Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя ў Пінску: Пасьля Новага году Мікалай плянаваў пажыць "для сябе"


Мікалай Шаўчук

Мікалай Шаўчук

2 лістапада ў Пінску адбылося чарговае пахаваньне ахвяраў выбуху на ЗАТ "Пінскдрэў". Родныя, сваякі і сябры разьвіталіся са старэйшым з загінулых, 60-гадовым Мікалаем Шаўчуком.

Нататкай пра лёс гэтага чалавека "Свабода" распачынае цыкл рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем'яў ахвяраў пінскай трагедыі.


Удава нябожчыка Яўгенія Рыгораўна распавяла "Свабодзе", што Мікалай, нягледзячы на пэнсійны ўзрост, вырашыў папрацаваць да Новага году. Пасьля гэтага яны плянавалі пажыць, як кажуць, "для сябе". Двое дзяцей ужо дарослыя і маюць сваіх дзяцей:

"Я таксама ўжо пэнсіянэрка. Мы думалі, што ўжо разам будзем на пэнсіі. Будзем ціхенька жыць на пэнсію. Але не атрымалася".

Мікалай Шаўчук бязьзьменна працаваў на "Пінскдрэве" на розных пасадах:

"Быў і майстрам. Працаваў у шкодных умовах. Апошнім часам працаваў на прэсе. Ён вельмі любіў сваю працу, ведаў яе. Праўда, у пэнсійным узросьце хацеў сысьці з працы, але яго адгаворвалі, прасілі працаваць яшчэ. Таму мне казаў: "Ай, я яшчэ папрацую". Добра ведаў сваю працу. Быў адным са старажылаў".

Па словах суседа Анатоля, раўнагодка нябожчыка, Мікалай быў чалавек кампанейскі. Часта разам былі на лецішчы, сябравалі:

"Я яму даўно казаў, што задушаць гэтыя грошы. Пэнсію атрымаў — і будзь вольны. А ён казаў: вось да сьнежня дапрацую... Дапрацаваўся".

"А які ён быў для людзей?"

"Харошы быў чалавек. Мы зь ім сябравалі. Маё лецішча і яго — побач. Разам езьдзілі і хадзілі туды. Разам падымалі па чарцы, карася лавілі".

У кватэры нябожчыка сёньня было шматлюдна. Родныя, сваякі, сябры і суседзі прыйшлі разьвітацца зь Мікалаем Аляксандравічам. Кіраўніцтва "Пінскдрэву" праігнаравала разьвітаньне са сваім старэйшым працаўніком. Незразумелымі застаюцца і прычыны яго сьмерці, гавораць родныя ля закрытай труны:

Спадарыня:
"Начальнікі вінаватыя!"

Жонка нябожчыка: "Мы ня ведаем, хто вінаваты. Я асабіста там не была".

Родзіч: "Хаваюць нешта. Бачыце, нават ня кажуць праўду, колькі памерла. А людзі паціху адыходзяць. Вось ён ужо 14-ты альбо 15-ты…"

У цэнтры - удава Міклая Шаўчука Яўгенія Рыгораўна

Таксама сёньня ў Пінску на гарадзкіх могілках "Пасянічы" адбылося пахаваньне Аляксандра Хамлюка — 1959 году нараджэньня, апэратара аўтаматычных ліній ЗАТ "Пінскдрэў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG