Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню прэзэнтуюцца ўнікальныя дакумэнты з архіву Ларысы Геніюш


2 лістапада ў інфармацыйна-выстаўным цэнтры бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук адбудзецца прэзэнтацыя біяграфічнага альманаху “Асоба і час” і збору твораў Ларысы Геніюш, выдадзенага да 100-годзьдзя з дня нараджэньня паэткі. У рамках прэзэнтацыі – выстава дакумэнтаў з фондаў бібліятэкі “Ларыса Геніюш: “Я пакіну вам любоў...”.

Гэтая выстава-прэзэнтацыя – заключная ў чарадзе юбілейных імпрэзаў да 100-годзьдзя знакамітай беларускай паэткі Ларысы Генюш.

Поўны архіў Ларысы Геніюш захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук, куды яго перадаў пасьля сьмерці паэткі ў 1983 годзе яе сын Юрка Геніюш. Распавядае загадчыца гэтага аддзелу Тацяна Жук:

"Сын, калі перадаваў архіў, напісаў своеасаблівы тастамэнт, што творчая частка дакумэнтаў 20 гадоў нікому не выдаецца, толькі з дазволу членаў камісіі па літаратурнай спадчыне. А перапіска наагул — 25 гадоў. Мы яго захоўвалі, але карыстацца ім немагчыма было".

Праўда, былі выключэньні: з дазволу камісіі да матэрыялаў архіву дапускалі некалькіх дасьледчыкаў творчасьці Ларысы Геніюш, да прыкладу, Міколу Раманоўскага, Міхася Скоблу.

Міхась Скобла, укладальнік двухтомніка Ларысы Геніюш, выдадзенага да 100-гадовага юбілею паэткі, і альманаху "Асоба і час", якія будуць прэзэнтавацца ў аўторак у акадэмічнай бібліятэцы, расказаў:
Гэта адзін з самых багатых пісьменьніцкіх архіваў...


"Вельмі дарэчы, што праходзіць яна ў акадэмічнай бібліятэцы, дзе геніюшаўскі архіў зьберагаецца проста ў ідэальным стане, за што вялікі дзякуй супрацоўнікам аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў. Гэта адзін з самых багатых пісьменьніцкіх архіваў. З адшуканых у ім тэкстаў і склаўся альманах "Асоба і час". Тамсама знайшліся і больш за 70 вершаў, якія ўпершыню апублікаваныя ў першым томе юбілейнага двухтомніка. Але калі браць увесь архіў, то апублікавана толькі невялікая частка неабсяжнай спадчыны Геніюш".

На першым паверсе акадэмічнай бібліятэкі можна паглядзець унікальныя экспанаты з фондаў архіву. Выстава называецца "Ларыса Геніюш: "Я пакіну вам любоў...". Пра тое, што можна будзе ўбачыць на выставе, апавядае загадчыца аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў акадэмічнай бібліятэкі Тацяна Жук:

"Біяграфічныя дакумэнты, яе творчая спадчына будзе прадстаўленая аўтографамі вершаў (але ў яе почырк такі вельмі нечытэльны, мы паставілі такія, каб можна было разабраць). Будуць зборнікі вершаў друкаваныя, яе публікацыі ў пэрыядычным друку, дасьледаваньні, кнігі пра яе. І яшчэ ў яе вельмі вялікі збор нотных запісаў. Ёсьць і нотныя запісы песень на словы Ларысы Геніюш – гэта "Мая мова" і "Песьня каханьня". Фатаздымкі таксама цікавыя – яна з мужам, з сынам Юркам, з унукамі, з Паўлінай Мядзёлкай, Максімам Танкам. Усе гэтыя дакумэнты выстаўляюцца ўпершыню".

Імпрэза адбудзецца 2 лістапада а 17-й гадзіне ў інфармацыйна-выстаўным цэнтры бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук (вуліца Сурганава, 15, першы паверх, пакой 110). Уваход вольны, арганізатары запрашаюць усіх, каму цікавая творчасьць і асоба Ларысы Геніюш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG