Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты адведалі пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсій пад Віцебскам


Мэмарыял пад Паляямі

Мэмарыял пад Паляямі

Як і штогод гэтай парой, актывісты прыбралі тэрыторыю самаробнага мэмарыялу каля вёскі Паляі Віцебскага раёну, дзе ў 1930-50-я гады адбываліся масавыя расстрэлы мірных грамадзян.

Месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля вёскі Паляі адзначана мэмарыяльнымі крыжамі, усталяванымі ў розныя гады. Віцебскія апазыцыянэры пачалі ўсталёўваць крыжы ў гэтых мясьцінаў яшчэ 20 год таму. Але мэмарыяльныя сымбалі час ад часу зьнішчалі невядомыя вандалы. Цяпер тут стаіць высокі жалезны крыж з надпісам «Ахвярам таталітарнага рэжыму» і некалькі меншых, драўляных крыжоў.

Пра трагічныя падзеі пад Паляямі ведаюць і тамтэйшыя старажылы, і гісторыкі ды краязнаўцы. Прадстаўнікі віцебскіх дэмакратычных структур таксама не абыходзяць увагай гэтыя мясьціны. Тут пэрыядычна праводзяцца добраўпарадкаваньні, а зусім нядаўна на месцы масавых растрэлаў пабывалі прадстаўнікі пратэстнага руху супраць сьмяротнага пакараньня, пра што сьведчаць улёткі, прымацаваныя да дрэваў.

Улёткі «Не — сьмяротнаму пакараньню»

Старшыня віцебскай абласной суполкі партыі БНФ Кастусь Смолікаў распавёў, што ёсьць пляны усталяваць яшчэ некалькі крыжоў — пашырыць тэрыторыю самаробнага мэмарыялу. Аднак існуе пагроза, што ён можа быць увогуле зьнішчаны мясцовымі ўладамі.

Напрыканцы верасьня Кастусь Смолікаў атрымаў ліст з Варонаўскага сельсавету, дзе яму, як асобе, якую суд летась прызнаў вінаватым у самаўпраўстве, загадана самастойна зьнесьці ўсталяваныя пад Паляямі крыжы. У іншым выпадку, напісана ў афіцыйнай паперы, мясцовыя ўлады пакідаюць за сабой права зрабіць гэта самастойна.

Кастусь Смолікаў прыбірае тэрыторыю мэмарыялу.

«Вядома, нішчыць крыжы, якія тут усталяваныя ў памяць пра бязьвінна занінулых людзей, я ня стану, — кажа спадар Смолікаў. — І пакуль іх ніхто не чапае. Калі на загад сельсавету іх зьнясуць — гэта будзе ганьба для ўладаў».

Крыжы на ўзьлеску каля вёскі Паляі добра відаць з шашы Віцебск—Лёзна. Віцебскія актывісты спадзяюцца, што некалі тут будзе зроблены сапраўдны мэмарыял, але пакуль на гэткія прапановы мясцовыя ўлады рэагуюць адмоўна.

Кветкі і сьвечкі ля падножжа мэмарыяльнага крыжа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG