Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пасяджэньні выбарчага штабу Міколы Статкевіча прааналізавана сытуацыя, якая склалася ў выбарчай камісіі Фрунзенскага раёну Менску вакол здадзеных падпісных лістоў.

"Мы прыйшлі да высновы, што існуе рэальная верагоднасьць падлогу — замены маіх падпісных лістоў на ксэракопіі. Мы атрымалі па сваіх каналах інфармацыю, што ў Фрунзенскай раённай выбарчай камісіі, дзе няма, дарэчы, дэмакратычных прадстаўнікоў, прынятае рашэньне накіраваць мае падпісныя лісты на экспэртызу, каб праверыць, ці не зьяўляюцца яны ксэракопіямі", — распавёў Мікола Статкевіч.

2 лістапада ён пабываў у гэтым выбаркаме і запатрабаваў тлумачэньняў.

"Яны пацьвердзілі і сказалі, што на маіх падпісных лістах ёсьць запісы чорнымі гелевымі ручкамі, што не зьяўляецца парушэньнем закону, але яны вырашылі гэтыя лісты праверыць. Я запатрабаваў прад'явіць мне мае падпісныя лісты, каб пераканацца, што яны не ксэракапіяваныя тут, у выбарчай камісіі. Мне іх паказалі, і на момант 13.30 гадзін 2 лістапада сьведчу, што падпісныя лісты былі сапраўдныя. Але зьдзіўляе, чаму іх накіроўваюць на экспэртызу, бо там добра бачна, што яны сапраўдныя. Мы ня бачым іншага лягічнага тлумачэньня адпраўленьня лістоў на экспэртызу, як магчымасьць падлогу", — патлумачыў Мікола Статкевіч.

Ён запатрабаваў дазволіць падпісацца на кожным зь лістоў, аднак камісія гэтага не дазволіла. Спадар Статкевіч заявіў, што калі будзе спроба падлогу і нейкае рашэньне экспэртызы, што, маўляў, хоць адзін з гэтых лістоў зьяўляецца ксэракопіяй, яго штаб будзе патрабаваць зьняць адбіткі пальцаў з гэтых лістоў і параўнаць іх з адбіткамі пальцаў сябра ініцыятыўнай групы, які здаваў і лічыў гэтыя лісты ў камісіі.

"Мы лічым верагоднасьць падлогу рэальнай, бо я зьяўляюся найбольш нязручным з кандыдатаў у прэзыдэнты для спадара Лукашэнкі", — адзначыў спадар Статкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG