Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Цыганкоў: “Нерэальна, каб усе 11 прэтэндэнтаў сабралі подпісы”


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

29 кастрычніка завяршыўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. 11 прэтэндэнтаў заявілі, што сабралі неабходную колькасьць – сто тысяч подпісаў. Гэта Рыгор Кастусёў, Аляксандар Лукашэнка, Алесь Міхалевіч, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Правальскі, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Віктар Цярэшчанка і Дзьмітры Вус.

Вынікі гэтага этапу выбарчай кампаніі аналізуе наш аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Бушлякоў: Віталь, як можна ацаніць збор подпісаў, ці не выклікаюць сумнеў зьвесткі, падаваныя ініцыятыўнымі групамі прэтэндэнтаў?

Цыганкоў: Шчыра кажучы, вельмі цяжка паверыць, што ўсе 11 кандыдатаў сапраўды сабралі 100 тысяч подпісаў. Зразумела, што ўсе яны насамрэч здалі адпаведную колькасьць подпісаў, але пытаньне ў тым, наколькі рэальныя гэтыя подпісы. Аналізуючы досьвед збору подпісаў за апошнія выбарчыя кампаніі, можна меркаваць, што фактычна неверагодна, каб ініцыятыўная група, якая мае некалькі сотняў сяброў, дасягала тых самых вынікаў, што і група зь дзьвюх тысяч чалавек. Варта згадаць 2001 год, калі такія вядомыя палітыкі, як Калякін, Чыгір, Казлоўскі, ня здолелі сабраць ста тысяч галасоў, ці 2006 год, калі ўвесь дэмакратычны актыў працаваў толькі на двух дэмакратычных кандыдатаў. Колькасьць апазыцыйных актывістаў за гэты час кардынальна не павялічылася, папулярнасьць апазыцыя таксама, так што зьвесткі пра сабраныя подпісы выглядаюць ня вельмі пераканаўча.
Пытаньне ў тым, наколькі рэальныя гэтыя подпісы...


Я ўчора размаўляў з актывістамі ініцыятыўнай групы аднаго дастаткова сур'ёзнага кандыдата, і яны выказвалі нават пэўнае абурэньне тым, што ажно 11 групаў заявілі пра сабраныя подпісы. На думку саміх палітычных актывістаў, на самай справе рэальна сто тысяч подпісаў сабралі толькі некалькі групаў, астатнія скарыстоўвалі розныя маніпуляцыі і парушэньні.

Бушлякоў: З гэтага пункту гледжаньня цікава, як будзе паводзіць сябе ўлада, якая, відавочна, ведае сапраўды стан рэчаў. На вашую думку, колькіх кандыдатаў зарэгіструюць улады?

Цыганкоў: Пакуль што ўлада дзейнічае паводле так званага “лібэральнага сцэнару”, таму ў аналітыкаў пераважае такое меркаваньне, што зарэгіструюць усіх кандыдатаў, каб ператварыць выбары ў пэўны фарс, каб на фоне мноства самых розных па якасьці кандыдатаў Аляксандар Лукашэнка выглядаў адзіным сур'ёзным палітыкам.
Улада ўсё ж ня вельмі хоча ператвараць выбары ў балаган...


Мне, аднак, здаецца, што ўлада ня будзе рэгістраваць самых недарэчных прэтэндэнтаў, якія й блізка не здалі неабходнай колькасьці. Улада ўсё ж ня вельмі хоча ператвараць выбары ў балаган. На гэтым этапе яны хоча ўсё ж паказваць, што не пусьціла ўсяго на самацёк, паказваць, што яна кантралюе сытуацыю. Разам з тым большасьць вядомых апазыцыйных лідэраў, як выглядае на сёньня, будуць зарэгістраваныя – у значнай ступені для таго, каб апазыцыйным кандыдатам было як мага цяжэй абраць адзінага кандыдата.

І яшчэ адна заўвага. Відавочна, што сам Аляксандар Лукашэнка ўжо вырашыў, хто для яго галоўны апанэнт. Ужо некалькі разоў у сваіх выказваньнях ён згадваў Уладзімера Някляева, у сваёй традыцыйнай манеры не называючы, аднак, вядома, ягонага прозьвішча, а выказваючыся ўскосна (“письменники, не письменники; поэты, не поэты – скажите, что вы сделали за этот промежуток времени”). Так што зразумела, якога кандыдата ён успрымае больш сур'ёзна за іншых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG