Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Сяргей Санька


Сяргей Санька. Здымак Арцёма Канцавога.
Сяргей Санька. Здымак Арцёма Канцавога.

У Беларускай Майстроўні трыццаць гадоў таму гэта быў самы незвычайны зь яе ўдзельнікаў. Спачатку вы заўважалі сярод студэнцкае грамады ягоную сівую галаву. Потым даведваліся, што ён праштудыяваў увесь “Капітал” Карла Маркса, і нават, здаецца, у арыгінале. Далей высьвятлялася, што ён захоплены беларускім паганствам і этнакасмалёгіяй. А ўрэшце высьвятлялася, што ён – фізык з адпаведнага факультэту БДУ.




Гэты амаль касьмічны прышэлец сьпяваў разам з усімі “Куру-шчабятуру” і паводзіўся зусім па-таварыску. У Майстроўню ён прыйшоў амаль з самага яе пачатку ў 1980-м і ўдзельнічаў у ёй да самага яе канца ў 1985-м. Сяргей Санька са сваёй найноўшай гісторыяй у сёньняшняй перадачы “Вострая Брама”.

ПРАДСТАЎНІК АНТЫЧНАГА ЭТНАСУ


Санька: “Я ўжо на першым курсе быў добра белы. А пачаў сівець, напэўна, у пятай клясе. Я вельмі пераймаўся з гэтай прычыны. Фарбаваўся нават. А потым кінуў. Хай так будзе. Пасьля прачытаў у Герадота, што недзе блізу нашых краёў жыў народ, які вылучаўся тым, што людзі з маленства былі ўсе сівыя. Ну дык нармалёва! Прадстаўнік старажытнага тутэйшага этнасу антычнага.

Мне, можна сказаць, пашэнціла. Таму што калі я паступіў на першы курс фізфаку ў 1980 годзе, у маёй групе быў малодшы Запрудзкі, Ігар. Ну і на бульбе нас пасялілі з Ігарам у адной хаце. Я й да таго цікавіўся гісторыяй Беларусі. І мы натуральна неяк зь ім адразу пасябрыліся. І дзе-небудзь там пад стажком прылёгшы, разважалі пра розныя цікавыя для нас рэчы.

Так вот атрымалася, што раптам у асяродзьдзі фізыкаў, якія, канечне, ні слыхам ні дыхам пра такія рэчы, знаходзяцца два чалавекі, якія ўтвараюць маленькую групку. Пазьней яшчэ зь фізыкаў далучыўся Міклашэвіч Ігар. А так з Запрудзкім мы цэлы месяц былі разам, зблізіліся, пазнаёміліся добра. І прыехаўшы ў Менск, ужо калі пачаліся заняткі, зрабілі такі нахабны крок. Мы вырашылі наведаць Караткевіча.

КАРАТКЕВІЧ І ФАНТАСТЫКА


Мы палічылі, што гэта дастатковая нагода – я з Воршы і Караткевіч аршанец. Наведаць земляка -- гэта нармальна. Прыйшлі. Ён хварэў вельмі моцна на той момант. У ложку ляжаў. Мы там пабылі можа з гадзіну. Караткевіч неяк так ажывіўся. Калі даведаўся, што мы фізыкі, пачаў падбухторваць, каб мы заняліся стварэньнем жанру беларускай фантастыкі у літаратуры. Канечне ўразіла тое, што ён смаліў гэты беламор літаральна кожныя тры хвіліны. Адну за адной, адну за адной. Гэта пры тым, што ён ляжаў у ложку. Гэта 1980 год, кастрычнік.

А потым наша куратарка вырашыла зрабіць нам пазакляснае чытаньне. Што-небудзь па гісторыі Беларусі. Я зрабіў невялікі рэфэрат пра Сымона Буднага, а Запрудзкі пра Скарыну. І мы трошкі так нашу публіку спрабавалі падзавесьці. А потым Ігар і кажа: а ты ведаеш, што ёсьць такая Майстроўня? Кажа, у мяне брат вучыцца на філфаку, там народ зьбіраецца, песьні развучвае, там, кажа, цікава. Давай пойдзем. Ну давай пойдзем. Ну і пайшлі. І так я ўжо пачаў наведваць Майстроўню.

Натуральна, вельмі спадабалася. Уразіла само асяродзьдзе. Канечне, я там як фізык быў белай варонай, бо там у асноўным былі мастакі, зь філфаку, журналісты”.

БЕЛАЯ ВАРОНА


Дубавец: Белай варонай Сяргей быў і на сваім факультэце: фізык сярод лірыкаў, лірык сярод фізыкаў. Арына Вячорка тады вучылася на суседнім мэхмаце.

Арына Вячорка. Аўтар фота Арцём Канцавы.
Арына: “Я вучылася на мэханіка-матэматычным факультэце і сябравала зь фізыкамі. І я прыдумала, што буду рабіць лекцыі. Ну чым можна прывабіць фізыкаў-матэматыкаў? Даць ім інфармацыю з гісторыі і культуры Беларусі. Я стварыла суполку “Пагоня” і зрабіла сустрэчу фізыкаў і матэматыкаў зь Юхо па гісторыі Статута Вялікага княства Літоўскага, запрасіла вядомага гісторыка юрыдычнай навукі. На гэтую сустрэчу прыйшлі Ігар Міклашэвіч, Сяргей Санька, Ніна Ваўчок. Мы выпусьцілі газэту “Пагоня”. Павесілі на мэхмаце, потым павесілі на фізфаку. Гэта быў 1981 год. Санька адразу прыйшоў у Майстроўню, быў у захапленьні і адразу быў уключаны ў актыў”.

Дубавец: Вучоба на фізычным факультэце давалася Сяргею лёгка, таму выкладчыкі даравалі яму пропускі лекцыі. А ён тым часам сядзеў у бібліятэцы-“ленінцы” і захапіўся філязофіяй. Невядомая сіла цягнула яго да гуманістыкі, якая ўрэшце стане ягоным жыцьцёвым выбарам.

Санька: “Паралельна захапіўся філязофіяй, у тым ліку старагрэцкай і індыйскай. З аднаго боку – фізыка, найперш цікавіўся астрафізыкай і касмалёгіяй, з другога боку – цікавасьць да народнай астраноміі пачала зьяўляцца і да міталёгіі, і яна ўрэшце ўзяла верх. Фізыкай я практычна не займаюся”.

Дубавец: Сфэра зацікаўленьняў уплывала на кола знаёмстваў. Найбольш часу Сяргей праводзіў не з сукурсьнікамі, а на гістарычным факультэце, з філёзафамі.

МЕНСКАЯ ТУСОЎКА


Санька: “На той момант з гісторыкамі мы ўжо пачалі займацца палітычнай гісторыяй і нават прадумвалі варыянты стварэньня апазыцыйнай палітычнай партыі. Гэтае пытаньне мы потым кулюарна абмяркоўвалі зь Вінцуком, з Гермянчуком. Я тады даволі сур’ёзна закапаўся ў штудыяваньне клясыкаў марксізму, увесь “Капітал” праштудыяваў, асабліва Марксавы раньнія філязофскія рукапісы, працы па крытыцы гегелеўскае філязофіі права. Там такія пасажы пра бюракратыю! А гэта ж самы застой брэжнеўскі. Там проста ўсё ў кропку біла.

На занятках астранамічнага гуртка, які Сяргей Санька вёў у Менскім плянэтарыі, 1984 год.
З гісторыкаў былі Толік Мінчанка, ён працуе дырэктарам школы ў Лоеўскім раёне, і Коля Новікаў, ён у Гомелі і ў апазыцыйных партыях удзельнічаў, здаецца, і дэпутатам гарадзкога савету быў. Потым Кася Камоцкая. Гэта найбліжэйшае кола. Зь філёзафамі я пазнаёміўся, такі быў, ён памёр, Купцоў Сяргей. Празь яго з Камоцкім пазнаёміліся.

З Бабковым паралельна пазнаёміліся. Мы хадзілі на каву з Купцовым рэгулярна. Насупраць цэнтральнага ўнівэрсаму. Цяпер там піцэрыя нейкая. А тады кавярня “Нёман”, здаецца, была. Там была нармальная кавярня і там такі цікавы бармэн працаваў. Мы ўжо ў яго заўсёднікі былі, прыходзілі, як звычайна, бралі 50 грамаў каньяку, каву, і ён ужо рабіў нам каву такую нармальную. Часам далучаўся таксама паслухаць, што мы там разумнае размаўлялі. І туды ж Бабкоў хадзіў з адным літоўцам, які вучыўся на філязофскім аддзяленьні. Віктарас. Яны тады фанацелі ад Хайдэгера і ад дзэн-будызму. Ну а мы з Купцовым ужо наадварот, заварочваліся на чыста беларускія справы.

Менская тусоўка, яна была і шырокая і ў той жа час нейкая такая камэрная. Як малыя сацыяльныя сьветы, якія цяпер вывучаюць псыхолягі, дзе хаця б праз аднаго чалавека кожны кожнага ведае. Вёска ў вёсцы, у вялікай гэтай вёсцы, у Менску. І так яно й застаецца. Зь некаторымі гадамі ня бачымся, а потым бах, раптам дзе-небудзь сустрэліся – о!”

НАРАДЖЭНЬНЕ КРЫЎІ


Дубавец: Калі Сяргей прыгадваў, як фармавалася ягонае кола знаёмстваў, гаворку перарваў званок. Тэлефанаваў Тодар Кашкурэвіч. І пасьля размова доўжылася ўжо пра яго.

Санька: “Тады ж праз год, недзе ў 1986-м мы з Тодарам пазнаёміліся. Але што цікава. Мы сустракаліся, на каве, на рытуальных абыходах кавярных месцаў у цэнтры – “пад гадзіньнікам”, цэнтральны ўнівэрсам, “пярцоўка” і... бясконцыя размовы пра ўсё на сьвеце. Дык мы размаўлялі з Тодарам пра ўсё на сьвеце, толькі не размаўлялі пра тое, чым займаліся тайна, кожны сам у сабе – міталёгіяй і гісторыяй Беларусі, але ў такім ключы, у якім мы зараз, скажам, займаемся. І атрымалася вельмі сьмешная рэч. У нас быў агульны знаёмы Ігар Бабкоў. І вось пасьля аднаго з паседжаньняў мы з Бабковым стаялі на прыпынку і нешта пра рознае ўсякае размаўлялі. Я трошку, некалькі тэзісаў пра сваё бачаньне крыўскай праблематыкі агучыў. А ён мне кажа: ты ведаеш, я гэта ўжо чуў. Я кажу: як ты мог гэта чуць, калі я яшчэ нікому не распавядаў такога. А я, кажа, чуў, ведаеш такога Кашкурэвіча? Я кажу: канечне, ведаю. Ну дык ад яго я й чуў.

На занятках астранамічнага гуртка ў Менскім плянэтарыі, 1984 год.
І тады мы з Тодарам проста сустрэліся. Я яму распавёў гэтую гісторыю. Узялі бутэльку нейкага добрага віна, пайшлі да яго ў майстэрню ў цэнтры, тады яна была на Рэвалюцыйнай, і пачалі высьвятляць, што мы пра гэта ўсё думаем. І аказалася, мы думаем даволі сынхронна і паралельна. І тады мы й пачалі. Потым прыйшла і назва гэтага цэнтра этнакасмалёгіі -- Крыўя. Сталі новыя людзі далучацца. Пачыналася гэта ў 1988 годзе, так і працягваецца. Але гэта быў той імпульс, які ішоў ад Майстроўні, таму што і Тодар жа, хоць ён у Майстроўні ня ўдзельнічаў непасрэдна, але гэта было тое самае асяродзьдзе мастакоўскае, якое збольшага і ў Майстроўні было прадстаўлена. Гэнік Лойка...

Кола зносінаў увесь час пашыралася. Сяброўскія кампаніі зьбіраліся то ў Сушы, то ў Камоцкіх, то ў Вінцука, то яшчэ дзе-небудзь.

Малюнак Сяргея Крыштаповіча на пасядэжньні Беларускага навукова-гуманітарнага таварыства (БНГТ), лістапад 1992 году.
Ну і потым па хуткім часе, калі мы пасканчалі свае ўнівэрсытэты, пачалася перабудова і нефармальныя рухі. З аднаго боку паўсталі Талака, Тутэйшыя. З другога боку ўтвараецца БНГТ, Беларускае навукова-гуманітарнае таварыства, дзе мы з Генадзем Сагановічам і блізка сышліся і пачалі вельмі актыўна працаваць. Гэта 1988 год. Сэрыя ішла: БНГТ, Мартыралёг Беларусі, уся гэтая кампанія па стварэньні новых формаў аб’яднаньня”.

Дубавец: Калі пералічыць усе рознапрофільныя аб’яднаньні, якім так ці йнакш дала імпульс Майстроўня, атрымаецца ладны сьпіс. А калі дадаць яшчэ асобных творцаў, якія адбыліся ў культуры й зрабілі ўплыў на працэс нацыянальнага адраджэньня, дык можна скласьці й цэлы даведнік.

Але тое, што адбылося, -- навідавоку. А вось тое, адкуль прыйшлі ўсе гэтыя людзі і як яны сфармаваліся такімі, а не распусьціліся ў людзкой плыні – гэтая інфармацыя звычайна застаецца нераскрытай, бо ў кожнага быў свой шлях, свой зыход.

АРШАНСКАЕ ДЗЯЦІНСТВА


Санька: “Бацька з аднаго кута, маці – з цалкам супрацьлеглага. Бацька з заходняга Палесься, з Маларыцкага раёну. Гэта паўднёва-заходні край Беларусі. Там колькі кілямэтраў і ўжо Ўкраіна пачынаецца. Маці з другога краю, паўночна-ўсходняга, Дубровенскі раён. Там літаральна кілямэтраў можа пятнаццаць, і Смаленская вобласьць.

Бацька быў чыгуначнік. Ён скончыў актыўную кар’еру галоўным інжынэрам дыстанцыі сыгналізацыі сувязі – так называлася. Гэта стрэлкі, сьветлафоры, усё такое. І дарэчы я там таксама пасьпеў год папрацаваць электраманцёрам сувязі. А маці працавала ў кінапракаце”.

Дубавец: Нібыта ў сям’і нішто не абяцала Сяргею таго жыцьцёвага шляху, якім ён пайшоў... Калі ён распавядае пра сваю эвалюцыю, мне шмат што падаецца знаёмым. У 1970-я гады ў Беларусі цэлае пакаленьне падлеткаў раптам апынулася ў пасіянарным полі. На гэтым пакаленьні сыстэма страчвала гіпнатычную сілу свайго ўзьдзеяньня. Яны ўжо ані так баяліся, ані так фанатычна верылі, як папярэднікі. Але яны й не былі так разгубленыя перад няяснай будучыняй, як наступнікі. Ніхто з тых падлеткаў яшчэ не сумняваўся ў вечнасьці таго ўкладу, які замацаваўся навокал, а гэта значыць, іх заўтрашні дзень быў ясны. Рэпрэсіўная машына таталітарнага грамадзтва таксама дзейнічала прадказальна і правілы гэтай гульні выглядалі непарушнымі. Словам, склаліся па свойму камфортныя ўмовы для таго, каб можна было думаць, проста думаць без аглядкі, бяз боязі, без самакантролю і самагіпнозу. Інакш кажучы, у 1970-я гады сыстэма цалкам страціла ўплыў на тое, што адбывалася ў галовах у падлеткаў. Магчыма, таму і ўзьнікла Майстроўня менавіта тады, калі яна ўзьнікла.

У краязнаўчай вандроўцы па Стаўпеччыне, лістапад 1980 году.
Санька: “Недзе ў першай клясе я выпрасіў у сястры, каб яна купіла мне падручнік астраноміі. І я сядзеў, гэты падручнік за 10-ю клясу чытаў. Потым таксама вельмі рана цікавасьць да этнаграфіі зьявілася. Праз кніжкі пра індзейцаў. У чацьвертай-пятах клясах у нас свая каманда была. Мы гулялі ў індзейцаў. Старанна выпісвалі з кніжак індзейскія словы, старанна іх вывучвалі, рабілі галаўныя ўборы з індычыных пер’яў. Тады цікавасьць да археалёгіі зьявілася. Мы пачалі абсьледаваць Воршу.

Першае, што мы зрабілі – адшукалі... Нідзе ж не было напісана, дзе Куцеінскі манастыр. У кніжках напісана, што быў, друкарня была, а дзе?.. І вот мы неяк зімой невялікім гуртом маіх сяброў-аднаклясьнікаў сабраліся і пайшлі шукаць. Хадзілі-хадзілі, распытвалі-распытвалі. Нехта падказаў, што напэўна недзе ў раёне ільнокамбінату. Селі на аўтобус, прыехалі туды. І сапраўды, там мы ўжо хутчэй з’арыентаваліся. Там, канечне, быў склад нейкі. Аўтапарка нейкага. Мазут стаяў у самым манастыры. Была нядзеля. Народу там не было, толькі вартаўнік. Мы дастаем пасьведчаньні, што мы члены Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (маркі ж куплялі). І дзеду, які вартаваў, пачынаем заліваць, што мы хацелі б абсьледаваць аб’ект. Дзед слухаў-слухаў і адчыніў нам гэты склад. Мы ўсё там паглядзелі, старанна ў блякноціках запісалі што бачылі.

Ну вот, мы знайшлі гэты манастыр. І пры першым наведваньні заўважылі, што ёсьць там скляпеньні і яўна падземныя хады. Сам гэты дзед распавёў нам, што ёсьць некалькі падземных хадоў. Адзін ідзе туды, дзе на той момант стаяла ракетная частка. Туды не пускалі ў лес наогул. Там разваліны Ўсьпенскага жаночага манастыра. А другі нібыта ішоў пад Дняпром і выходзіў у раёне гарадзішча, там, дзе замак стаяў Аршанскі. І яшчэ кудысьці.

Мы заўважылі, дзе гэтыя хады і падрыхтаваліся. Звычайна я быў завадатарам, у мяне такі “маторчык” быў. Набралі ліхтарыкаў, сьвечкі, запас ежы (а раптам засыпле), даўгую вяроўку, каб не заблукаць. І прыйшлі таксама, калі нікога там не было. І пайшлі ў адзін з гэтых хадоў.

На курганным могільніку каля м. Бабінавічы Лёзьненскага р-ну, жнівень 1981 году.

Так гэта ўсё сплаўлялася – цікавасьць да індзейскай этнаграфіі і этналёгіі наогул, да археалёгіі і гісторыі канкрэтна Воршы... А фізыка ўвайшла ўва ўсе гэтыя мае зацікаўленьні трохі неяк і выпадкова. Я цікавіўся, і з паяльнікам дома сядзеў. Прымачы такія прымітыўненькія паяў. Ну і быў гурток у нас у школе. Радыёаматарскі. Настаўнік фізыкі вёў. І вось у сёмай клясе пачалася фізыка. І неяк на школьнай алімпіядзе я першае месца заняў. На наступны год неяк так атрымалася, што першае месца ў школе, у горадзе, у вобласьці, ну і пасылалі на рэспубліку. А паколькі я наогул чалавек, які захапляецца, я й захапіўся. Ну і калі ўжо па сканчэньні пытаньне паўстала, куды падацца, ну канечне, -- БДУ, фізфак.

Каб не Майстроўня, хутчэй за ўсё, шмат што склалася б інакш. Хутчэй за ўсё я ўсё роўна запаралеліўся б у філязофію, як гэта атрымалася ўжо на першых курсах. Але беларускую афарбоўку ўсяму гэтаму толькі Майстроўня дала”.

На індалягічнай канфэрэнцыі ў Алматы, лістапад 2009 году.

АПОШНЯЕ КУПАЛЬЛЕ


Дубавец: Сяргей Санька – сьведка самай апошняй майстроўскай акцыі – Купальля 1985 году на радзіме Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне.

Санька: “Гэта ў прынцыпе ўжо канец Майстроўні як Майстроўні, гэта 1985 год, пачатак перабудовы, Купальле ў Коласа, калі аблава была. Там мяне, Камоцкага, нашых жонак, Касю і маю жонку павязалі, Івашкевіча, пару левых нейкіх, незнаёмых, мы нават падазравалі, што можа гэта нейкія стукачы, абсалютна нейкія незнаёмыя хлопцы былі. Гэта 1985-ы. Якраз толькі ў траўні, здаецца, Гарбачоў выдае антыалькагольны ўказ і паколькі нічога не змаглі інкрымінаваць, апошняе было абвінавачваньне ў калектыўнай п’янцы на прыродзе. Там канечне па сто грам уначы было выпіта, але ніхто ж п’яны ня быў. Тым больш на сьвежым паветры і скакаўшы цэлую ноч.

Але прывезьлі ў Стоўбцы ў аддзяленьне. Прыехаў нейкі палкоўнік зь Менску, кадэбіст. Мы з Камоцкім сядзелі і ўзгоднена пісалі тлумачэньне. Як мы патрапілі, што за сымболіка... Але, канечне, іх найперш цікавіла ня гэта. Ім трэба быў кампрамат на Вінцука, на Сокалава-Воюша. Сяржук тады працаваў там у музэі, натуральна яго пасьвілі. Яго абвінавацілі канкрэтна ў пасечцы леса. Мы то стараліся сушняк зьбіраць на вогнішча, але тым ня менш абвінавацілі ў гэтым. Пасьля чаго ён адтуль зьехаў.

Вандроўка на Сьцёп-камень, лістапад 2007 году. Cправа ад Сяргея этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.
Ну а мы з Камоцкім прыкінуліся шлангамі і замест таго, каб пісаць па канкрэтна зададзеных пытаньнях, я пачаў разьліваць ваду пра сымболіку, што гэта старажытная міталёгія... Карацей, цэлы трактат напісаў. Натуральна, мянтам гэта ўсё было нецікава. А перад тым яшчэ дамовіліся. Івашкевіч кажа: хлопцы, я чалавек рабочы, мне ўсё роўна нічога ня зробяць, мне апроч ланцугоў губляць няма чаго, так што кажыце, што я запрасіў вас. А я ўжо буду іх пасылаць. Ну мы й напісалі, што запрасіў Віктар Івашкевіч на традыцыйнае сьвяткаваньне. Зьвязана з сонцастаяньнем, такі момант у прыродзе...

Там былі моманты напружаньня, калі мянты хацелі праз Касю і маю жонку націскаць. Нібыта заводзілі іх у асобныя кабінэты. Мы адразу сказалі, што жонкі цяжарныя. Гэта была амаль што праўда па тэрмінах. І мянты супакоіліся. Іх не чапалі, толькі нас з Алесем апытвалі. Пратрымалі напэўна гадзін да васьмі раніцы. А аблава была гадзіне аб чацьвертай. І адпусьцілі”.

Дубавец: Пералік аб’яднаньняў і пэрсанажаў культуры, якія выйшлі з Майстроўні, мог бы скласьці ладны даведнік. Але яшчэ і шмат якія новыя для тагачаснай Беларусі справы і кірункі таксама нарадзіліся там.

Санька: “Нават такі прыклад. Зараз рыхтуецца трэцяе выданьне слоўніка беларускай міталёгіі. На гэты раз рэдактарамі я і Тацяна Валодзіна. Слоўнік значна пашыраны. Але імпульс ішоў ад курсавой працы Сакалава-Воюша, дзе ён даваў сьпісы міталягічных пэрсанажаў. Нейкі такі імпульс ішоў ад гэтага. Потым я пачаў гэтым займацца сыстэматычна, і працягваю займацца.

Апошнія пяць гадоў я працую ў Інстытуце філязофіі Акадэміі навук у групе, якая займаецца падрыхтоўкай шасьцітомнага выданьня Гісторыі філязофскай і грамадзка-палітычнай думкі Беларусі. Пераважна гэтым даводзіцца займацца ў Інстытуце. Ну а ў астатні час – гэта маё і Тодара Кашкурэвіча дзецішча – цэнтар этнакасмалёгіі Крыўя. Які можна лічыць таксама і дзецішчам Майстроўні.

На прэзэнтацыі альманаха “Druvis”, студзень 2009 году. Сяргей Санька, Дэйнюс Разаўскас, Аляксей Дзермант, Тодар Кашкурэвіч.

Я ня ўпэўнены, што калі б не было Майстроўні, мой пэрсанальны лёс склаўся б так, як ён складваецца і склаўся. Ну займаўся б я фізыкай, як і ўсе фізыкі. Можа быць, як мае многія сябры, ужо атабарыўся дзе-небудзь у Нямеччыне ці Канадзе. Але я пайшоў іншай дарожкай”.

УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”

Сувязь з аўтарам праз dubaviecs@gmail.com.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG