Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць ахвяраў аварыі на "Пінскдрэве" штодня павялічваецца. 14 чалавек на сёньняшні дзень памерлі. Шэсьць пацярпелых знаходзяцца ў шпіталях Менску і Берасьця. Афіцыйныя прадстаўнікі і прадпрыемства, і Пінскага гарвыканкаму надалей абмяжоўваюцца інфармацыяй, якая зьяўляецца на інтэрнэт-старонках іхніх установаў, не даючы камэнтароў.

СЬПІС ЗАГІНУЛЫХ


Тыя, хто працаваў у цэху падчас выбуху, цяпер у адпачынку, адзначаюць супрацоўнікі прадпрыемства. Калі раней узяць адпачынак было немагчыма, то цяпер гэта ня стала праблемай. Але з адпачынку мала хто мяркуе вяртацца.

Акрамя іншага, пінчукоў абурае, як адміністрацыя "Пінскдрэву" рыхтуецца да сьвяткаваньня 130-годзьдзя прадпрыемства. Падчас суботніку, які прайшоў у горадзе, рабочыя заводу пабачылі загад пра гэта:
сьвяткаваць зьбіраюцца 25 лістапада, якраз тады, калі споўніцца 40 дзён па загінулых ...

"Сабраныя сродкі пойдуць на сьвяткаваньне гадавіны прадпрыемства. Такім чынам, мы працавалі падчас суботніку не для таго, каб дапамагчы людзям. Мала таго, сьвяткаваць зьбіраюцца 25 лістапада, якраз тады, калі споўніцца 40 дзён па загінулых. Ня ведаю дакладна, ці будзе сьвяткаваньне, але раз грошы зьбіраюцца на гэтыя мэты, то, значыць, рыхтуюцца".

Пытаньне пра выплаты кампэнсацый сем'ям загінулых і пацярпелым падчас аварыі да гэтага часу так і застаецца нявырашаным. Кіраўніцтва заводу пастанавіла, што родным загінулых выплацяць па 10 мільёнаў рублёў, пацярпелым — па тры мільёны. Тым ня менш, як кажа жыхарка Пінску, яе сваякі грошай не атрымалі:

"У маёй сваячкі загінуў муж, зусім яшчэ малады чалавек. Яна ж мне паведаміла, што ёй не заплацілі пакуль нічога. Кіраўніцтва сказала ёй, каб яна зьбірала квіткі. Тое ж, паводле яе слоў, сказалі і некаторым іншым. Магчыма, пакуль ня ўсім аплацілі".

Разам з тым пінчукі адзначаюць, што падчас пахаваньняў кіраўніцтва заводу не прыходзіць на могілкі.

Рабочыя заводу салідарныя з пацярпелымі і сем'ямі загінулых. На прахадной заводу стаяць скрыні для збору сродкаў. Рабочы Міхал кажа, што пакуль не ахвяраваў грошы, але зьбіраецца абавязкова гэта зрабіць:

"Пасьля атрыманьня заробку на заводзе абавязкова ахвярую пэўную суму грошай. Сумна, што так здарылася. На заводзе толькі і размовы, што паміраюць людзі".

Віктар Ярашук кажа, што атмасфэра ў горадзе вельмі цяжкая. Трагедыя закранула практычна ўсіх:
на мясцовым тэлебачаньні і радыё па-ранейшаму як і гучала, так і гучыць музыка, ідуць забаўляльныя праграмы ...

"Гэта жудасны боль для многіх людзей. Родныя загінулых перажываюць трагедыю, таму мала ад іх і нейкіх слоў. Я сам пасьля гэтых пахаваньняў не магу ачуняць. Разам з тым у горадзе толькі прыспусьцілі сьцягі, але на мясцовым тэлебачаньні і радыё па-ранейшаму як і гучала, так і гучыць музыка, ідуць забаўляльныя праграмы".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG