Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэстэрвэле і Сікорскі пачынаюць візыт у Менск


Сёньня ў Менску міністры замежных справаў Нямеччыны і Польшчы Гіда Вэстэрвэле і Радаслаў Сікорскі сустрэнуцца з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, а таксама з патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі і журналістамі.

Паводле беларускага МЗС, падчас візыту будуць абмяркоўвацца “стан і пэрспэктывы разьвіцьця ўзаемадзеяньня Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам, актуальныя пытаньні двухбаковых дачыненьняў”, чакаецца таксама, што ўдзельнікі сустрэч абмяняюцца думкамі па актуальных пытаньнях міжнароднага парадку дня.

Гіда Вэстэрвэле накіроўваецца ў Менск з Масквы. Праўда, паводле кіраўніка Цэнтру імя Бэртальда Бэйца Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандра Рара, падчас візыту ў Маскву беларуская праблематыка ніяк не закраналася. З чым жа зьвязаны прыезд міністраў Вэстэрвэле і Сікорскага ў Менск?

"Мае месца спроба Нямеччыны і Польшчы, вядучых эўрапейскіх краінаў, якія выпрацоўваюць разам усходнюю палітыку для Эўразьвязу, зразумець, што адбываецца ў Беларусі. Якімі там будуць выбары, і наколькі Лукашэнка гатовы, як і раней, супрацоўнічаць з Эўразьвязам? Гэтая паездка павінна праверыць сытуацыю".

Паводле спадара Рара, дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам разьвіваюцца "на дзіва пасьпяхова". Пасьля Вэстэрвэле ў Менск прыяжджае адзін з самых галоўных міністраў нямецкага ўраду Рональд Пофала, які возьме ўдзел у беларуска-нямецкай сустрэчы "Менскі форум". А ў Франкфурце заплянаваны інвэстыцыйны форум усходняга камітэту нямецкай эканомікі па нямецка-беларускім супрацоўніцтве ў розных сфэрах бізнэсу. Аднак, паводле спадара Рара, "шмат будзе залежаць ад размоваў з кіраўніцтвам Беларусі". Ён адзначыў, што пакуль "бізнэс ня змог адчыніць для сябе патрэбныя палітычныя дзьверы ў Беларусі без дапамогі сваіх палітыкаў".

Нядаўна, выказваючыся адносна дачыненьняў з Эўразьвязам, Лукашэнка адзначыў: ён спакойна ставіцца да меркаваньняў, згодна зь якімі апошнія візыты эўрапейскіх палітыкаў нібыта сьведчаць пра тое, што яго падтрымліваюць. Спадар Рар адзначыў спэцыфіку гэтай падтрымкі:

"Гэта ня ёсьць падтрымкай рэжыму Лукашэнкі і ягонай палітыкі. Гэта падтрымка Лукашэнкі, які гатовы адкрыць сваю краіну для супрацоўніцтва з Захадам".

Тое, што міністры будуць сустракацца ня толькі з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, але і апазыцыяй, паводле кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука, сьведчыць аб тым, што ў Эўразьвязе "хочуць дыялёгу паміж галоўнымі гульцамі палітычнай сцэны ў Беларусі". Спадар Раманчук адзначыў:

"Польшча разам са Швэцыяй была ініцыятарам "Усходняга партнэрства" і сяброўства там Беларусі. Нямеччына, безумоўна, нумар адзін у эўрапейскай дыпляматыі. Гэта краіна, якая тры гады таму давала палітычныя авансы для рэжыму Лукашэнкі. І гэтыя авансы не былі выкананыя. Таму Нямеччына мае маральную і палітычную вагу, каб узьняць беларускае пытаньне. І, безумоўна, галасы гэтых краінаў будуць улічвацца пры выпрацоўваньні рашэньня Эўразьвязу аб прызнаньні або непрызнаньні вынікаў выбараў 2010 году".

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч таксама сустрэнецца зь міністрамі замежных спраў Польшчы і Нямеччыны. Ён лічыць, што гэты візыт сьведчыць пра ўвагу Эўразьвязу да падзеяў у Беларусі, да выбараў:

"Я хацеў бы, каб гэты візыт паспрыяў таму, каб выбары прайшлі больш дэмакратычна. І каб сувязі з Эўразьвязам разьвіваліся лепш, чым у мінулыя гады. Можна спрабаваць весьці дыялёг з аўтарытарнай уладай. Можна тактычна супрацоўнічаць з Масквой па вырашэньні беларускіх праблемаў. Але вельмі важна, каб не зьмяншалася падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, незалежных мэдыяў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG