Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкая арганізацыя "Беларуская асацыяцыя журналістаў" распаўсюдзіла маніторынг асьвятленьня першага этапу прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ. Дасьледчыкі заяўляюць, што сёлетняе асьвятленьне выбараў афіцыйнымі мэдыямі ідзе паводле сцэнару мінулых гадоў.

Як асьвятляюць пачатак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі дзяржаўныя і незалежныя мэдыі, БАЖ аналізаваў на прыкладзе 18 друкаваных і электронных СМІ. Сярод іншых — БТ, інфармацыйнае агенцтва "БелТА", недзяржаўная газэта "Народная воля", інтэрнэт-рэсурс naviny.by ды іншыя выданьні. Вынік паказаў, што выбарчая кампанія ў афіцыйных мэдыях сёлета мала адрозьніваецца ад папярэдніх гадоў, кажа ўдзельнік праекту Алесь Анціпенка:

Алесь Анціпенка
"Тое, як дзяржаўныя мэдыі асьвятлялі прэзыдэнцкую выбарчую кампанію 2006 году і сёлетнюю,— супадае. А менавіта: прэзыдэнт ёсьць галоўнай дзейнай асобай. Ягоная роля ацэньваецца пазытыўна. Іншыя кандыдаты ігнаруюцца, апазыцыя рэпрэзэнтуецца, як правіла, адмоўна. Колькасьць суб'ектаў, на якіх зьвяртаюць увагу дзяржаўныя мэдыі, абмежаваная. На галоўных ролях знаходзіцца ЦВК альбо іншыя падобныя суб'екты. Пра сам працэс збору подпісаў і кандыдатаў амаль нічога не паведамляецца, і гэтак далей".

У адрозьненьне ад дзяржаўных СМІ, незалежныя выданьні аддавалі кандыдатам у прэзыдэнты пераважную ўвагу і былі больш аб'ектыўнымі ў асьвятленьні кампаніі, кажа спадар Анціпенка:

"Што тычыцца недзяржаўных мэдыяў, то гэтым разам яны больш актыўна цікавяцца выбарчым працэсам, падалі вялікае кола суб'ектаў і галоўнымі дзейнымі асобамі зрабілі патэнцыйных кандыдатаў. Асаблівасьць, якая тычыцца сёлетняй кампаніі,— гэта тое, што цягам названага пэрыяду і асабліва ў ягонай заключнай частцы шэраг незалежных мэдыяў апублікавалі матэрыялы, якія ствараюць уражаньне перадвызначанасьці кампаніі. Мінулым разам гэтага не было".

Маніторынг асьвятленьня выбараў у Беларусі БАЖ праводзіць шосты год. Сёлета — з 25 верасьня да 30 сьнежня. Як і ў мінулыя гады, сёлета вынікі дасьледаваньня будуць распаўсюджаныя больш як у 80 зацікаўленых беларускіх і замежных арганізацыях.
XS
SM
MD
LG