Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальная справа па выбуху на "Пінскдрэве" перададзеная ў Генпракуратуру


Генэральная пракуратура Беларусі прыняла да вытворчасьці крымінальную справу па факце выбуху на заводзе "Пінскдрэў-ДСП".

Матэрыялы справы, заведзенай паводле артыкулаў аб парушэньні правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бясьпекі на выбухованебясьпечных прадпрыемствах, перададзеныя ў Генпракуратуру з пракуратуры Берасьцейскай вобласьці, якая дагэтуль праводзіла расьсьледаваньне.

Начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Генпракуратуры Пётра Кісялёў паведаміў БелаПАНу, што 25 кастрычніка на месца здарэньня выяжджала брыгада сьледчых Генэральнай пракуратуры, а таксама спэцыялісты-выбухатэхнікі МУС. Яны ўдзельнічалі ва ўсіх сьледчых мерапрыемствах, аглядзе месца здарэньня.

Паводле дадзеных Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, магчымая прычына здарэньня — "выбух драўнянага пылу ў выніку парушэньня рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня".

У Савеце бясьпекі Беларусі створана камісія па расьсьледаваньні прычын здарэньня, якая 15 лістапада павінна далажыць вынікі расьсьледаваньня.

Уласную камісію па расьсьледаваньні прычын трагедыі стварыла і кіраўніцтва кампаніі "Пінскдрэў".

Выбух у цэху ДВП канцэрну "Пінскдрэў" здарыўся 25 кастрычніка.

Загінулі 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску.

3 лістапада свае спачуваньні выказаў Аляксандар Лукашэнка. Аднак нацыянальная жалоба ў Беларусі не абвешчаная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG