Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гэта ў Чэхіі прэзыдэнт можа сесьці на тралейбус і паехаць на завод"


У выніку выбуху ў Пінску памерлі ўжо 14 пацярпелых. Як вы лічыце, ці павінен быў прэзыдэнт Лукашэнка наведаць месца трагедыі? Ці варта было абвясьціць жалобу ў Беларусі? На пытаньні адказвалі мінакі ў Горадні.

Спадар: "Вы разумееце: каб прыехаць прэзыдэнту ў нейкі населены пункт, трэба правесьці пэўныя мерапрыемствы па прыёме прэзыдэнта. Гэта ў Чэхіі прэзыдэнт можа сесьці на тралейбус і паехаць на завод. А ў нас, бачыце, іншая служба бясьпекі".

Спадар: "Мне здаецца, павінен прыехаць кіраўнік дзяржавы і выказаць людзям спачуваньне. Можа, часу няма, ці што? (Сьмяецца.)"

Маладая спадарыня: "Канечне, я думаю, што павінен прымаць удзел у жыцьці свайго народу. Калі такая трагедыя здарылася, то — абавязкова".

Спадар: "Павінен, канечне, прыехаць, гэта ж трагедыя. Кіраўнік дзяржавы, ён павінен, у дадзеным выпадку папросту абавязаны гэта зрабіць".

Спадар: "Абавязкова, калі такая атрымалася сытуацыя. Не такая ўжо вялікая ў нас дзяржава, што тут праблематычна даляцець ці даехаць. Ён абавязкова павінен прысутнічаць на месцы здарэньня".

Спадар: "Па радыё чуў, перадавалі. Я лічу, гэта прадпрыемства рэспубліканскага маштабу, і хто з кіраўнікоў улады будзе — гэта справа другая. Але, залежна ад маштабаў, і велічыня спачуваньня павінна быць большай".

Пэнсіянэр: "Ён так лічыць, што ў яго ёсьць задачы важнейшыя на дадзены момант. Можна шмат гаварыць пра народ, што ўсё для народу, але толькі гаварыць, праўда ж? Але словы да справы не падшыеш, мне так здаецца".

Спадарыня: "Ведаеце што, я не кіраўнік дзяржавы. Я гэтыя пытаньні не вырашаю. Людзей шкада, канечне, але, па-мойму, там нядбайствам пахла".

Маладая спадарыня: "Напэўна, павінен наведаць сваякоў тых, хто загінуў. Жалобу, можа, абвясьціў бы".

Спадар: "Разумееце, гэта, напэўна, усё будзе рабіцца рана ці позна. Але ж я не кірую дзяржавай, я ня ведаю".

Спадар: "Я сам працую на мэблевай фабрыцы. Канечне, кіраўнік дзяржавы павінен трымаць на пульце ўсё, асабліва калі гінуць людзі".

Спадар: "Я думаю, гэта было б ня лішнім — наведаць, выказаць спачуваньне, аказаць нейкую дапамогу сем’ям тых, хто загінуў. Але, напэўна, гэта ў нашай традыцыі: у нас чалавек заўсёды быў ня вельмі вялікай каштоўнасьцю".

Спадар: "Ну канечне, павінен пад’ехаць да месца трагедыі".

Малады спадар:
"Хай чыніць паводле сумленьня. У яго пасада большая, яму лепей відаць…"
XS
SM
MD
LG