Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне з паваротам нафтаправода “Адэса-Броды” яшчэ ня вырашана


Belarus - pipelines in Eastern Europe, map

Belarus - pipelines in Eastern Europe, map

Агенцтва Інтэрфакс паведаміла, што Беларусь і Ўкраіна падпісалі дамову на транспартаваньне вэнэсуэльскай нафты праз тэрыторыю Ўкраіны на беларускія НПЗ праз нафтаправод "Адэса-Броды". Пры гэтым агенцтва спасылаецца на начальніка упраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці кампаніі "Укртранснафта" Міхаіла Краўчанку.

Паведамленьне пра беларуска-ўкраінскую нафтавую дамоўленасьць мы папрасілі пракамэнтаваць экспэрта ўкраінскай службы радыё Свабода Тацяну Ярмашчук.

Ярмашчук: Ва ўкранскіх СМІ сёньня зьявілася інфармацыя са спасылкай на спадара Краўчанку, што Беларусь і Ўкраіна падпісалі кантракты на прапампоўваньне вэнэсуэльскай нафты праз нафтаправод "Адэса-Броды". Але як заявіў у размове са мной спадар Краўчанка, размова пакуль не ідзе пра падпісаньне кантрактаў, размова пакуль ідзе толькі пра падпісаньне дамоўленасьцяў паміж Кіевам і Менскам пра транзыт нафты праз украінскую тэрыторыю ў Беларусь. Але там наўпрост не гаворыцца ні пра нафтаправод "Адэса-Броды", ні нават пра вэнэсуэльскую нафту. Тыдзень таму першы віцэ-прэм’ер Украіны сп. Клюеў казаў, што Кіеў разглядае магчымасьць транспартаваньня нафты ў Беларусь праз нафтаправод "Адэса-Броды". Для гэтага яго трэба будзе перавесьці ў авэрсны рэжым. Пакуль бакі разглядаюць варыянты – альбо "Адэса-Броды", альбо чыгунка, як гэта рабілася і сёлета.

Дракахруст: Праблема з авэрсам "Адэса-Броды" палягае ў тым, што існуюць, ці прынамсі існавалі, пагадненьні аб рэвэрсным перапампоўваньні расейскай нафты ў Адэскі порт. У якім стане перамовы паміж Украінай і Расеяй наконт гэтых паставак? Ці не атрымаецца так, што для Беларусі ў трубе проста ня будзе месца?

Ярмашчук: Перамовы паміж Украінай і Расеяй наконт гэтага вядуцца. На мінулым тыдні была парафіраваная дамова пра перапампоўваньне расейскай нафты праз "Адэса-Броды" ў рэвэрсным рэжыме. Але гэтая дамова толькі парафіраваная, канкрэтных кантрактаў няма і там. Украінскія экспэрты сыходзяцца на тым, што адбываецца пэўны гандаль, Расея з кожным годам зьмяншае транзыт. Экспэрты не даюць дакладнага прагнозу, якая з дамоваў – пра авэрс зь Беларусьсю ці пра рэвэрс з Расеяй будзе ўхваленая. Адзінае, што можна сказаць, дык гэта тое, што гэтага нельга рабіць адначасна, экспэрты кажуць, што для пераводу трубаправоду з авэрсу ў рэвэрс ці наадварот трэба каля 40-50 дзён.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG