Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарожныя мапы дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці не супадаюць


Дэлегаты ІІ Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняе партнэрства", які пройдзе 18—19 лістапада ў Бэрліне, ладзяць апошнія абмеркаваньні напрацовак ад імя Нацыянальнай плятформы. Акцэнт робіцца на "дарожных мапах", з дапамогай якіх мяркуецца выпрацаваць салідарную пазыцыю беларускай дэлегацыі ў праграме Эўразьвязу для шасьці постсавецкіх краінаў. Таксама ўздымаецца пытаньне супрацы зь дзяржаўнымі структурамі, якія намагаюцца трапіць у Бэрлін ня разам з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, а праз свае каналы.

Адзін зь лідэраў беларускага "трэцяга сэктару", сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці "Усходняга партнэрства" Сяргей Мацкевіч кажа, што кантакты на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці фактычна застаюцца адзінай пляцоўкай, на якой Беларусь прадстаўленая паўнавартаснай і жыцьцяздольнай адзінкай:

Сяргей Мацкевіч
"Агульнавядома, што "Ўсходняе партнэрства" ідзе па трох кірунках. Па-першае, магчымасьць супрацы на ўзроўні міжурадавых камунікацыяў. Для гэтага ёсьць тэматычныя плятформы "Ўсходняга партнэрства", дзе яны раз на паўгода зьбіраюцца і абмяркоўваюць пытаньні па чатырох плятформах, вызначаюць будучыя праекты, агульныя мэты. Другая форма — гэта "Эўранэст". На жаль, яна ў Беларусі заблякаваная, зноў жа — з-за пазыцыі беларускага ўраду. І трэцяя форма — там, дзе ўдзельнічаюць арганізацыі грамадзянскай супольнасьці. То бок гэта Форум грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства". Гэта "ноў-хаў" "Усходняга партнэрства", тая ініцыятыва, якая разьвіваецца зьнізу і ў самай малой ступені рэгулюецца нейкімі загадамі з боку ўрадаў, з боку эўрапейскіх чыноўнікаў".

Прадстаўнікі няўрадавых арганізацый канстатуюць: знайсьці паразуменьне зь дзяржаўнымі структурамі амаль не ўдаецца. У заяве Нацыянальнай плятформы "Ўсходняга партнэрства" падкрэсьліваецца ігнараваньне дзяржавай захадаў трэцяга сэктару, у прыватнасьці, тых дыялёгавых пляцовак, якія ўжо існуюць — адукацыйнай, праваабарончай, экалягічнай, моладзевай. Паводле слоў экспэрта Агенцтва гуманітарных тэхналёгій Тацьцяны Вадаласкай, гэта выяўляецца і ў ігнараваньні адпаведных мерапрыемстваў, і ў адсутнасьці ўвагі да распрацаваных дакумэнтаў — дарожных мапаў па шэрагу тэматычных кірункаў:
гэта такая прапанова, адна з рэплік у дыялёгу ...

"Дарожныя мапы, якія распрацоўваюцца, — гэта ідэя, зь якою беларуская грамадзянская супольнасьць выходзіць на форум, прапануючы форму зьмястоўнага ўкладу ва "Ўсходняе партнэрства". Зразумела, што мы толькі пачынаем гэты працэс, але сама ідэя прынятая і, прынамсі сярод дэлегатаў, ёсьць досыць кансалідаваная пазыцыя. Што тычыцца саміх мапаў, то гэта хутчэй ініцыятывы ў іх распрацоўцы і першыя крокі ў дыялёгу — як з калегамі па грамадзянскай супольнасьці, так і зь іншымі суб'ектамі, якія ёсьць у Беларусі, уключна зь беларускімі ўладамі. Ну і, натуральна ж, гэта тычыцца эўрапейскіх калегаў па "Эўрапейскім партнэрстве". Таму гэта такая прапанова, адна з рэплік у дыялёгу. Яна дастаткова прадуманая, і, як мне падаецца, падрыхтаваныя на сёньня шэсьць дарожных мапаў дазволяць больш прадметна гаварыць і разумець, як нам можна рухацца далей".

Нядаўна ў кіраўнічы камітэт Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняе партнэрства" паступіў зварот Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі з выказваньнем гатовасьці падключыцца да дзейнасьці форуму. Аднак, як кажа мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч, рада намагаецца працаваць аўтаномна. Іншымі словамі, без уліку працы, зробленай грамадзянскай супольнасьцю:

Уладзімер Мацкевіч
"Можна толькі вітаць жаданьне Грамадзка-кансультатыўнай рады ўзяць удзел у сапраўды грамадзкай справе, грамадзянскім працэсе. Зразумела, што дзяржава зацікаўленая, каб з трох каналаў узаемадзеяньня Беларусі і Эўропы — дзяржаўнага, парлямэнцкага і грамадзянскага — удзельнічаць ува ўсіх. І было б няшкодна, каб прадстаўнік рады прысутнічаў на форуме, але ж няхай ён ня блытае статус. Калі гэта будзе, напрыклад, намесьнік Макея, ён можа быць назіральнікам, што было б добра: хай пабачыць, чым сапраўды адрозьніваецца грамадзкая супольнасьць ад яе імітацыі, ад сымулятараў гэтай супольнасьці. Таму на Форуме, пры ўсіх фармальных падабенствах з Грамадзка-кансультатыўнай радай, адрозьненьні якраз у тым, што тут жывая грамадзянская супольнасьць, ідзе праца і наладжаная зваротная сувязь, а там — камуфляж. У гэтым сэнсе як скульптура: падобная да чалавека, але ж ня трэба да яе ставіцца як да жывога чалавека. Альбо нешта жывое, як у нашым выпадку, альбо гэта проста вонкавы выгляд, падобны да нечага".

Напярэдадні прадстаўнікі грамадзкага сэктару выступілі з заявай, у якой падкрэсьліваецца: грамадзянская супольнасьць сёньня знаходзіцца ў надзвычай неспрыяльных умовах, якія не даюць магчымасьці быць раўнапраўным суб'ектам у дыялёгу зь дзяржавай. Наяўнасьць крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных ініцыятываў, практыка неабгрунтаваных адмоваў у рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў і іншых некамэрцыйных арганізацый, ігнараваньне пляцовак для дыялёгу сьведчаць пра вяршэнства дзяржавы ў стасунках з грамадзянскай супольнасьцю. Такую сытуацыю нельга прызнаць адпаведнай эўрапейскім нормам і прынцыпам адносінаў грамадзтва і дзяржавы. Гэта патрабуе безумоўных зьменаў дзеля таго, каб зрабілася магчымым наладзіць раўнапраўны дыялёг.



"Усходняе партнэрства" — шматбаковая структура супрацоўніцтва, якую Эўразьвяз прапанаваў Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. Год таму ў Брусэлі адбыўся І Форум грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства", падчас якога прадстаўнікі Беларусі былі абраныя ў склад Каардынацыйнага камітэту, а адзін зь лідэраў трэцяга сэктару, Сяргей Мацкевіч, стаў афіцыйным сьпікерам. Другі аналягічны форум адбудзецца 18-19 лістапада ў Бэрліне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG