Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы зь Інстытуту генэтыкі і цыталёгіі Нацыянальнай Акадэміі навук, дасьледаваўшы ДНК беларусаў фактычна з усёй тэрыторыі краіны, прыйшлі да высновы, што беларусы — гэта славяне, а ня балты. Але ў айчынных навуковых колах няма адзінства ў поглядзе на праблему этнічнага паходжаньня беларускага народу. Госьць «Вольнай студыі» — этнакультуроляг, рэдактар альманаху «Druvis» Аляксей Дзермант.


Міхась Скобла: «Спадар Аляксей, вы ўжо шмат гадоў шукаеце балцкі субстрат у беларускім этнасе. А якія высновы вы можаце зрабіць — на аснове сваіх пошукаў?»

Аляксей Дзермант: «На падставе самых розных навук — архэалёгіі, лінгвістыкі, міталёгіі, этнаграфіі, фізычнай антрапалёгіі — я магу сказаць, што выснова генэтыкаў з акадэмічнага інстытуту калі зусім не карэктная, то даволі спрэчная. Зьвесткі з тых навук, якія я пералічыў, сьведчаць, што балцкі субстрат, сляды балцкай спадчыны на нашых геаграфічных абсягах вельмі заўважныя. Гэта значыць, што проста так, на падставе генэтыкі, адкінуць гэтыя факты немагчыма. Тут, хутчэй, справа ў даволі спрэчнай мэтадалягічнай базе, на якой робяцца генэтычныя высновы. Генэтыка — гэта чыстая біялёгія, гэта мікрабіялягічны ўзровень, які нельга ні памацаць, ні ацаніць вонкава. Генэтыкі — безумоўна, спэцыялісты ў сваёй галіне, але рабіць высновы пра этнічную прыналежнасьць яны ня могуць. Па-першае, яны ня маюць дастатковай кваліфікацыі для гэтага. Яны, паўтаруся, спэцыялісты ў сваёй галіне. Я лічу, што калі б яны агучылі пэўныя адсоткі генэтычных гаплагрупаў, гэта было б дастаткова карэктна. А славяне мы ці балты — гэта ўжо больш складанае пытаньне, якое павінна вырашацца комплексна. Таму я ўспрыняў гэтую заяву трошкі скептычна. Праўда, ёсьць цікавае назіраньне з таго што я пачуў, і гэта ўжо неаднойчы гучала ў генэтычных дасьледаваньнях. А менавіта, што генафонд беларусаў, які мы ўспадчынілі ад нашых дзядоў, налічвае 8 ці 6 тысячаў гадоў, і ён не зазнаваў, фактычна, уплываў з боку меркаваных мігрантаў, перасяленцаў. Гэта значыць, што беларусы — аўтахтоны, першанасельнікі сваёй зямлі. А гэта ў сваю чаргу ўступае ў супярэчнасьць з цьверджаньнем, што мы — славяне, таму што славяне, як мяркуюць паводле самых пашыраных тэорый, зьявіліся тут максімум у V-VI стагодзьдзях новай эры. Калі ж генафонд наш аўтахтонны, гэта значыць, што мы — аніяк не славяне, таму што ўспадчынілі генафонд нашмат больш старажытны, чым утварыліся славяне, нават па самых сьмелых тэорыях. У 1960-я гады расейскія лінгвісты Трубачоў і Тапароў давялі, што ў Беларусі суцэльна пашыраная балцкая гідранімія. Гэта значыць, што асноўным насельніцтвам тэрыторыі Беларусі ў старажытнасьці былі балты — у лінгвістычным сэнсе. Тыя, якія па мове падобныя да сучасных літоўцаў і латышоў, г. зн. не славяне ў лінгвістычным сэнсе«.

Скобла: «Як паведамляе загадчык лябараторыі названага акадэмічнага інстытуту член-карэспандэнт Алег Давыдзенка, дасьледаваньні праводзіліся ў 2005-2006 гадах. Чаму ж генэтыкі з абнародаваньнем сваіх высноваў чакалі пяць гадоў?»

Дзермант: «Я мяркую, тут нейкі не зусім навуковы кантэкст адыгрывае ролю. Магчыма, вы заўважылі, што ў грамадзтве, на форумах, як навуковых так і навукова папулярных, актыўна ідзе абмеркаваньне гэтай тэмы. Прычым, пераважаюць галасы, якія сьведчаць за тое, што балцкі субстрат сапраўды асноваўтваральны для беларускага этнасу. Магчыма, з улікам гэтай акалічнасьці, у кагосьці зьявілася патрэба агучыць супрацьлеглае меркаваньне, а менавіта скасаваць вэрсію пра ўдзел балтаў. Але насамрэч ня ўсё так проста. Адной генэтыкай гэта не скасуеш, тым больш, самі высновы генэтыкаў патрабуюць карэкцыі менавіта з мэтадалягічнага гледзішча. Пытаньні этнічнай прыналежнасьці генэтыкамі ніколі ня вырашацца».

Скобла: «Ці зьвязваеце вы заяву генэтыкаў з палітычнай сытуацыяй, з выбарамі, якія адбудуцца ў сьнежні?»

Дзермант: «Я не магу меркаваць наўпрост, але — магчыма. Зноў жа, калі мець на ўвазе той зьнешнепалітычны кантэкст, які мае месца паміж Беларусьсю і Расеяй, магчыма, рыхтуецца глеба для заявы пра тое, што ўсе славяне паходзяць зь Беларусі. А гэта значыць, што расіяне — нашыя малодшыя браты».

Скобла: «Беларусь — прарадзіма славянаў?»

Дзермант: «Нешта накшталт гэтага».

Скобла: «Здавалася б, пры дапамозе генэтыкі складана маніпуляваць грамадзкай сьвядомасьцю. Вельмі ж няпростая навука. Чаму ж улада гэтак уважліва адсочвае генэтычныя дасьледаваньні?»

Дзермант: «Мне здаецца, што тут нешта накшталт магічнага эфэкту. Для паспалітай сьвядомасьці слова „генэтыка“ мае магічны арэол. Маўляў, сядзяць навукоўцы, якія больш ведаюць, чым паспаліты чалавек, і вяшчаюць неабвержную праўду са сваіх катэдраў ці ў сваіх публікацыях. Але навука — гэта вечнае станаўленьне, там няма адзіна прынятай ісьціны. Як у гісторыі, так і ў генэтыцы. Пастаянна ідзе разьвіцьцё, навуковыя веды карэктуюцца, зьмяняюцца, дадаюцца. Чаму з боку ўладаў, прытым ня толькі ў нас, гэта можна прасачыць амаль па ўсёй Эўропе, такая цікавасьць да этнічных пытаньняў? Таму што этнічныя пытаньні ўплываюць на ідэялягічныя схемы, якія пануюць у тым ці іншым грамадзтве. Разгледзім гэта на нашым прыкладзе. Калі вядзецца распрацоўка нейкай балцкай тэмы, значыць, беларусы для паспалітай сьвядомасьці збліжаюцца з прыбалтамі, з прыбалтыйскім рэгіёнам. Адсюль узнікае геапалітычны, цывілізацыйны і культурны кантэкст, то бок беларусы ўжо трошкі адрываюцца ад славянскага кантэксту, ад праваслаўнага. А гэта ўжо пытаньні ідэялёгіі. І тут навука ўжо спрацоўвае як нейкі сродак для маніпуляцыі грамадзкай сьвядомасьцю. Калі абвесьцілі, што мы — славяне, значыць, няма ніякіх гістарычных, этнічных сувязяў зь Літвой, Латвіяй, і мы павінны ісьці на збліжэньне з нашымі сапраўднымі сваякамі — расейцамі.
Калі абвесьцілі, што мы — славяне, значыць, няма ніякіх гістарычных, этнічных сувязяў зь Літвой, Латвіяй, і мы павінны ісьці на збліжэньне з нашымі сапраўднымі сваякамі — расейцамі.
Насамрэч, да навукі гэта ня мае аніякага дачыненьня, гэта ідэялягічныя і палітычныя спэкуляцыі на этнічнай тэме».

Скобла: «І за савецкім часам навукоўцаў-генэтыкаў стараліся вельмі пільна кантраляваць. Скажам, яшчэ ў 1973 годзе ў Менску была забароненая міжнародная канфэрэнцыя „Этнагенэз беларусаў“. Чаму? На ёй маглі прагучаць нейкія невыгодныя для ўлады факты?»

Дзермант: «Так-так. Рэч у тым, што напярэдадні плянаванай канфэрэнцыі расейскія лінгвісты апублікавалі сваё дасьледаваньне, у якім выявілі масавае пашырэньне балцкай гідраніміі ў Беларусі. Потым архэоляг Сядоў у шэрагу публікацый стварыў сваю тэорыю балцкага субстрату, дзе выкарыстаў дадзеныя лінгвістаў, антраполягаў, свае напрацоўкі і фактычна прыйшоў да высновы, што сапраўды старажытнымі насельнікамі нашых земляў былі балты. Затым прыйшлі славяне, у выніку асыміляцыі ўзьніклі беларусы, асноўныя этнавызначальныя рысы якіх у мове, этнаграфіі паходзяць ад балтаў. І вось у тагачаснай Беларусі ўзьнікла рэзкае непрыманьне гэтай тэорыі партыйным кіраўніцтвам і навукоўцамі, якія былі да яго набліжаныя. Было вырашана склікаць канфэрэнцыю ў Менску ў 1973 годзе — з мэтай аспрэчыць балцкі субстрат. Запрасілі самых лепшых спэцыялістаў у розных навуках з усяго Савецкага Саюзу. Спэцыялісты даслалі тэзісы, паводле якіх атрымлівалася, што яны фактычна падцвердзілі крамольную тэорыю і, больш за тое, яе далей разьвілі. Калі гэта пабачылі тагачасныя ідэёлягі, то вырашылі канфэрэнцыю забараніць, а зборнік тэзісаў — зьнішчыць. І сёньня захаваліся літаральна некалькі асобнікаў гэтага зборніка».

Скобла: «Ці праўда, што згаданы вамі Сядоў таксама адмовіўся ад свае ранейшае вэрсіі наконт балцкага субстрату?»

Дзермант: «Так, ён у апошнія гады пачаў схіляцца да больш славянафільскай схемы. У ягоных пабудовах славянскія міграцыі былі настолькі масавымі, што мелі характар калянізацыі, а доказная база засталася вельмі хісткай. На падставе пары знойдзеных рэчаў, якія маглі быць проста імпартам ці вайсковай здабычай, Сядоў робіць свае высновы. Калі падобныя рэчы знаходзяцца ў рэчышчы Дунаю, значыць, хваля перасяленцаў прыйшла з Дунаю… Чыста з навуковага гледзішча такая мэтадалёгія падаецца спрэчнай. На падставе толькі матэрыяльнай культуры і адзінкавых знаходак гаварыць пра масавыя міграцыі не выпадае».

Скобла: «Пяць гадоў таму выйшла кніга Аляксея Мікуліча „Беларусы ў генэтычнай прасторы“. Там сьцьвярджаецца, што 3,5 тысячагодзьдзі беларусы нікуды не мігравалі, што 140 пакаленьняў нашых продкаў нязрушна жывуць на гэтай зямлі. Сыходзячы з гэтага, аніякіх зьмешваньняў этнасаў не было? Адкуль тады балцкі субстрат?»

Дзермант: «Аляксей Мікуліч — антраполяг і генэтык, які займаецца гэтай праблематыкай каля 40 гадоў. Ягоным назіраньням і высновам можна давяраць. І Мікуліч, і найноўшыя дасьледаваньні генэтыкаў, пра якія мы сёньня гаварылі, сыходзяцца ў адным: беларусы ўспадчынілі вельмі старажытны генафонд і зьяўляюцца наўпростымі нашчадкамі першанасельнікаў гэтага краю. А далей пачынаюцца інтэрпрэтацыі: кім былі тыя першанасельнікі — балтамі ці славянамі? Мой погляд на праблему такі. Сапраўды, гэты старажытны генафонд зьвязваецца зь першымі індаэўрапейцамі. З гэтых індаэўрапейцаў, як найбольш архаічная частка, вылучаюцца балты, якія застаюцца ў адносна непарушным стане дзесьці да першага тысячагодзьдзя нашай эры. Затым ва ўсёй Усходняй Эўропе адбываюцца складаныя працэсы — этнічныя, культурныя, цывілізацыйныя. І ў гэты ж час адбываецца фармаваньне славянскіх культураў, славянскіх плямёнаў. Але як гэта адбывалася? Ці былі масавыя перасяленьні? Генэтыка кажа, што — не. Але зьмяняецца культура, зьмяняецца мова. Як гэта магло адбывацца? Гэта магло адбывацца наступным чынам. Сама матэрыяльная культура можа зазнаваць уплывы з розных рэгіёнаў. Відавочна, што на нас паўплывалі паўднёвыя культуры. Затым узьнікаюць гарады. Туды сьцякаюцца перасяленцы, якія гутараць на розных мовах. Мовай „міжэтнічнага“ камунікаваньня ў той час становіцца адзін са славянскіх дыялектаў, бо яны больш простыя — у адрозьненьне ад архаічных балцкіх дыялектаў, на іх можа паразумецца большая колькасьць людзей. Адпаведна, ад таго часу пашыраецца мова разам з пісьмовасьцю і хрысьціянствам па вясковай ваколіцы. У выніку ўзаемадзеяньня ўтвараецца такая мова, якая спалучае рысы як балцкія, так і славянскія, а ў культуры насельніцтва пераважаюць і захоўваюцца балцкія рысы. Гэта значыць, што працэс славянізацыі нельга ўявіць як выключна калянізацыю, масавую міграцыю. Гэта хутчэй павольная зьмена мовы, культуры, ідэнтычнасьці пры захаваньні вельмі старажытнага генафонду».

Скобла: «Усё тое, пра што вы гаворыце, павінна было адлюстравацца ў калектыўнай памяці народу — у фальклёры, у тапаніміцы, у мове».

Дзермант: «Яно і адлюстравалася. Пачнем з мовы зямлі і вады. Па ўсім паўночным захадзе Беларусі пашыраныя тапонімы „Антанішкі“, „Русалішкі“, „Жвірблішкі“. А суфікс „-ішкі“ лічыцца тыпова балцкім. Затым — антрапанімія. У прозьвішчах беларусаў захаваліся балцкія рысы. Такія беларускія прозьвішчы з канчаткам „эня“, як „Каваленя“, „Сьцепаненя“ — тыпова балцкія, яны ў сучаснай літоўскай мове захоўваюцца ў жаночых прозьвішчах. А вазьміце міталёгію, ушанаваньне, напрыклад, культавых камянёў-краўцоў, што пашырана толькі ў Беларусі і Літве. А вазьміце гідранімію: Менск стаіць на Нямізе і Сьвіслачы. Гэтыя гідронімы таксама лічацца балцкага паходжаньня. Плюс да гэтага можна назваць такія рэкі зь вельмі мілагучнымі найменьнямі — Эса, Лучоса, Ула — гэта таксама балцкія назвы. Альбо згадайма раку Вяльлю. Лічыцца, што гэтая назва славянская, але аналягічна магло гучаць і па-балцку».

Скобла: «Дык жа Вяльля ў Літве — Нярыс».

Дзермант: «Рэч у тым, што ў Літве гэта, хутчэй, заходне-балцкі назоў, а ў нас — усходні. Трэба яшчэ і гэты момант улічваць».

Скобла: «Кіраўнік Беларусі неаднойчы заяўляў, што беларусы і расейцы — адзін народ. Апошнім часам гэта сталі паўтараць і кіраўнікі Расеі. Дакуль будуць працягвацца спэкуляцыі на радаводах народаў?»

Дзермант: «Датуль, пакуль будзе існаваць палітычная мэтазгоднасьць у падобных высновах. На жаль. А каб не трапляць у залежнасьць ад падобных спэкуляцый, трэба проста цікавіцца дакладнымі навукамі, прыслухоўвацца не да ідэялёгіі, не да лёзунгаў, а — прыгледзецца да сябе, да сваёй зямлі. Трэба паглядзець, якія ў нас строі, песьні, якая ў нас мова зямлі, вады. Урэшце — параўнаць абліччы — беларусаў, літоўцаў, украінцаў, расейцаў, палякаў. І гэта больш пераканаўча за ўсякія лёзунгі».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG