Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы атрымалі палёгку на 500 тысяч рублёў


Барыс Бухель
Барыс Бухель
Калегія Магілёўскага абласнога гаспадарчага суду зьменшыла на 500 тысяч рублёў камунальныя даўгі Магілёўскага праваабарончага цэнтру. Камунальнікі праз суд намагаюцца спагнаць з праваабаронцаў 13 мільёнаў 658 тысяч рублёў запазычанасьці за арэнду сядзібы.

У жніўні гаспадарчы суд прызнаў прэтэнзіі пазоўнікаў абгрунтаванымі і абавязаў праваабарончы цэнтар сплаціць доўг. Праваабаронцы, у сваю чаргу, абскардзілі прысуд, бо іхняя арганізацыя, як яны даводзяць, займаецца гуманітарнай дзейнасьцю, а значыць, мае права на палёгку ў аплаце арэнды.

Калегія Магілёўскага абласнога гаспадарчага суду зьвярнулася ў Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці з запытам, ці зьяўляецца Праваабарончы цэнтар гуманітарнай арганізацыяй.

Праваабаронца Барыс Бухель: "Дэпартамэнт ня даў адназначнага адказу. З адказу вынікае, што ў заканадаўстве няма дакладных фармулёвак і крытэраў вызначэньня гуманітарнай дзейнасьці арганізацыяў у Беларусі. Фактычна суд на свой запыт адказу не атрымаў. Свой вырак ён сфармуляваў на падставе свайго разуменьня гуманітарнай дзейнасьці. Суд, аднак, унёс некаторыя зьмены ў налічэньне нам доўгу ў бок зьмяншэньня — прыкладна пяцьсот тысяч. Плаціць мы ня будзем, бо няма з чаго. Будзем абскарджваць і вырак калегіі".

Праваабаронцы аплачвалі арэнду паводле льготных расцэнак. Пра прэтэнзіі камунальнікаў, як яны сьцьвярджаюць, даведаліся напярэдадні суду, які адбыўся 10 жніўня. Недаплату камунальнікі вылічылі ад 24 красавіка 2008 году.

Пакуль праблемаў зь сядзібай у Праваабарончага цэнтру няма. Новы ўласьнік ня супраць таго, каб няўрадавая арганізацыя плаціла за арэнду памяшканьня паводле паніжаных расцэнак.

Магілёўскі праваабарончы цэнтар утвораны ў 1998 годзе. Ён бясплатна аказвае юрыдычную й прававую дапамогу насельніцтву. Ад 2006 году арганізацыя ўваходзіць у камісію пры ўпраўленьні юстыцыі аблвыканкаму па назіраньні за месцамі пазбаўленьня волі ў рэгіёне. Камісію ачольвае сябра праваабарончага цэнтру. Няўрадавая арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG