Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Дзяды пад бел-чырвона-белымі сьцягамі


Пакутны крыж на 9-м кілямэтры.

Пакутны крыж на 9-м кілямэтры.

Сёньня гомельскія дэмакраты правялі талаку й навялі парадак у трох месцах гораду, дзе падчас сталінскіх рэпрэсіяў масава расстрэльвалі мірных жыхароў. Гэтыя месцы знаходзяцца на 9 кілямэтры абапал Чарнігаўскай шашы.

Актывісты фарбуюць крыж.

Cябра АГП Ўладзімер Кацора: «Звычайна мы прыбіраем на месцы пахаваньняў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 29 кастрычніка, у самы трагічны дзень, калі ў 1937-м годзе ў адным толькі Менску энкавэдысты расстралялі звыш сотні беларускіх інтэлігентаў. Але 29-га многія актывісты былі заняты зборам і здачай подпісаў выбарцаў за апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Таму сёлета вырашылі прыбрацца на ахвярных месцах напярэдадні Дзядоў, восеньскага дня памінаньня продкаў. Гэта наша памяць пра тых людзей, якія пацярпелі за свабоду. Тут масава расстрэльвалі нашых землякоў, патрыётаў Бацькаўшчыны».

Зьніч ля крыжа.

Напачатку актывісты пафарбавалі пакутны крыж ахвярам бальшавіцкай дыктатуры 1919-1940 гадоў, які стаць пры самай шашы.

Ва ўрочышчы Тры Слупы.

Потым група разьдзялілася. Адны паехалі прыбіраць тэрыторыю на месцы масавых пахаваньняў ва ўрочышчах Тры Слупы й Боркі па левы бок Чарнігаўскай шашы. Улетку 2007 году салдаты 52 пошукавага батальёну Міністэрства абароны адкапалі тут парэшткі 70 расстраляных людзей. Раённыя ўлады на месцы расстрэлу ўсталявалі крыж, а дэмакратычныя актывісты паклалі памятны камень з надпісам: «Тваім пакутнікам, Беларусь».

Аляксей Атрошчанка.

Яшчэ адна група накіравалася ў Шчыкатоўскі лес, што па правы бок Чарнігаўскай шашы. Тут яшчэ ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя былі знойдзены масавыя пахаваньні людзей. На месцы расстрэлаў усталяваны драўляны крыж, насыпаны надмагільны ўзгорак, які абнесьлі важкім ланцугом.

На месцы расстрэлаў у Шчыкатоўскім лесе.

Актывісты прыбралі з надмагільнага пагорка апалае лісьце, пафарбавалі крыж. Кастусь Жукоўскі, сябра стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», кажа, што надышоў час умацаваць пакутныя крыжы, якія ў зямлі заўважна падгнілі:

«Мы яшчэ да сьнегу паспрабуем умацаваць крыжы і тут, у Шчыкатоўскім лесе, і пры шашы. На жаль, у Беларусі такіх пакутных месцаў шмат. Наш сьвяты абавязак падтрымліваць іх у належным стане, не дапусьціць занядбаньня гэтых месцаў, дзе пралілася кроў бязьвінных людзей. Дзяды — добрая нагода навесьці тут парадак. Бо хто ня ведае гісторыі, той ня мае й будучыні».

Кастусь Жукоўскі.

У наступным годзе, паводле хрысьціянскай традыцыі, гомельскія актывісты мяркуюць усталяваць на месцы масавых расстрэлаў і новыя крыжы.
XS
SM
MD
LG