Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка называў яго “Віця”


Віктар Чарнамырдзін і Вячаслаў Кебіч. Менск, ліпень 1994. Фота С. Грыца.
Віктар Чарнамырдзін і Вячаслаў Кебіч. Менск, ліпень 1994. Фота С. Грыца.

У Віктара Чарнамырдзіна былі асаблівыя адносіны зь Беларусьсю і з кіраўнікамі адноўленай дзяржавы.

У 1993 годзе, калі Крэмль усё больш актыўна праводзіў палітыку эканамічнага ціску на Беларусь, прэм’ер-міністар РФ Чарнамырдзін паабяцаў тагачаснаму прэм’еру Вячаславу Кебічу аб’ядннаць беларускую фінансавую сыстэму з расейскай. Замест таго, каб праводзіць рынкавыя эканамічныя рэформы, Кебіч паспрабаваў “прадаць” ідэю ўвядзеньня расейскага рубля, і гэта мела пэўны эфэкт у ашаломленага ад гіпэрінфляцыі насельніцтва.

На перамовы з Чарнамырдзіным Кебіч узяў свайго дарадцу па аграрных пытаньнях дэпутата Лукашэнку. Магчыма таму, што да сіласу і надояў гаворка не дайшла, а можа, перамовы былі занадта канфідэцыйныя – але ў кабінэт да Чарнамырдзіна Лукашэнка не дабраўся і быў вымушаны бавіць час у прыёмнай. Затое празь некалькі месяцаў, на прэзыдэнцкіх выбарах, Лукашэнка прыпомніў крыўду і заявіў, што менавіта ён зробіць тое, праваліў Кебіч – увядзе расейскі рубель.


Прэзыдэнцкая кампанія і Кебіча, і Лукашэнкі будавалася на спрэчцы – хто хутчэй аб’яднае Беларусь з Расеяй.
Прэзыдэнцкая кампанія і Кебіча, і Лукашэнкі будавалася на спрэчцы – хто хутчэй аб’яднае Беларусь з Расеяй.

Чарнамырдзін даў зразумець, што хутчэй гэта зробіць Кебіч.

Паміж першым і другім турамі, у пачатку ліпеня 94-га, Чарнамырдзін прыляцеў у Менск падтрымаць беларускага калегу. Тады і быў зроблены Сяргеем Грыцам знакаміты фотаздымак – два прэм’еры цалуюцца ў “мэрсэдэсе”. Здымак надрукаваў Ігар Гермянчук у “Свабодзе”. Здаецца, гэта была адзіная газэта, якая паведаміла, што ў той самы дзень (праўда, каротка і без пацалункаў) Чарнамырдзін сустрэўся і зь іншым кандыдатам у прэзыдэнты – з Лукашэнкам; асабістыя сымпатыі – гэта адно, а інтарэсы Масквы – вышэйшыя.

Увогуле, здольнасьць падаўляць асабістыя пачуцьці ў імя палітычных інтарэсаў Чарнамырдзін у стасунках з Лукашэнкам выявіў па максымуму.

Пасьля першай жа сустрэчы з новаабраным прэзыдэнтам Чарнамырдзін быў разьюшаны “Віцем мяне, акрамя жонкі, даўно ўжо ніхто не называў...”

Можна ўявіць, як быў абражаны чалавек, які апошнія трыццаць гадоў - і на пасадзе ў ЦК КПСС, і ў крэсьле кіраўніка найбуйнейшай газавай карпарацыі сьвету, і ў кабінэце міністра - прызвычаіўся да піітэту. Але крыўду Чарнамырдзін пакінуў пры сабе.

І калі ў лістападзе 1996 году хворы Барыс Ельцын накіраваў яго ў Менск ратаваць Лукашэнку ад імпічмэнту – ён разам зь Селязьнёвым і Строевым паляцеў у Беларусь.


Менавіта Чарнамырдзін прымусіў Шарэцкага і Ціхіню падпісаць “начное пагадненьне”.
Слова “ратаваць” у тым выпадку – не перабольшаньне. Пазьней Сямён Шарэцкі распавядаў, што некалькі генэралаў паабяцалі арыштаваць Лукашэнку адразу пасьля імпічмэнту. “Яны абяцалі даставіць мне яго ў кайданках”, – хваліўся Шарэцкі.

Але менавіта Чарнамырдзін прымусіў Шарэцкага і Ціхіню падпісаць “начное пагадненьне”, якое скасоўвала працэдуру імпічмэнту. Як ён гэта зрабіў – пакінем мэмуарыстам (акрамя Шарэцкага, які ў ЗША, Ціхіні, які адмаўляецца размаўляць з журналістамі, і Карпенкі, які ў іншым сьвеце – у памяшканьні быў і Сяргей Калякін).

Сёньня, у дзень сьмерці Чарнамырдзіна, маскоўскія палітыкі гавораць пра ягонае адданае служэньне Расеі. Гэта – праўда. Ды толькі вось служба гэтая была не на карысьць беларускай незалежнасьці.

... У красавіку 2006 г. у Кіеве я паспрабаваў давесьці Чарнамырдзіну, што Беларусь і Расея – асобныя дзяржавы.

“Не выдумляй!” – параіў Віктар Сьцяпанавіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG