Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура працягне праверку ў справе сьмерці Бябеніна


Алег Бябенін

Алег Бябенін

"Пракуратура мае намер яшчэ на 1 месяц падоўжыць праверку па факце сьмерці Алега. Бябеніна. Артыкул 173 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае магчымасьць падаўжэньня пракурорскай праверкі", — паведаміла агенцтву Інтэрфакс-Захад старшы памочнік пракурора Мінскай вобласьці Тацьцяна Калініна.

Яна нагадала, што гэта будзе ўжо другое падаўжэньне праверкі па дадзеным факце. 3 кастрычніка пракурор Менскай вобласьці Аляксандар Архіпаў падоўжыў да 3 лістапада тэрміны праверкі па факце сьмерці Бябеніна, удакладніла Т. Калініна, дадаўшы, што "дадзенае рашэньне было прынята ў сувязі з тым, што яшчэ ня быў скончаны шэраг экспэртыз, працягвалася правядзеньне іншых праверачных мерапрыемстваў ".

Прадстаўніца пракуратуры Менскай вобласьці таксама падкрэсьліла, што "вэрсіі сьмерці журналіста А. Бябеніна адпрацоўваюцца самым пільным чынам, каб не ўзьнікала ніякіх пытаньняў".

Як раней паведаміў намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед, пракуратура адпрацоўвае некалькі вэрсій здарэньня, у тым ліку самагубства і забойства з наступнай інсцэніроўкай суіцыду. "Няма ніякіх дадзеных, якія аспрэчваюць асноўную вэрсію сьмерці — самагубства", — заявіў тады Швед.

Цела Бябеніна на пачатку верасьня знайшлі ў пятлі на ягонай дачы пад Менскам. На мінулым тыдні ў Мінск прыяжджалі экспэрты-крыміналісты АБСЭ для азнаямленьня з матэрыяламі пракурорскай праверкі па факце сьмерці журналіста. Экспэрты азнаёміліся з матэрыяламі праверкі, сустрэліся з генпракурорам Беларусі Рыгорам Васілевічам, судмэдэкспэртамі і сьледчымі, сваякамі і знаёмымі журналіста, наведалі дачу, дзе было знойдзена цела Бябеніна.
XS
SM
MD
LG