Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Рыжоў, які адмовіўся балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду з той прычыны, што пад ціскам непасрэднага кіраўніцтва яго ініцыятыўная група ня здолела сабраць 100 тысяч подпісаў, сёньня атрымаў загад на звальненьне.

Спадара Рыжова звольнілі нібыта за прагул. Ён распавёў, што сёньня кіраўніцтва пладова-гародніннага камбінату «Ноўка», дзе ён працаваў начальнікам сэктару зьнешнеэканамічных сувязей, спачатку параіла напісаць яму заяву на звальненьне паводле ўласнага жаданьня. Калі ён адмовіўся, быў выдадзены загад на звальненьне.

Паводле Сяргея Рыжова, прычына звальненьня надуманая: адміністрацыя прадпрыемства абвінаваціла яго ў тым, што ён «прагуляў» тры гадзіны працоўнага часу 4 кастрычніка.

У той дзень зранку, паводле спадара Рыжова, ён выклікаў дахаты ўчастковага лекара, бо дрэнна пачуваўся. Аднак бальнічны ліст яму не далі — лекарка прапанавала яму ўвечары зьявіцца на камісію ў паліклініку. Да 12-й гадзіны Сяргей Рыжоў паехаў у суд, дзе разьбіралася справа пра неўключэньне ў выбарчую камісію праваабаронцы Паўла Левінава. На той час патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду быў адным з тых, хто рэкамэндаваў спадара Левінава, і таму мусіў быць на працэсе ў якасьці сьведкі.

Пасьля суду Сяргей Рыжоў рушыў у паліклініку і прайшоў мэдычны агляд. Даведку з паліклінікі і позву ў суд ён прадставіў кіраўніцтву ў законным парадку, але тры гадзіны — ад візыту лекара да пачатку судовага працэсу — яму залічылі як прагул.

Экс-кандыдат на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах кажа, што пагрозы пра магчымае звальненьне чуў ад дырэктара камбінату з таго самага часу, як стала вядома пра яго намер балятавацца. Ён кажа таксама, што пад ціскам кіраўніцтва сёньня мусіў звольніцца і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Даніл Гітцовіч — ён працаваў спэцыялістам сэктару зьнешнеэканамічнай дзейнасьці на тым самым камбінаце «Ноўка».

Паводле Сяргея Рыжова, прапанову звольніцца паводле ўласнага жаданьня атрымаў і яшчэ адзін ягоны прыхільнік, Павал Мастыкін, які займаецца падтрымкай сайту прадпрыемства «Ноўка». Адміністрацыя камбінату пагражае хлопцу крымінальным перасьледам за тое, што ён нібыта распаўсюджвае ў інтэрнэце зьвесткі пра ўдзел спадара Рыжова ў выбарчай кампаніі і пра перасьлед сябраў ягонай былой ініцыятыўнай групы.

Сяргей Рыжоў зьвярнуўся па юрыдычную дапамогу да віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава. Ціск на яго аднадумцаў Рыжоў лічыць парушэньнем іхных канстытуцыйных правоў, а тое, што зь ім разарвалі працоўны кантракт, зьбіраецца аспрэчваць у судзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG