Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: абласны суд спыніў пазоў жонкі палітыка да міліцыі


Ларыса Варонежцава

Ларыса Варонежцава

Калегія грамадзянскіх спраў Гомельскага абласнога суду прызнала неабгрунтаваным пазоў Ларысы Варонежцавай, жонкі гомельскага палітыка Юрыя Варонежцава, да міліцыі на вяртаньне асабістых рэчаў і 4700 даляраў, адабраных сёлета ў траўні падчас ператрусу.

Спадарыня Варонежцава паскардзілася ў абласны суд, што судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Аркадзь Калугін вырашыў прыпыніць разгляд пазову да ўправы дазнаньня УУС Гомельскага аблвыканкаму. Гэта было матывавана тым, што ў Менску яшчэ не разгледжана крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 250 Крымінальнага кодэксу — распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары й паслугі. Па гэтай справе праводзіліся ператрусы ў актывістаў кампаніі "Гавары праўду", у тым ліку і ў кватэры Варонежцавых. У яе межах, згодна з судовай пастановай, і павінен вырашацца лёс адабраных падчас ператрусаў рэчаў і грошай.

Абласны суд паправіў раённага судзьдзю. Апошні нібыта наагул ня меў законных падстаў прымаць да разгляду пазоў Варонежцавай да ўправы дазнаньня УУС. Скардзіцца на дзеяньні міліцыі ў межах дасьледаваньня крымінальнай справы можна толькі ў пракуратуру. А паколькі пракуратура ня ўгледзела нейкіх парушэньняў падчас правядзеньня ператрусаў, то й пазоваў ніякіх быць ня можа.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які прысутнічаў пры разглядзе касацыйнай скаргі Варонежцавай, лічыць, што паводле Грамадзянскага кодэксу кожны мае права ў любы час запатрабаваць праз суд уласныя рэчы з чужога незаконнага валоданьня. І ніякіх абмежаваньняў заканадаўства тут не прадугледжвае.
XS
SM
MD
LG