Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 кастрычніка практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі людзі адзначаюць дзень памінаньня продкаў — Дзяды.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

У Лідзе асьвяцілі крыж і камень на месцы расстрэлу ксяндза Адама Фалькоўскага

У Лідзе ў гарадзкім парку быў асьвечаны крыж і камень на месцы расстрэлу ксяндза Адама Фалькоўскага. У 1863 годзе ён зачытаў маніфэст Кастуся Каліноўскага і за гэта быў расстраляны.

У 1940 годзе савецкія ўлады зьнесьлі крыж і зруйнавалі магілу ксяндза Адама Фалькоўскага.

Ад 1996 году Лідзкая гарадзкая рада БНФ "Адраджэньне" зьвярталася да гарадзкіх уладаў з просьбай даць дазвол на аднаўленьне крыжа на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага, але заўжды адмаўлялі.

І вось у першай палове дня "Свабода" атрымала паведамленьне зь месца падзеі ад Сяргея Астраўцова:

"Актывістам Таварыства беларускай мовы, а таксама Таварыству польскай культуры Лідчыны ўдалося дамагчыся ад мясцовай улады, каб чыноўнікі дазволілі ўшанаваць памяць пра ксяндза на месцы яго расстрэлу. Напярэдадні быў усталяваны камень, на якім зроблены надпіс па-беларуску і па-польску. І вось толькі што гэты помнік асьвяціў пробашч лідзкага Фарнага касьцёла Ўладзімер Гуляй. Жыхары Ліды, якіх тут сабралася больш за 30 чалавек, прачыталі малітву. Пасьля гэта да сабраных зьвярнуліся кіраўнік Таварыства польскай культуры Аляксандар Колышка, і прадстаўнік ТБМ Станіслаў Суднік".




МАГІЛЁЎ

Рыгор Кастусёў наведаў пасьля Курапатаў Крыж памяці ў Магілёве

У Магілёве згадвалі ахвяраў бальшавіцкага тэрору і савецкага таталітарызму ля крыжа памяці, што на праспэкце Дзімітрава. На месца масавых расстрэлаў людзей прыйшлі два дзясяткі актывістаў мясцовых няўрадавых і палітычных арганізацыяў.

Грамадзкае ўшанаваньне бязьвінна забітых людзей традыцыйна пачалося з ускладаньня кветак ды вянкоў да крыжа. Былі запаленыя й сьвечкі памяці. Тут жа адбыўся непрацяглы мітынг. У ім удзельнічаў вылучэнец ад Партыі БНФ на кандыдата ў прэзыдэнты Рыгор Кастусёў:

"Штогод я ўдзельнічаю тут у памятных мерапрыемствах. Гэтае месца такое ж знакавае, як і Курапаты. Таму й пасьпяшыў зь Менску, пасьля ўдзелу ў шэсьці да Курапатаў. Мы ўшаноўваем памяць ахвяраў сталінскага рэжыму. Мы павінны памятаць пра іх мужнасьць і бараніць іх справы і мары".

Колькі было забіта людзей у гайку, дзе цяпер кар’ер, невядома. Вынікі адмысловай камісіі, якая дасьледавала паходжаньне выяўленых у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя людзкіх парэшткаў, засакрэчаныя. Родзічы забітых сьцьвярджаюць, што масавыя расстрэлы людзей тут адбываліся ад 1936 да 1938 гадоў. Забіваць жа ў безыменным гайку бальшавікі пачалі яшчэ ў 1918 годзе. Першай іх ахвярай стаў каталіцкі сьвятар Яўген Сьвятаполк-Мірскі.

Магілёўскія ўлады ня супраць усталяваньня памятнага знаку на месцы масавых расстрэлаў людзей, але без рэлігійных прыкметаў, то бок бяз крыжа.

Крыж памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору і савецкага таталітарызму ў Магілёве

Рыгор Кастусёў каля крыжа памяці ў Магілёве

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

У Пінску на могілках "будзілі" тых, хто загінуў ад выбуху на ЗАТ "Пінскдрэў"

У Пінску сёньня на могілках "Пасянічы", дзе пахаваныя ўжо дзевяць ахвяраў выбуху на "Пінскдрэве", сабраліся родныя, блізкія нябожчыкаў і неабыякавыя людзі. На могілках людзі "будзілі" чатырох загінулых, якіх пахавалі ўчора.

У Баранавічах актывісты дэмакратычных партый і рухаў правялі традыцыйную акцыю ўшанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсій. Акцыя праводзіцца штогод з 1992 году. Дэмакратычная супольнасьць яшчэ на пачатку 1990-х усталявала ў цэнтры гораду крыж у памяць ахвяраў. Але ўлады перанесьлі крыж з цэнтру гораду на ўскраіну — на скрыжаваньне вуліц Пірагова і Смаленскай.

Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца кажа, што падчас акцыі мінакам раздавалі інфармацыю пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій:

"Каля крыжа былі запалены зьнічы. Тыя, хто сабраўся, прасьпявалі "Магутны Божа". Мінакі атрымалі з рук удзельнікаў шэсьця інфармацыйныя буклеты пра сталінскія часы і рэпрэсіі".

У Івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай прайшла літургія, вернікі маліліся за рэпрэсаваных. У малітвах вернікі ўзгадалі Рамана Скірмунта, шыльда ў гонар якога знаходзіцца на будынку царквы. Пасьля літургіі парафіяне накіраваліся на Целяханшчыну — на малую радзіму грэка-каталіцкага сьвятара Баляслава Пачопкі. Намаганьнямі вернікаў у Целяханах была знойдзена магіла сьвятара. Знайшліся і яго нашчадкі, якія цяпер жывуць у Польшчы.

На могілках у Пінску

На могілках у Пінску

ГОМЕЛЬШЧЫНА

На восеньскія Дзяды — у храм

На Гомельшчыне восеньскія Дзяды адзначаюць у розных мясьцінах па-рознаму. Напрыклад, у вёсцы Сіманічы Лельчыцкага раёну звычайна запрашаюць на могілкі сьвятара.

Што адбываецца далей, апавядае вясковая кабета зь Сіманіч, спадарыня Кацярына:

"У нас у вёсцы ходзіць сьвятар на могілках, Богу моліцца й памінае памерлых. Людзі зьбіраюцца. Кветкі нясем, ліманад — віно не нясем. Рэдка каторыя нясуць віно. Ну, а што ад таго віна? Каб панапіваліся ды ляжалі ля крыжоў?"

Бліжэй да Гомелю, у Рэчыцкім раёне, на Дзяды мясцовыя жыхары ідуць ня столькі на могілкі, каб прыбраць іх, колькі ў царкву.

Апавядае спадарыня Валянціна, жыхарка Гарошкава — вёскі, дзе нарадзіўся слынны беларускі паэт Анатоль Сыс:

"Ідуць у царкву, бяруць хлеб, цукар, цукеркі — пачастункі такія. Нясуць гэта ўсё ў царкву. Там кладуць на столік і паперку пішуць за спачын памерлых. Сьвятар служыць спачатку агульны малебен, а потым ужо пры канцы, калі служба завяршаецца, чытае імёны кожнага паасобку. Кожнага, хто ў запісцы пазначаны".

У Гарошкаве сваёй царквы няма, таму людзі ідуць альбо едуць у Заспу, Броннае ці нават у Рэчыцу.

Пасьля ўрачыстай службы вяртаюцца дамоў і абедаюць:

"Прыходзяць з царквы звычайна, і ўжо блізкія садзяцца й абедаюць. Звычайна на стале трэба, каб былі боршч і каша. Сьвечку запаляць, устануць, "Ойча наш" пачытаюць і пачынаюць абед.

Нанач на стале пакідаюць ваду — хто што ў талерачцы — і кусочак хлеба. Гэта для дзядоў — для тых, каго паміналі".

Прыкладна такога ж рытуалу трымаюцца на Дзяды й вяскоўцы суседняй Заспы.

Апавядае спадарыня Ліда, якая родам з Добрускага раёну, але стала жыве ў Засьпе:

"На Дзяды ў нас на могілкі ня ходзяць, ходзяць на Радаўніцу. А Дзяды адзначаюць дома. Стравы такія — і рыба, і каўбаса, і ўсё такое. Пасядзелі, памянулі продкаў сваіх — царства ім нябеснае. І ўсё. А на магілкі мы ня ходзім на Дзяды".

На здымку: могілкі ў вёсках Заспа й Гарошкаў Рэчыцкага раёну.

Могілкі ў вёсцы Заспа Рэчыцкага раёну

Могілкі ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG