Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: Я быў за тое, каб вылучыць адзіным Мілінкевіча


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Алесь Міхалевіч лічыць, што апазыцыйным прэтэндэнтам “ня трэба выбіраць адзінага кандыдата". "Лічу, што сёньня адзіны кандыдат не патрэбны. Варта было вызначыцца зь ім 2—3 гады таму. Але спрабаваць зьляпіць вобраз кандыдата ад апазыцыі, які задаволіць усіх, ужо надта позна", — гаворыцца ў заяве Міхалевіча, перададзенай у агенцтва Інтэрфакс.

На думку палітыка, нават пры шырокай падтрымцы ніхто з заяўленых кандыдатаў, у тым ліку і ён сам, ня здолее набраць у першым туры больш за 50% галасоў. "Некалькі кандыдатаў, якія дзейнічаюць разам і арыентуюцца на розныя слаі насельніцтва — маюць шанец сабраць у сукупнасьці больш за палову галасоў", — адзначае А. Міхалевіч. Пры гэтым "выхад наймацнейшага ў другі тур аўтаматычна падыме яго на новую прыступку і можа зьмяніць настроі грамадзтва".

Алесь Міхалевіч
быў госьцем Начной Свабоды.

Знаткевіч:
Спадар Міхалевіч, вы гаворыце пра выхад наймацнейшага альтэрнатыўнага кандыдата ў другі тур – ці значыць гэта, што вы разьлічваеце, што ў сьнежні адбудуцца свабодныя выбары і сумленны падлік галасоў?

Міхалевіч:
Зразумела, ёсьць паляпшэньне ў вядзеньні гэтай выбарчай кампаніі, хаця мы памятаем гэта і зь мінулых парлямэнцкіх выбараў, калі можна было рабіць практычна ўсё што заўгодна ў пляне агітацыі, але ўсё роўна падлік галасоў быў сфальшаваны. Ёсьць падставы меркаваць, што падобная сытуацыя можа быць і цяпер. Але я сыходжу з таго, што вельмі важна, каб розныя сацыяльныя групы – тыя, якія цяпер не задаволеныя дзеючым прэзыдэнтам, у тым ліку тыя, якія раней галасавалі за яго, знайшлі свайго кандыдата. Калі мы аўтаматычна выберам адзінага – хто б гэтым адзіным ня быў – мы вельмі звузім сацыяльную падтрымку гэтага кандыдата і проста дамо магчымасьць дзеючаму прэзыдэнту з першага туру набраць больш як 50 % нават па дадзеных экзыт полаў.

Знаткевіч: Дзьве заявы, якія вы зрабілі цягам выбарчай кампаніі, выклікалі найбольшы розгалас сярод наведнікаў нашага сайту. Адна пра тое, што вы выказаліся ня супраць цяперашняга дзяржаўнага сьцяга Беларусі, заявіўшы, што пад ім былі атрыманыя перамогі беларускімі спартоўцамі. Але ці ня можна тое самае сказаць пра савецкі сьцяг? Пад ім таксама беларускія спартоўцы ў свой час дасягалі перамогаў.

Міхалевіч: Больш за тое: я і на сёньняшні дзень лічу, што СССР – гэта была наша дзяржава, але гэта не выключае таго факту, што бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" – гэта нацыянальныя сымбалі нашай з вамі Беларусі. І я не павінен мець нейкай нэгатыўнай рэакцыі да якіх бы ні было сымбаляў. Калі хтосьці чакае, што наступны прэзыдэнт прыйдзе на хвалі нянавісьці да таго, што было пабудавана за апошнія 10 гадоў – на мой погляд, гэта памылкова. Трэба будаваць Беларусь безь нянавісьці, трэба будаваць Беларусь для пазытыву.

Знаткевіч: Калі вы гаворыце, што СССР гэта наша дзяржава – ці не маглі б вы ўдакладніць, што маеце на ўвазе? Вы шкадуеце пра распад СССР?

Міхалевіч: Я быў грамадзянінам СССР, БССР, гэта частка маёй гісторыі. Мае бацькі пражылі дастаткова цікавае жыцьцё ў той краіне, Зразумела, я не шкадую пра тое, што СССР распаўся, таму што наша краіна атрымала незалежнасьць. Але нельга зь нянавісьцю ставіцца да свайго мінулага. І СССР, і БССР – гэта наша мінулае. Менавіта таму калі я быў у Магілёве, я ўсклаў кветкі на магілу Цішкі Гартнага – першага кіраўніка ўраду БССР. Для мяне гэтыя людзі маюць таксама вялікае значэньне, як і тыя людзі, якія абвяшчалі незалежнасьць БНР.

Слухаць перадачу цалкам:


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG