Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мурманску затрымалі беларускага дэзэртыра


Супрацоўнікі праваахоўных органаў Мурманскай вобласьці затрымалі грамадзяніна Беларусі Аляксандра Трубнікава, які дэзэртыраваў з вайсковай часткі ў Менскім раёне напрыканцы траўня гэтага году.

Цяпер, як паведаміла прэс-служба пракуратуры Мурманскай вобласьці, вырашаецца пытаньне аб выдачы яго ўладам Беларусі, перадае РИА-Новости.

У студзені 2009 году Трубнікаў быў прызваны на тэрміновую ваенную службу Партызанскім раённым ваенкаматам Менску. Ён служыў кулямётчыкам у адной з вайсковых частак Менскага раёну.

Напрыканцы траўня 2010 году, знаходзячыся ў суткавым нарадзе па сталовай, Трубнікаў самавольна пакінуў тэрыторыю часткі і ўцёк. Па дадзеным факце праваахоўныя органы Беларусі распачалі крымінальную справу, вайскоўца абвясьцілі ў вышук.

Пасьля затрыманьня дэзэртыра ад намесьніка Генпракурора Беларусі на імя Генпракурора Расеі паступіла хадайніцтва аб выдачы вайскоўца беларускім праваахоўным органам, каб прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці за дэзэртырства.

Зараз Трубнікаў знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары ў Мурманску.

Пракуратура Мурманскай вобласьці накіравала ў Генпракуратуру Расеі матэрыялы экстрадыцыйнай праверкі з заключэньнем, што Трубнікава магчыма выдаць праваахоўным органам Беларусі.

У Беларускай вайсковай пракуратуры пакуль не атрымлівалі афіцыйных дакумэнтаў аб тым, што ў Мурманску затрыманы беларускі дэзэртыр.

"Пакуль што ў нас няма афіцыйных дакумэнтаў аб тым, што ў Мурманску затрыманы грамадзянін Беларусі, які абвінавачваецца ў самавольным пакіданьні часткі", - паведамілі агенцтву "Інтэрфакс" у Беларускай вайсковай пракуратуры.
XS
SM
MD
LG