Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Подпісы здадзеныя: ці магчымае аб'яднаньне?


Пасьля здачы подпісаў у камісіі за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты у мэдыях зьявіліся паведамленьні, што частка кандыдатаў зьбіраецца найбліжэйшымі днямі распачаць кансультацыі аб аб'яднаньні. У распаўсюджанай напярэдадні заяве Рада беларускай інтэлігенцыі заклікала абраць адзінага кандыдата.

Паводле Міколы Статкевіча, мэтай сёньняшняй сустрэчы прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў найперш будзе абмеркаваньне апазыцыйнай акцыі 24 лістапада, прымеркаванай да гадавіны рэфэрэндуму 1996 году. Гэтая акцыя – ініцыятыва “Маладога фронту” і “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”. Аднак Статкевіч не выключае, што панядзелкавае паседжаньне будзе выкарыстанае і для спробаў аб'яднаньня:

“Я ўжо мала веру, што мы выйдзем на адзінага. Бо нават калі адзін з тых, хто сабраў сто тысяч подпісаў, адмовіцца ад гэтай ідэі, адзінага ўжо ня будзе. А ёсьць два, хто катэгарычна адмаўляецца ад гэтага – спадар Саньнікаў і спадар Міхалевіч. Мы падтрымалі ў “Эўрапейскай кааліцыі” ідэю лідэра Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімера Навасяда аб стварэньні Рады дэмакратычных кандыдатаў як галоўнага органа палітычнай апазыцыі. Цяпер патрэбны кіроўчы орган апазыцыі. Усе кааліцыі саступаюць на другі плян. Нам да 24-га трэба фармалізаваць нашыя стасункі як мінімум”.

Узяць удзел у агульнай сустрэчы найбліжэйшым часам таксама плянавалі Ўладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў і Віталь Рымашэўскі. Аднак спадар Саньнікаў лічыць, што дамаўляцца пра адзінага кандыдата пакуль што рана:

“Я ня ведаю, хто сапраўды сабраў сто тысяч подпісаў. Я ведаю, хто мог сабраць. Гэта Някляеў, Раманчук і нашая група. А пра астатніх у мяне ёсьць пытаньні. Па-другое, гэты пэрыяд збору подпісаў, калі некалькі групаў пайшло, некалькі дэмакратычных кандыдатаў, быў вельмі ўдалы. Ён спрыяў мабілізацыі і актыўнасьці людзей. Каб нам не згубіць гэтай дынамікі. І калі казаць пра ўсе дэмакратычныя сілы разам, то мы сабралі амаль што ў два разы больш, чым на мінулых выбарах. Так што тут трэба сур'ёзна ўзважыць усе моманты”.

Паводле Ўладзімера Някляева, кансультацыі ідуць, але адзіны кандыдат можа атрымацца толькі пасьля рэгістрацыі. Адзіны неабходны для таго, каб ён мог “у найважкі час прыняць хутка і самастойна важныя рашэньні, каб яны былі дзейснымі і спрацавалі на перамогу”. Спадар Някляеў зьбіраецца ўзяць удзел у абмеркаваньні акцыі 24 лістапада, “калі можна папярэдне вывесьці людзей на плошчу”:

“Гэта гадавіна рэфэрэндуму, і плянавалася, што гэты дзень будзе апошнім днём рэгістрацыі, і нейкі ціск аказаць на тое, каб усіх справядліва зарэгістравалі. Але цяпер ЦВК кажа, што пастараецца зьмясьціць бліжэй дзень рэгістрацыі. Я не перакананы, што 24-га павінна адбыцца нейкая рэпэтыцыя плошчы. Трэба, відаць, яшчэ падумаць, каб гэта было аптымальнае рашэньне”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, АГП прыме рашэньне адносна 24-га пазьней:

“Важна, каб усімі быў прыняты адзін сцэнар. Бо нельга, каб адны прыйшлі сьвяткаваць рэгістрацыю, а другія заклікаць да байкоту выбарчай кампаніі. Такі дысананс ня можа гучаць на супольным мерапрыемстве”.

Рада беларускай інтэлігенцыі накіравала кандыдатам свой зварот з заклікам неадкладна аб'яднацца і абраць адзінага кандыдата, запатрабаваць ад уладаў правядзеньня справядлівых і празрыстых выбараў. Старшыня рады Ўладзімер Колас сказаў:

“Калі спатрэбіцца дапамога Рады інтэлігенцыі ў гэтай справе, то мы гатовыя дапамагаць. Але недапушчальна, каб гэты працэс пайшоў на самацёк, па сцэнары, які пішуць улады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG