Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтаваная "настольная кніга" для журналістаў


Юрый Тапарашаў, Аляксандар Коктыш, Аляксандар Петрачкоў
Юрый Тапарашаў, Аляксандар Коктыш, Аляксандар Петрачкоў
Пры падтрымцы беларускага прадстаўніцтва Фонду імя Фрыдрыха Эбэрта падрыхтаванае да друку выданьне, якое можа стаць своеасаблівай настольнай кнігай беларускіх журналістаў.

Аўтары Юрый Тапарашаў і Аляксандар Коктыш дасьледуюць палажэньні закону "Аб сродках масавай інфармацыі", які набыў сілу летась, і на рэальных прыкладах паказваюць, зь якімі цяжкасьцямі даводзіцца сутыкацца супрацоўнікам беларускіх мас-мэдыяў пры выкананьні прафэсійных абавязкаў. Даюцца практычныя парады ў справе зьмяншэньня цяжару дзяржаўнай увагі ў бок незалежнай прэсы.

Каб абмеркаваць сытуацыю на мэдыйным рынку Беларусі на падставе дасьледаваньня Юрыя Тапарашава і Аляксандра Коктыша, прадстаўніцтва Фонду Эбэрта запрасіла журналістаў-практыкаў, сацыёлягаў, юрыстаў: Аляксея Караля, Леаніда Міндліна, Аляксандра Тамковіча, Сяргея Нікалюка, Марыну Загорскую, Сяргея Сілкова ды іншых. У выступах экспэртаў адзначалася, што новасьпечаны закон, падмацаваны сёлетнімі ўказамі ў сфэры "ўпарадкаваньня" нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт, ня толькі не прынёс палёгкі журналістам, як было абяцана ў высокіх кабінэтах, але і акрэсьліў сумныя пэрспэктывы для інтэрнэт-выданьняў. І гэта ня кажучы пра тое, што ў Беларусі па-ранейшаму квітнее ганебная практыка дзяржаўнай манапалізацыі інфармацыйнай прасторы.

Пасьля ўнясеньня апошніх правак журналісцкі дапаможнік зьявіцца ў друкаваным выглядзе пры канцы лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG