Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У чым хацеў ісьці пад вянец, у тым пайшоў у іншы сьвет"


Сяргей Тарэлка

Сяргей Тарэлка

Выбух 25 кастрычніка ў цэху ДВП канцэрну "Пінскдрэў" забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. "Свабода" працягвае цыкль рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем'яў ахвяраў пінскай трагедыі.




Тарэлка Сяргей Мікалаевіч (1985—2010 гг.)


Адзін з наймаладзейшых загінулых падчас выбуху на ЗАТ "Пінскдрэў" — Сяргей Тарэлка. Яму б споўнілася дзявятага лістапада толькі 25 гадоў. Распавядае маці Раіса Рыгораўна:

"У мяне два сыны, паміж імі год толькі розьніцы. Але вось менавіта ён, малодшы, быў вядучы. Нам ніколі нічога ня падала зь неба. Я была ў сям'і за маці, а ён быў нібыта за бацьку — вось такое ў мяне было дзіця".

Працаваў Сяргей Тарэлка электрыкам. Завочна вучыўся ў Пінскім індустрыяльна-пэдагагічным тэхнікуме. Заканчваў яго. Захапляўся і ведаў кампутарную тэхніку. Адначасова знаходзіў час дапамагаць сваёй бабулі, якая жыве ў вёсцы Дамашыцы:

"Гадаваліся яны бяз бацькі. Яму было б 25 гадоў дзявятага лістапада. Зьбіраўся ажаніцца", — кажа бабуля Соф'я Іванаўна. І тлумачыць, чаму цяпер унук пахаваны на вясковых могілках побач зь дзедам:

"Дзед яго вельмі любіў. Яшчэ малых заахвочваў да працы, вучыў яе выконваць, касіць, як рабіць усялякую іншую працу".

Вяскоўцы таксама кажуць добрае пра Сяргея:
Была ў яго дзяўчына, зьбіраўся зь ёй ажаніцца. Але не пасьпеў". ...

Спадар: "Харошы хлопец такі, самастойны. Была ў яго дзяўчына, зьбіраўся зь ёй ажаніцца. Але не пасьпеў".

Спадарыня: "Працавіты. Выхоўваўся тут, ля дзеда з маленства. Добры хлопец".

Памёр Сяргей у пінскай лякарні, на пяты дзень пасьля выбуху. Апёкамі было пакрыта ўсё цела. Пахавалі яго ў тым шлюбным гарнітуры, які выбіралі разам зь нявестай. Маці ў адчаі:

"У чым ён хацеў ісьці пад вянец, у тым пайшоў у іншы сьвет. Вось як распарадзіліся, ня ведаю хто — Бог, лёс, выпадак, халатнасьць начальства... Хто мне зараз верне сына? Чаму, зь якой прычыны я не дачакалася ўнукаў? Хто мне адкажа на гэта?.."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG