаў, Беларусь сярод іх займае 3-е месца.

Іншы прамежкавы рэйтынг справаздачы – “Дзе пачаць бізнэс найлягчэй”. У яго ўвайшлі ўсе 183, уключаныя ў справаздачу “Вядзеньне бізнэсу-2011”. Беларусь тут заняла 7-е месца. Першая дзясятка краінаў, дзе найлягчэй распачаць свой бізнэс, выглядае так:
  1. Новая Зэляндыя
  2. Аўстралія
  3. Канада
  4. Сінгапур
  5. Македонія
  6. Ган-Конг, Кітай
  7. Беларусь
  8. Грузія
  9. ЗША
  10. Руанда
Яшчэ адзін прамежкавы рэйтынг справаздачы – “Дзе найлягчэй зарэгістраваць уласнасьць”. Таксама ахопленыя 183 краіны. Беларусь – на 6-м месцы. Першая дзясятка:
  1. Саудаўская Аравія
  2. Грузія
  3. Новая Зэляндыя
  4. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
  5. Армэнія
  6. Беларусь
  7. Літва
  8. Нарвэгія
  9. Славацкая Рэспубліка
  10. Азэрбайджан
У некаторых з прамежкавых рэйтынгаў справаздачы Беларусь згадваецца і сярод найгоршых. Напрыклад рэйтынг адказнасьці дырэктараў прадпрыемстваў. Тут Беларусь увайшла ў дзясятку краінаў, дзе гэтая адказнасьць найменшая – яна займае 9-е месяца ззаду са 183-х.

Агулам у дасьледаваньні Сусьветнага банку “Вядзеньне бізнэсу-2011” ўтрымліваецца аналіз нарматыўных актаў, якія рэгулююць дзейнасьць прадпрыемстваў у краіне на працягу ўсяго іх жыцьцёвага цыклю, уключаючы стварэньне кампаніі, вядзеньне дзейнасьці, міжнародны гандаль, выплата падаткаў і ліквідацыя.

У справаздачы ня ўлічваецца шэраг фактараў, якія наўпрост уплываюць на ўмовы вядзеньня бізнэсу і вельмі істотныя для кампаній і інвэстараў. Гэта, напрыклад, бясьпека, макраэканамічная стабільнасьць, карупцыя, узровень кваліфікацыі і трываласьць фінансавых сыстэмаў.
XS
SM
MD
LG