Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў менскім міжнародным адукацыйным цэнтры адкрываецца беларуска-нямецкая сустрэча “Менскі форум” на тэму “Беларусь і Эўразьвяз пасьля крызісу: выклікі і шанцы ў сфэрах палітыкі, эканомікі і грамадзтва”. З гэтай нагоды ў Менск прыяжджае кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Нямеччыны, фэдэральны міністар па асаблівых даручэньнях Рональд Пофала.

Пасьля міністраў замежных справаў Польшчы і Нямеччыны Радаслава Сікорскага і Гіда Вэстэрвэле ў Менск прыбывае адзін з самых галоўных міністраў нямецкага ўраду Рональд Пофала. Ён мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель ухваліла гэты візыт спадара Пофалы і ўдзел у “Менскім форуме”.

Дарадца-пасланьнік амбасады Нямеччыны Пэтэр Дэтмар адзначыў:

“Мы спадзяемся, што візыты абодвух міністраў паспрыяюць ня толькі новаму прагрэсу ў дачыненьнях паміж Нямеччынай і Беларусьсю, але і ў стасунках Беларусі з Эўразьвязам. Мы, прадстаўнікі амбасады, з надзеяй назіраем за сытуацыяй і чакаем, што перамовы і прысутнасьць абодвух міністраў прывядуць да станоўчых вынікаў для абодвух бакоў".

Старшыня “Менскага форуму” доктар Райнэр Лінднэр адзначыў, што "Менскі форум", які праводзіцца ўжо 13-ы раз, гэта сёлета добрая магчымасьць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў "абмеркаваць напружаныя пытаньні палітычнага, эканамічнага і грамадзкага характару". У тым ліку дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам і Расеяй. Паводле спадара Лінднэра, супрацоўніцтва аб’яднанай Эўропы зь Беларусьсю будзе залежаць ад правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў:
Просьба да Брусэлю ня ўвязваць вынікі выбараў і пытаньне візаў...


“Таксама абмяркоўваецца пытаньне візавага рэжыму і чакаецца яго спрашчэньне, перагляд гэтага рэжыму. І просьба да Брусэлю ня ўвязваць вынікі выбараў і пытаньне візаў. Бо спрашчэньне візавага рэжыму – гэта для насельніцтва Беларусі, для любога чалавека ў гэтай краіне. Бо ў тым, як праводзяцца выбары, не вінаватыя выбарцы”.

Кіраўнік Менскага форуму Райнэр Лінднэр дэманструе слоўнік
Адной з падзеяў “Менскага форуму” стане прэзэнтацыя беларуска-нямецкага слоўніка на 70 тысяч словаў і выразаў, які выйшаў накладам тысяча паасобнікаў. Спадар Лінднэр сказаў, што паспрабуе атрымаць пацьверджаньне Міністэрства адукацыі Беларусі, што слоўнікам будуць карыстацца ў навучальных установах. Адзін зь яго аўтараў Лявон Баршчэўскі паведаміў, што праца над слоўнікам пачалася ў 1992 годзе і ў апошні час ён быў дапоўнены сучаснай эканамічнай лексыкай. Слоўнік надрукаваны з дапамогай нямецкага боку:
На жаль, беларуская дзяржава гэтымі рэчамі не цікавіцца...


“Гэта базавы слоўнік. Кожнае наступнае перавыданьне можна дапрацоўваць, папраўляць. Але ўжо ёсьць база, слоўнік беларуска-нямецкі, які будзе шмат гадоў выкарыстоўвацца і служыць. На жаль, беларуская дзяржава гэтымі рэчамі не цікавіцца. І ніякага ўкладу яна не рабіла”.

На вокладцы слоўніка два сьцягі: нямецкі і нацыянальны беларускі – бел-чырвона-белы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG