Лінкі ўнівэрсальнага доступу

140 баптыстаў напісалі ліст Лукашэнку

  • БелаПАН

140 парафіянаў баптысцкіх цэркваў Менску просяць Аляксандра Лукашэнку абараніць царкву "Новае жыцьцё" Аб'яднаньня хрысьціян поўнага Эвангельля ў Рэспубліцы Беларусь. Адпаведны ліст у адрас кіраўніка краіны адпраўлены 2 лістапада.

Аўтары ліста выказваюць занепакоенасьць сытуацыяй вакол рэлігійнай абшчыны. Яны падкрэсьліваюць, што царква "Новае жыцьцё" актыўна ўдзельнічае ў духоўным адраджэньні грамадзтва, дапамагае залежным ад алькаголю і наркаманіі людзям вызваліцца ад заганаў, вядзе актыўную працу па аднаўленьні разбураных шлюбаў і ўмацаваньні сем'яў.

У лісьце таксама зазначаецца, што да арышту банкаўскага рахунку абшчына штомесяц пералічвала на рахункі розных дабрачынных арганізацый і фондаў ад 7 да 20 млн. рублёў, "аднак абсурдныя абвінавачаньні ў нанясеньні ўрону навакольнаму асяродзьдзю паралізуюць працу царквы, ад чаго пакутуюць інтарэсы грамадзтва".

Аўтары ліста просяць кіраўніка дзяржавы "забясьпечыць кантроль над наяўнай сытуацыяй і пайсьці насустрач вернікам, улічваючы станоўчую ролю царквы ў грамадзтве", а таксама заклікаюць Лукашэнку "з павагай ставіцца да духоўнай і культурнай спадчыны і адмовіцца ад заганнай практыкі ўціску хрысьціянскіх абшчын, якія стагодзьдзямі ўмацоўваюць і захоўваюць маральныя каштоўнасьці".

Нагадаем, рахунак царквы "Новае жыцьцё" быў заблякаваны ў канцы жніўня паводле патрабаваньня гаспадарчага суду Менску ў сталічным Кастрычніцкім аддзяленьні "Белінвэстбанку". Згодна з рашэньнямі сталічнага гаспадарчага суду ад 26 лютага і 27 ліпеня царква павінна выплаціць дзяржаве два штрафы на агульную суму 257,75 млн. рублёў у якасьці кампэнсацыі за забруджваньне тэрыторыі абшчыны нафтапрадуктамі.

Вернікі лічаць гэтыя пастановы незаконнымі і 8 жніўня прынялі рашэньне не выплачваць штрафы. У сувязі з гэтым пастару царквы Вячаславу Ганчарэнку пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці гадоў. Апрача таго, судовыя выканаўцы могуць у любы час арыштаваць маёмасьць абшчыны. Прыхаджане царквы заяўляюць аб гатоўнасьці ў выпадку неабходнасьці абараняць пастара і будынак царквы.
XS
SM
MD
LG