Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Назіральнікам – культурную праграму і інфармацыйнае забесьпячэньне"


Як у рэгіёнах правяраюць подпісы, сабраныя за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты? Ці ўключаюць улады прадстаўнікоў апазыцыі ў склад участковых выбарчых камісіяў? Ці дазваляюць дзейнасьць назіральнікаў? Адказы на гэтыя пытаньні шукалі ўласныя карэспандэнты "Свабоды".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Сустрэча назіральнікаў па-мазырску

У Мазыры дзеля прыёму замежных назіральнікаў стварылі раённую міжведамасную рабочую групу.

Мазырскі праваабаронца й назіральнік у раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Ўладзімер Целяпун так камэнтуе выканкамаўскае распараджэньне:

"Як паказаў досьвед папярэдняй кампаніі, калі назіральнікі застаюцца без прыгляду, то яны самастойна прымаюць рашэньне, і выканкамаўскія работнікі ня ведаюць, дзе яны й што яны. Таму й робіцца гэта, каб былі пад кантролем, пад пільным наглядам, каб іх больш-менш улагодзіць, як гэта было з расейскімі журналістамі. І каб назіральнікі былі схільныя да такіх ацэнак і дзеяньняў, якія больш прывабныя для ўлады".

Паводле распараджэньня, ачоліў рабочую групу намесьнік старшыні райвыканкаму Фэлікс Галюк. У яе ўваходзяць таксама яшчэ адзін намесьнік старшыні й сем начальнікаў аддзелаў выканкаму, а таксама галоўны раённы лекар, рэдактар раённай газэты, прадстаўнік мясцовага аддзяленьня КДБ і нават пракурор. Апошніх двух у рабочую групу ўключылі, як сказана, праз узгадненьне.

Рабочай групе загадана зрабіць захады дзеля "стварэньня спрыяльных умоў для дзейнасьці замежных (міжнародных) назіральнікаў". Гэта каб іх "разьмясьціць, прадставіць транспартныя сродкі й сродкі сувязі, мэдычнае абслугоўваньне, культурную праграму, асабістую бясьпеку, інфармацыйнае забесьпячэньне".

Фінансаваму аддзелу райвыканкаму даручана скласьці каштарыс выдаткаў дзеля гэтых мэтаў.


МАГІЛЁЎ


Участковыя камісіі стваралі без назіральнікаў


Сёньня ў Магілёве зацьверджаны склад участковых камісіяў Ленінскага раёну. Пры іх фармаваньні назіральнікаў не было.

Паводле назіральніка ад руху БНФ "Адраджэньне" Аляксея Колчына, Ленінская раённая выбарчая камісія праігнаравала ягоны зварот аб прысутнасьці на зацьвярджэньні складу камісіяў. Паседжаньне, як кажа назіральнік, адбылося сёньня а 8-й раніцы.
Пакуль усё адбываецца, як і раней на мінулых выбарах — таемна і без удзелу грамадзкасьці...

"Калі ўлічыць, што апошнія заявы паступалі ў камісію цягам суботы, ажно да вечара, то відавочна, што гэтыя заявы не разглядаліся. Мы паспрабуем абскардзіць у судовым парадку гэтае рашэньне. Можа, удасца праліць сьвятло на працэс прыняцьця гэтага рашэньня. Пакуль усё адбываецца, як і раней на мінулых выбарах — таемна і без удзелу грамадзкасьці".

У самой раённай камісіі прызналі, што склад участковых камісіяў зацьверджаны:

"Усяго 83 камісіі. Склад участковых камісіяў цягам сямі дзён будзе надрукаваны ў мясцовай газэце й на сайтах гарвыканкаму. Назіральнікаў не было", — паведаміла супрацоўніца камісіі.

Усяго ў склад участковых камісіяў Магілёўшчыны апазыцыя вылучыла 121 свайго актывіста. У 83 камісіі Ленінскага раёну Магілёва — 79.

Тым часам упершыню ў Магілёве незалежным назіральнікам дазволілі прысутнічаць на праверцы дваццаці працэнтаў адабраных падпісных лістоў патэнцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва. Прысутнічалі назіральнікі й на паседжаньні дзьвюх раённых камісіяў, дзе агучвалася колькасьць здадзеных ініцыятыўнымі групамі лістоў і подпісаў на іх. Пра сваё назіраньне апавядае праваабаронца Барыс Бухель.

"Нам проста здалёк паказалі ўсё, што было ноччу зроблена. Калі пайшоў адбор дваццаці працэнтаў для праверкі, тады кажа: "А ці можна мне паглядзець некалькі лістоў?" — "Не! Вы назірайце". Я сяджу за пяць-шэсьць мэтраў за іхнымі сьпінамі і ня бачу, што яны там запісваюць. Перад намі разыгралі спэктакль, аналягічны таму, які адбываецца пры падліку галасоў у дзень выбараў".


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Спраўджваюць подпісы толькі за апазыцыйных кандыдатаў


Першыя дні праверкі подпісаў, здадзеных на Гарадзеншчыне сябрамі ініцыятыўных групаў, паказалі, што спраўдзіць тут імкнуцца подпісы толькі за апазыцыйных палітыкаў.

На Астравеччыне, як распавядае нашаму радыё мясцовы актывіст Іван Крук, праверку подпісаў пачалі з парушэньня заканадаўства. На яго думку, гэта сьведчыць пра тое, што чакаць ад гэтае працэдуры давядзецца шмат непрадказальнага.

Іван Крук
"Што тычыцца праверкі подпісаў, то я быў папросту ўражаны. 27 кастрычніка мы здалі подпісы за Андрэя Саньнікава, а 28-га старшыня раённай тэрытарыяльнай камісіі Міхаіл Зімніцкі разам з старшынёй сельсавету ўжо хадзілі па хатах і спраўджвалі ў людзей, ці сапраўды яны ставілі свае подпісы. І гэта парушэньне заканадаўства, таму што яны мелі права пачынаць спраўджваць подпісы толькі з 30 кастрычніка".

Іван Крук лічыць, што на мясцовым узроўні ў раённых камісіях атрымалі загад вельмі пільна спраўджваць подпісы за апазыцыйных палітыкаў, тым часам як за Аляксандра Лукашэнку подпісаў ніхто ня спраўджвае. Кажа Іван Крук.

"Адзін зь сябраў маёй ініцыятыўнай групы, у якога спраўджвалі подпіс, запытаўся ў іх наўпрост — чаму ня спраўджваеце подпісы, сабраныя за Лукашэнку? У адказ — маўчаньне".

Дзівіцца зацятасьці правяральнікаў давялося і ў Смаргоні. Да аднаго выбарца, якія паставіў подпіс за Ўладзімера Някляева, са слоў мясцовага праваабаронцы Алеся Дзергачова, сёньня прыходзілі ўжо некалькі разоў, хоць маці ім сказала, што той у Менску. Кажа Алесь Дзергачоў.

Алесь Дзергачоў
"Думаю, што прынятае рашэньне канкрэтна спраўдзіць подпісы за апазыцыйных вылучэнцаў. Бо вельмі настойліва яны гэта робяць, прыходзілі некалькі разоў і нават казалі маці: калі вернецца, то няхай ім патэлефануе. На маю думку, гэта ўжо залішне".

Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель, які вядзе працэс назіраньня за выбарчай кампаніяй, падводзячы вынікі этапу збору подпісаў, зазначыў: нягледзячы на тое, што ўлады не заміналі збору подпісаў, адміністрацыйны рэсурс, зь ягоных слоў, быў задзейнічаны на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.

Раман Юргель
"І ўрэшце, незалежным назіральнікам адмовілі ў тым, каб прысутнічаць у Ленінскай і Кастрычніцкай раённых камісіях падчас працэдуры праверкі подпісаў".

ВІЦЕБШЧЫНА


Найбольш актыўна вылучалі прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі левыя й Партыя БНФ

Вылучэнцы ад апазыцыйных партый Віцебшчыны чакаюць вынікаў — ці ўключаць іх ва ўчастковыя камісіі.

Найбольш актыўна вылучалі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі партыя левых "Справядлівы сьвет" і партыя БНФ. Старшыня абласной арганізацыі Кастусь Смолікаў распавядае:

Кастусь Смолікаў
"Рашэньнем Рады Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ было вылучана ў камісіі 25 прадстаўнікоў — сябраў партыі. 24 у Віцебску і 1 — у Гарадку. Спадзяемся, што кагосьці ўключаць. З досьведу мінулых выбараў: з 13-ці нашых прадстаўнікоў у абласную і акруговыя выбарчыя камісіі ўключылі 4-х".

Сёлета ў камісіі гэткага ўзроўню давялося трапіць адзінаму прадстаўніку дэмакратычных сілаў — старшыні абласной арганізацыі партыі "Справядлівы сьвет" Мікалаю Селівашку. Пра партыйнае вылучэньне ва ўчастковыя камісіі ён кажа наступнае:

"Па вобласьці — 50 чалавек, зь іх у Віцебску — 17. Яшчэ ў Воршы, Талачыне, Сяньне, Бешанковічах накіравалі, а таксама ў Полацку ды Наваполацку. Ну, цяпер паглядзім. Заўтра ў Талачыне пасяджэньне, а 3-га, напэўна, ва ўсіх адміністрацыях Віцебску. Так што 3-га ўжо будзем ведаць, напэўна".

Пакуль участковыя выбарчыя камісіі толькі фармуюцца, раённыя і абласныя разглядаюць здадзеныя подпісы. Паводле зьвестак з абласной выбарчай камісіі, за Аляксандра Лукашэнку на Віцебшчыне сабрана 221 тысяча подпісаў, 109 тысяч подпісаў здаў мясцовы патэнцыйны кандыдат Уладзімер Правальскі, які зьбіраў подпісы пераважна ў гэтым рэгіёне, 32 тысячы подпісаў здадзеныя за Ўладзімера Някляева, 26 тысяч — за Мікалая Статкевіча. За іншых кандыдатаў — менш.

Як Аршанская гарадзкая выбарчая камісія пералічвала подпісы, распавёў назіральнік Ігар Казьмярчак:

Ігар Казьмярчак
"Праверкі подпісаў у нас яшчэ не было. На мінулым пасяджэньні проста лічылі колькасьць подпісаў — праўда, гэтую лічбу так і не агучылі. І выкрэсьлівалі тыя подпісы, якія не падлягаюць праверцы — якія выкрасьліў сам зьбіральнік, або людзі, што падпісаліся, жывуць ня ў нашым рэгіёне".

Ігара Казьмерчака дапусьцілі назіраць за тым, як працуе камісія. На ягоную думку, папярэднія дэклярацыі пра тое, што ў гарадзкую камісію ўключылі самых дасьведчаных, адказных і дзеяздольных, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Так, адзін з чальцоў камісіі, спадар Сьмірноўскі, цяпер на сэсіі, і таму на пасяджэньні не зьяўляецца. Другі, 79-гадовы Аляксей Ламыга, ня можа працаваць без староньняй дапамогі:

"Чалавеку 79 год, ён ледзьве перасоўваецца ўжо нават з кавілачкай сваёй. Ён нават апрануцца ўжо самастойна ня мог, яму дапамагалі… Дык вось гэтаму Ламыгу далі правяраць падпісныя аркушы за Кастусёва. Ён кожны аркуш глядзеў хвілін 5, бо відавочна ня цяміў, што там такое напісана. І да канца пасяджэньня не дабыў — яго ці да лекара павезьлі, ці куды… Ну і які сэнс уключаць такіх людзей у камісію? Можа, іх дужа шануюць у выканкаме, але ўжо ў такім узросьце аб’ектыўна цяжка спраўляцца, і такі чалавек нармальна працаваць у камісіі ня можа".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG