Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Гэта ўсё роўна, што вылучыць кандыдатамі пастуха са Шклова ды падвозчыка кармоў з Астраўца"


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 3 лістапада 2010 году

Якія настроі пануюць сёньня, за паўтара месяца да прэзыдэнцкіх выбараў, у беларускай вёсцы? Як вясковыя жыхары ацэньваюць зьмены, што адбыліся ў калгаснай сыстэме за мінулыя паўтара дзясятка гадоў? Ці вераць у выратавальную сілу аграгарадкоў, з дапамогай якіх улада намагаецца спыніць татальную дэградацыю вёскі?

Адказы на гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуе даць у сваім лісьце на "Свабоду" Алесь Раткевіч з Маладэчанскага раёну, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:

"Людзям у вёсцы ў першую чаргу патрэбны грошы, а таксама школы, лазьні і ўсё іншае, што перабудоўшчыкі і адраджэнцы зруйнавалі. І не катэджы трэба будаваць, а адрамантаваць цагляныя шматкватэрнікі, якія без жыхароў прышлі ў заняпад і якія яшчэ маюць вельмі прыстойны і сучасны вонкавы выгляд. А зэканомленыя такім чынам сродкі — на заробак ды на разьвіцьцё гаспадаркі. А інакш хто паедзе ў адсталую гаспадарку з цудоўнымі катэджамі, у якой не адчуваецца ніякіх зрухаў у лепшы бок? Алькаголікі і тыя не затрымліваюцца там, дзе не працуюць і наагул зруйнаваліся ад безгаспадарлівасьці лазьні, бібліятэкі, крамы, ФАПы, клюбы, школы! Шмат палёў, якія раней апрацоўваліся, цяпер зарастаюць пустазельлем, баршчавіком, хмызьняком. Каб менш было турбот, у гаспадарках павысякалі сады (у нас у Лукаўцы — каля 30-ці гектараў!)

Цяперашнія кіраўнікі нешта спрабуюць рабіць, але іх намаганьні чамусьці прыносяць больш шкоды, чым карысьці.

Вось возьмем Хаценчыцкі сельсавет Вілейскага раёну. На яго тэрыторыі дзьве так званыя "аграфірмы" — "Карпавічы" і "Лукавец". У 90-х гадах тут пражывала каля трох з паловай тысяч чалавек. А цяпер — паўтары тысячы, у асноўным пэнсіянэры. Усьлед за жыхарамі адмірае і само жыцьцё вёсак. Тут раней была бальніца (цяпер няма), паліклініка (зьнікла), паўдзясятка ФАПаў (засталіся тры), каля дзясятка клюбаў (засталіся тры); каля гэтага было і бібліятэк (цяпер толькі дзьве), больш за дзясятак крамаў (цяпер чатыры). А самае галоўнае і самае жудаснае, што ад добрага дзясятка школ засталася толькі Хаценчыцкая сярэднеадукацыйная школа", —піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Алесь Раткевіч з Маладэчанскага раёну. — "У ёй цяпер 60 вучняў. Першы, другі і трэці клясы наагул адсутнічаюць, таму што вучыць ужо няма каго. Праз год, самае вялікае праз тры і гэтую, апошнюю школу у Хаценчыцкім сельсавеце вымушаны будуць зачыніць. А сьледам за школай зьнікне і сельсавет, бо насельніцтва амаль не застанецца.

Чаму мясцовая ўлада ўсяго гэтага не ўсьведамляе, нічога ня робіць, каб ратаваць вёску? Дзяржаўныя сродкі, якіх так не хапае, на мой погляд, проста разбазарваюцца. Прыклад таму: на рамонт будынка сельсавету было патрачана ў гэтым годзе каля двухсот мільёнаў беларускіх рублёў. У Лукаўцы за такія грошы магчыма было б адрамантаваць вялікую колькасьць кватэр у шматкватэрніках. Гэта было б цудоўным і танным жытлом для ахвотных зьвязаць свой лёс зь вёскай. Але тут рашылі інакш. Дзьвесьце мільёнаў на рамонт будынка сельсавету, які знаходзіўся яшчэ ў добрым стане, і мільярды на катэджы, ды яшчэ невядома для каго. Хто сюды прыедзе і на які час? Чым калгас зможа зацікавіць тых людзей? Ці пагодзяцца яны за мізэрны заробак адбудоўваць зруйнаванае?

Якое можна знайсьці апраўданьне ўсяму гэтаму? Хто па-сапраўднаму возьмецца і ўзваліць на сябе такую адказнасьць, каб адрадзіць страчанае? Пакуль што такіх ня бачна. Затое да ўлады ўсе імкнуцца, як мухі да мёду. І ні адзін не адказаў канкрэтна, як калгасы зь бездані выцягваць і за кошт чаго шматмільярдныя крэдыты аддаваць?

А галасы свае народ цяпер, мабыць, нікому аддаваць ня будзе, бо ня бачыць вартых! Адны давер народны страцілі, а другія яшчэ яго не здабылі"
.

Уразіла мяне, спадар Алесь, фраза пра тое, што, як вы пішаце, "школы, лазьні і ўсё іншае на вёсцы перабудоўшчыкі ды адраджэнцы зруйнавалі". І калі ж, цікава, яны пасьпелі ўчыніць гэты разгром? На пачатку 90-х? Але нават тады рэальная выканаўчая ўлада ў Беларусі заставалася ў руках камуністычнай і посткамуністычнай намэнклятуры, якая рукамі і зубамі трымалася за калгасную сыстэму. Ды вы ж і самі прызнаяце: яшчэ ў 90-я гады ў вёсках, якія вы добра ведаеце, і працоўныя рукі заставаліся, і школы працавалі, і бальніцы, і клюбы... Дык хто ўсё ж вінаваты ў заняпадзе, які асабліва імклівым, фатальным зрабіўся на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя? Хто вызначаў палітыку ў Беларусі ў гэты час? Хто абмяжоўваў прыватную ініцыятыву, не даваў свабоды фэрмэрам, не перадаваў зямлю ў прыватныя рукі і як заклінаньне паўтараў, што фэрмэр вёску не ўратуе, а чапаць калгасы ён нікому не дазволіць?.. Неяк дзіўна, спадар Алесь, што віну за гэтую татальную дэградацыю вёскі вы ў аднолькавай ступені ўскладаеце і на тых, хто ўвесь гэты час уладу меў, і на тых, хто ніякім чынам на аграрную палітыку дзяржавы ўплываць ня мог.

Наступны ліст даслаў нам Антось Верціхоўскі з Полацку. Разважаючы аб прычынах канфлікту паміж Аляксандрам Лукашэнкам і гаспадарамі маскоўскага Крамля, слухач піша:

"Лукашэнка сваім хітрым балянсаваньнем і непрызнаньнем Асэціі ды Абхазіі раззлаваў Крэмль. Да таго ж ён занадта доўга выкарыстоўваў Расею як дойную нафтагазавую карову. Такое не магло цягнуцца вечна. Але ці зьбіраецца Масква мяняць Лукашэнку на кагосьці іншага? Пакуль што гэтага ня бачна. Прэм'ер Пуцін — дасьведчаны спэцслужбіст. Ён разумее: калі зараз Расея падтрымае нейкага аднаго кандыдата, то вельмі хутка гэты кандыдат будзе нэўтралізаваны. Дый увогуле, падрыхтаваць за такі сьціслы час каляровую рэвалюцыю — немагчыма. Лукашэнка — моцны арэшак. Але пачакаем — паглядзім, як будуць разгортвацца падзеі. Пакуль сапраўды прарасейскага кандыдата ня бачна. Някляеў — гэта ня пробны шар Расеі на гэтых выбарах. Гэта — маленькі пробны шарык. І ўвогуле, беларускаму паэту рэнамэ прарасейскага кандыдата зусім не пасуе.

Лічу, гэтыя выбары для Лукашэнкі могуць быць апошнімі ўдалымі выбарамі ў ягонай палітычнай біяграфіі"
.

Гэтую думку — наконт таго, што сёлетнія прэзыдэнцкія выбары могуць стаць апошнімі ў палітычнай біяграфіі Лукашэнкі — падзяляюць многія экспэрты, палітолягі, палітыкі. Гавораць і пішуць пра стомленасьць беларускага грамадзтва палітыкаю Лукашэнкі, пра цяжкую эканамічную паласу, якая чакае Беларусь у бліжэйшыя гады, пра безнадзейна сапсаваныя стасункі Лукашэнкі зь Мядзьведзевым і Пуціным. Пры гэтым, аднак, амаль ніхто не ўскладае надзеі на тое, што зьмена ўлады ў Беларусі адбудзецца ў выніку сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў.

На адсутнасьць адзінства ў асяродзьдзі апазыцыі перад выбарамі наракае Васіль Завадзкі з Маладэчна. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Кандыдатаў ад апазыцыі вельмі шмат, але які з таго толк? Просты народ іх ня ведае. Гэта ўсё роўна, што вылучыць кандыдатамі пастуха са Шклова ды падвозчыка кармоў з Астраўца. Вось калі б былі ў бюлетэні прозьвішчы Казуліна альбо Мілінкевіча — гэта іншая справа. Народ іх ведае. Але, напэўна, і яны разумеюць, што гэта за выбары. Навошта час марнаваць?

Лукашэнка як быў прэзыдэнтам, так і застанецца. Апазыцыя разгромлена. Згуртаваліся б яны ў адну партыю — можа, і была б гэта рэальная сіла. А то настваралі розных партый — я нават за назвамі іх не магу ўсачыць. І сьмех, і грэх. Не магу зразумець, навошта іх столькі.

Мне ўжо 80 год. Зрок слабы, не дапамагаюць нават акуляры. Чытаць ужо не магу. Ведаю, што "Свабода" выпусьціла дыск з запісам успамінаў Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому". Быкаў — вялікая асоба, гонар Беларусі. Мы ўсе павінны дзякаваць Богу, што паслаў такога чалавека нашай нацыі. У мяне шмат твораў Васіля Быкава. Ёсьць і "Доўгая дарога дадому". Але чытаць ужо ня здолею. Хацелася б перад сьмерцю паслухаць голас і радкі з кнігі гэтага вялікага чалавека"
.

Пра тое, што дзеля перамогі трэба аб'яднацца, што без адзінага кандыдата на роўных супрацьстаяць на гэтых выбарах дзейнай уладзе бессэнсоўна — апазыцыйныя палітыкі ведаюць. Іх шматкроць з розных бакоў папярэджвалі пра гэта і ўпрошвалі дамовіцца паміж сабой. Але палітычныя амбіцыі — настолькі магутная сіла, што часам прымушае ня верыць у відавочнае ды ігнараваць бясспрэчнае...

Цяпер — што да просьбы наконт аўдыёдыска з успамінамі Васіля Быкава ў аўтарскім чытаньні. Падобныя лісты мы атрымліваем і ад многіх іншых нашых слухачоў. Вось што піша, напрыклад, Алег Даўгала з Гомелю:

"Дзякуй вам за ўсё, што вы робіце. Слухаю вас кожны дзень — і дома, і на дачы. Вы гаворыце пра іншую Беларусь — сапраўдную, якая жыве, змагаецца за лепшую будучыню.

Мне хутка 71 год. Зь дзяцінства жыву ў Гомелі. У літаратуры і мастацтве мяне заўсёды цікавіла тэма вайны, якую таленавіта раскрыў у сваіх творах Васіль Быкаў. Мой бацька 1894-га году нараджэньня ваяваў на працягу ўсяго свайго жыцьця: удзельнічаў у Першай і Другой усясьветных войнах, партызаніў, браў у рукі зброю і ў грамадзянскую. Шмат расказваў пра той час.

Буду вельмі ўдзячны, калі знойдзеце магчымасьць даслаць успаміны Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому"
.

І яшчэ адзін ліст-просьба — ад Анатоля Людчыка зь Ліды. Слухач піша:

"Калісьці даўным-даўно трапіла мне ў рукі кніга Васіля Быкава на рускай мове. Раней я гэтага пісьменьніка ня ведаў. Пачаў чытаць — і ня мог адарвацца. Уразіла, што пра вайну аўтар пісаў зусім ня ў тым стылі, да якога мы ў той час прывыклі. У ягоных кнігах — сапраўднае жыцьцё, пакуты і боль чалавека, яго сумневы, расчараваньні і роздум.

У вашых перадачах гучалі ўспаміны Васіля Быкава ў аўтарскім чытаньні. Гэта вельмі ўразіла — ведаючы, што вялікага пісьменьніка ўжо няма сярод нас"
.

І вы, шаноўныя слухачы, чые лісты-просьбы сёньня прагучалі, і многія іншыя сябры "Свабоды" — аўтары цікавых допісаў, успамінаў, водгукаў — неўзабаве атрымаеце аўдыёдыск з голасам Васіля Быкава па пошце — у якасьці падарунка ад Радыё Свабода.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG