Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Украіна падпісалі дамову на транспартаваньне вэнэсуэльскай нафты праз тэрыторыю Ўкраіны на беларускія НПЗ праз нафтаправод "Адэса-Броды".

"Дамова падпісана ў Менску, на раней агавораных умовах", — паведаміў Інтэрфаксу начальнік упраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці кампаніі "Укртранснафта" Міхаіл Краўчанка.

Ён адзначыў, што 25 кастрычніка ў Менску прадстаўнікі Мінпалэнерга Ўкраіны і кампаніі "Укртранснафта" правялі перамовы з кіраўніцтвам "Беларускай нафтавай кампаніі". БНК — кантрактатрымальнік вэнэсуэльскай нафты, упаўнаважаны на падпісаньне дамовы зь беларускага боку.

Па выніках перамоў бакі падпісалі адпаведны дакумэнт.

Паводле ранейшых зьвестак, праект дамовы прадугледжвае транспартаваньне праз Украіну ў Беларусь каля 5 мільёнаў тон вэнэсуэльскай нафты. Мяркуецца, што, згодна з кантрактам, нафта будзе пастаўляцца танкерамі ў порт Паўднёвы на свопавых умовах і далей транспартавацца праз трубаправод "Адэса-Броды" ў авэрсным рэжыме да Беларусі.

Па выніках перамоў прэзыдэнтаў Беларусі і Вэнэсуэлы Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса, якія прайшлі 16 кастрычніка ў Менску, "Беларуская нафтавая кампанія" і PDVSA падпісалі кантракт на пастаўку ў 2011—2013 гадах у Беларусь 10 мільёнаў тон нафты ў год.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG