Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі чалавек у чорным плашчы, у якога я папрасіў прыкурыць ранкам 26-га, настойліва прапанаваў мне пакінуць запалкі вытворчасьці пінскай фабрыкі ў сябе, а ў пачку ляжала колькі абгарэлых запалак, я зразумеў, што Цэнтар хоча, каб я ехаў у Пінск. Перадатчык, у сувязі з крызісам, жудасна трашчаў, пстрыкаў, шыпеў і сьвістаў, таму атрымаць больш дакладныя ўказаньні не выпадала. Давялося кіравацца інтуіцыяй. Найперш трэба было замесьці сьляды, для чаго я накіраваўся ў суполку minsk_by, нібыта напрасіцца да каго-небудзь у спадарожнікі. Прапанову атрымаў, а сам паехаў цягніком, бо сапраўдныя агенты ў машыну, якая першай пад'яжджае па выкліку, не садзяцца.

Убачыўшы праз шэсьць з хвосьцікам гадзінаў дарогі зялёныя літары «П І Н С К» у цемры, я згадаў «зялёную заморскую баланду», якой мяне ўвесь час папракае прафэсар Байнёў, пасьміхнуўся і пайшоў шукаць на новенькім вакзале пункт харчаваньня. Нягледзячы на ўвесь мармур, бляск элемэнтаў хай-тэку ды іншую мадэрнізацыю, праведзеную на вакзалах многіх беларускіх гарадоў, вакзальныя забягалаўкі чамусьці засталіся практычна незакранутымі пераменамі. Хаця ў іх ужо ня часта можна сустрэць пазелянелую мойву і счарнелыя яйкі пад зажоўклым маянэзам, асноўны прынцып фармаваньня мэню захаваўся той самы: мінімум гародніны і зеляніны, мінімум малочных прадуктаў, адсутнасьць здаровай гарачай ежы (ані зялёнага, ані чырвонага супчыку, ані кашы з маслам), пры максымуме тлустых, смажаных на машынным алеі і багатых на халестэрын страваў. Не была выключэньнем і забягалаўка на пінскім вакзале.



Здымак запазычаны ў блогу valery_brest_by - я асьцярогся расчахляць свой фотаапарат у перадсьвітальным буфэце, каб ня выдаць сваёй шпіёнскай сутнасьці, але такую самую карціну, зь невялікімі варыяцыямі, можна ўбачыць ва ўсіх вакзальных забягалаўках нашай краіны. І гэтыя людзі будуць кляйміць Макдональдс як рассаднік атлусьценьня і гастрыту!

Колькі павольных восеньскіх мух у паветры, сонная прадавачка, якая нязлосна скардзіцца на тое, што ў яе ўжо галюцынацыі пасьля ночы за прылаўкам. За адным сталом захмялелая пара: маладзіца, пякучая фарбаваная брунэтка пад мэтар дзевяноста, а на абцасах і ўсе два мэтры, у куртатых тонкіх шортах, фіялетавых калготках і лёгкай дэрматынавай куртачцы (сёньня столькі гаворыцца пра нягодных мусульманаў, якія прымушаюць насіць жанчын паранджу ці хіджаб, каб хто ўпікнуў эўрапейцаў за гэтыя шорцікі і калготкі ў мароз, у якія яны вольна ці нявольна прымушаюць апранацца жанчынаў), пры ёй салідны мужчына сярэдняга росту ў саліднай скураной куртцы, бізнэсовец або чыноўнік з блудлівым поглядам. Ён перашчыраваў з частаваньнем сваёй спадарожніцы алькаголямі, цяпер дакарае яе: «Ат, ну што ж ты так напілася, га?». І спрабуе адпаіць бездапаможную волатку кавай. За другім сталом кампанія моладзі - трое хлопцаў і дзяўчына. Аднаму з хлопцаў відавочна не даспадобы, што дзяўчына толькі адна і яна зь іншым, але гэта ягоны сябра, таму ён толькі куражыцца і выпендрываецца, удаючы зь сябе больш п'янага, чым ён ёсьць насамрэч. Кудысьці рвецца ў бойку, лухціць непадсяваную лухту, радуючыся, бачачы падбадзёрвальную ўсьмешку на твары дзяўчыны (ох ужо гэтыя падбадзёрвальныя ўсьмешкі!). Яе «законны гаспадар» пераказвае тост пра птушачку з «Каўкаскай палоньніцы», усе разам сьмяюцца, як быццам толькі ўчора паглядзелі фільм. І неадкладна выпіваюць. Трэці хлопец, у акулярах, у адрозьненьне ад першых двух, нагадвае астатнім, што «тут галоўнае ня выпіць, а сэнс»!

Дажаваўшы гамбургер з традыцыйна ня вельмі сьвежай катлетай, затое са сьвежым агурком, толькі з градкі, чаго ня знойдзеш у сталічным вакзальным буфэце, я выходжу вонкі, каб запісаць на дыктафон пасланьне таемнаму адрасату пра тое, што ў пінчукоў яшчэ ня зьнішчаная цяга да эгалітарызму і калектывізму. Бо мараль тосту пра птушачку, паведамляю я дыктафону, гучыць наступным чынам: «Так вып'ем жа за тое, каб кожны з нас, як бы высока ён ні паднімаўся, ніколі не адрываўся ад калектыву!»

Пазьней я неаднойчы пачую абурэньне, выказванае ў гутарках у грамадзкіх месцах, тым, што Ларан Арыніч, гендырэктар «Пінскдрэву», па чутках, адпачывае гэтымі днямі ў Кітаі. Народная пагалоска прыпіша яму нават знаходжаньне на нейкім фуршэце непасрэдна падчас пажару.

Ня так істотна, ці было тое насамрэч, істотна адзначыць калектыўнае перажываньне пінчукоў, якое можна ахарактарызаваць крылатай фразай расейскага філёзафа Васіля Розанава - «Калі начальства сышло...». Яны адчуваюць сябе абражанымі, падманутымі, кінутымі сам-на-сам са сваёй бядой. Улада перажываецца як штосьці аддаленае і адасобленае ад народу. І гэта датычыць ня толькі мясцовай улады.

Чакаючы ў зале чаканьня, калі разьвіднее, я назіраў, як яна запаўняецца пэнсіянэрамі. Адныя пэнсіянэры, цэлае войска пэнсіянэраў, якія ўсталі а шостай ёдкім ранкам, каб ехаць саджаць часнык ды інш. Авангард падтрымкі ўсё яшчэ дзейнага прэзыдэнта, які ўвасабляў сабой стабільнасьць і клопат пра народ.

«Пра народ ён клапоціцца... Хіба гэта клопат пра народ?!» - раптам гучыць у натоўпе старых - «Ні слова, ні паўслова нам той Лукашэнка не сказаў. Як дзе-небудзь у Тмутаракані хто загіне, ён шле спачуваньні, а пра нас што, забыў? Не прыехаў сюды. Жалобы не абвясьцілі, забаўляльныя перадачы як круцілі, так і круцяць. Грошы далі, што гэта за грошы? У Расеі вунь у дзесяць разоў болей даюць, калі што такое здарыцца...»


І г. д., і да т. п. Гнеўны выступ быў доўгі, дзяды гучна, на ўсю прыціхлую залю згадвалі назапашаныя крыўды. І ніхто не падумаў ім пярэчыць. Вакол толькі згодна ківалі галовамі. Нябачанае відовішча.

Я выбег на вуліцу перакурыць і запісаць пасланьне для таемнага адрасата. Улады здуркавалі і праз тое могуць страціць цэлы горад, дзе цяпер нават дзеці па дарозе ў школу крытычна і абурана абмяркоўваюць хібы, дапушчаныя ўладамі (у гэтым выпадку гаворка ішла пра тое, што разбор спынілі на ноч, а ўранку з-пад іх дасталі мёртвага чалавека: а што калі ён быў яшчэ жывы? чаму не працягвалі разбор уначы, наладзіўшы асьвятленьне?). А дзе ж альтэрнатыўныя сілы, гатовыя падставіць плячо дапамогі, «калі начальства сышло»?

Як любіць казаць блогер sergei_d : «Where, where... In Karaganda in the central square!» («Дзе, дзе... У Карагандзе, на цэнтральнай плошчы»).

Каб даведацца зь першых рук, чым занятыя альтэрнатыўныя сілы, я завітаў у офіс партыі «Справядлівы сьвет» у Пінску, якой сам Карл Маркс загадаў змагацца за пралетарыят. Падобна, у «Справядлівым сьвеце» залішне літаральна ўспрынялі фразу клясыка «Вызваленьне пралетарыяту павінна быць яго ўласнай справай». Пінскае прадстаўніцтва яшчэ нядаўна камуністычнай партыі займалася зборам подпісаў за... Уладзімера Някляева. Прынялі мяне ветліва, са шчырым жаданьнем чым-небудзь дапамагчы, але ў размове ўвесь час зьбіваліся з тэмы, якая цікавіла мяне, на праблемы перадвыбарнай кампаніі і непаразуменьні зь мясцовым прадстаўніцтвам партыі БНФ, якія мяне цікавілі значна меней.



(Ленін крочыць па бел-чырвона-белай дарожцы на цэнтральнай плошчы Пінску)

На сакрамэнтальнае пытаньне «хто вінаваты?» мне з выклікам, мусібыць, разьлічваючы зьдзівіць і ўразіць, адказалі: «Яго вялікасьць Капітал!». Я не зьбіраўся гэтага аспрэчваць, але ж хацеў бы ведаць падрабязнасьці. На жаль, па падрабязнасьці я зьвярнуўся не па адрасе.

Што да настрояў рабочых, яны апісваюцца, як мне сказалі ў офісе партыі «Справядлівы сьвет», адной фразай: «Ну, вы ж разумееце...». Тое было сказана актывісту партыі Міхасю Рыгоравічу пасьля колішняй ягонай публічнай сутычкі з Ларанам Арынічам. Рабочыя яму падзякавалі - ну, маўляў, малайцом, не збаяўся! Калі ж ён запытаўся ў іх - а вы што, чаго маўчалі? я ж у вашых інтарэсах... - тут яны і далі задні ход, няма дурных.

Я плянаваў пагутарыць непасрэдна з самімі рабочымі, ці гэтак жа яны думаюць і сёньня - што няма дурных вытыркацца - калі гэткая перастрахоўка можа каштаваць жыцьця (фатальныя хібы ў арганізацыі працы цэху ДСП могуць выявіцца і ў іншых цэхах). Рабочыя меліся прыйсьці на хаўтуры па сваіх калегах у рэстарацыю «Пінская шляхта», ля ўвахода ў якую я іх і чакаў. І пахаваньні, і хаўтуры ў шматлікіх выпадках набывалі палітычнае вымярэньне. Гэты канкрэтны выпадак з таго самага шэрагу, бо сьмерць рабочых на фабрыцы - рэдка калі бывае проста «трагічным здарэньнем», часьцей - злачынствам кіраўніцтва, якое чагосьці не дагледзела, на штосьці паскупілася ў пагоні за паказчыкамі. А значыць, рабочыя проста ня ў праве гэтага спускаць. Каб заўтра не рванула яшчэ дзе-небудзь.



(Гэтая песьня, узятая ў блогу czy, прысьвечаная загінулым шахтарам у мястэчку Мадзі, ЗША, і ўсім шахтарам сьвету. Як на мой погляд, ня будзе памылкай пашырыць гэтае прысьвячэньне на ўсіх працоўных, якія ствараюць матэрыяльны сьвет, рызыкуючы ўласным жыцьцём.)

Але я ня змог гэтага зрабіць, ня змог пагутарыць з рабочымі «Пінскдрэву».

Будзімір - таемнаму адрасату: мне стала не па сабе, калі я ўбачыў гэты натоўп з двухсот чалавек, нібы спрэсаваных у адзін брыкет, які ў поўным маўчаньні запаволена рухаўся з аўтобуса ў рэстарацыю «Пінская шляхта». Чорныя курткі, чорныя кепкі, пацямнелыя твары, гарбаватыя плечы, нейкая асуджанасьць і пакора лёсу. Перад вачыма паўстала машына, якая перасьледавала мяне ўвесь час побыту ў Пінску, праяжджаючы па кожнай новай вуліцы, на якую я выходзіў:



Сьледам за рабочымі, прыехаўшы апошнімі на ўласных машынах, ішло начальства, апранутае больш калярова. Зусім іначай - бадзёра і пругка, ружавашчока ўсьміхаючыся жыцьцю. І я ўбачыў, што сам больш падобны якраз да гэтых шчасьлівых начальнікаў. Тады мне стала няёмка і сорамна сядаць за адзін хаўтурны стол з рабочымі, лезьці да іх з пытаньнямі, вывуджваючы «інфармацыю» пра іх думкі і настроі. Пагатоў, яны былі ўпісаныя ў іх постаці.

У засмучаных пачуцьцях я пайшоў у найбліжэйшую забягалаўку выпіць піва. За суседнім столікам натхнёна ціўкалі і цвыркалі аб чымсьці сваім, бестурботным і вясёлым, хлопец зь дзяўчынай. Вось жа, падумаў я, паглыбляючыся ў куфаль піва, не спыняецца адвечны кругазварот жыцьця, у якім, нібы інь і ян, суседзяць і пераплятаюцца сьмерць і каханьне, гора і радасьць... У забягалаўцы, нягледзячы на тое, што прадавачкі голасна абураліся з прычыны меркаванага адпачынку спадара Арыніча ў Кітаі і нежаданьня гарадзкіх уладаў абвяшчаць жалобу, гучна іграла нейкае музычнае радыё. Гэтак яны і абураліся - перакрыкваючы яго. Таму мне ня вельмі добра было чуваць, аб чым гавораць меркавана закаханыя маладзёны, пагатоў я сьпярша не прыслухоўваўся. Потым вырашыў пацікавіцца - трэба ж мне што-небудзь дакласьці ў Цэнтар.

О, гэтыя маладзёны аказаліся закаханымі зусім не адно ў аднаго! Яны былі закаханымі ў... грошы і тавары, якія за іх можна набыць. Ледзь не гадзіну, ашаломлены, прыліпшы да свайго крэсла, я слухаў іхную гутарку. За ўвесь час яны ні словам не абмовіліся пра штосьці іншае. Якім чынам набыць як мага болей усяго патроху пры заробку ў адзін мільён. Крэдыты, інтэрнэт-аўкцыёны...

«Уяві сабе»
, - захлынаючыся ад наплыву эмоцыяў, дзяліўся зь сяброўкай юнак. - «Вось гэты клюбны гадзіньнік я набыў на інтэрнэт-аўкцыёне ўсяго за дваццаць тысячаў!»

«Ах! Ня можа быць! Ось цо да!»
- шчыра захаплялася тая.

«Там яшчэ столькі ўсяго можна набыць, столькі ўсяго..! Ёсьць такая штука, яе ўстаўляеш у вадаправодны кран і адтуль ліецца вада, як струмень нэонавага сьвятла. Робіш гарачэй, ці халадней - колер зьмяняецца, уяві сабе!»

«Оооооо!!!» - аргазьмічна стогне дзяўчына.

Будзімір - таемнаму адрасату: «Тавар... – гэта спрошчаны камяк змушанай працы, які ў сваю чаргу – сьпіты, абязводжаны кавалачак набытага жыцьця. Тавары брудным сьнегам, вульканічным попелам павольна асядаюць на жыцьцё, сьлепячы, хаваючы, зьнерухомліваючы, задушваючы. Капітал сьмеціць таварамі на галовы сваіх падданых». Гэтак казаў шматмудры czerniec. А перад маімі вачыма ізноў паўстала тая неадвязная машына, толькі гэтым разам яна была размаляваная рознымі колерамі, упрыгожаная лямпачкамі, званочкамі і бомчыкамі. Ехала ж у тым самым кірунку. Зьвязаным па руках і нагах, абязволеным можна быць ня толькі празь цяжкую, манатонную працу, злоўжываньне алькаголем, брак адукацыі і крыніцаў інфармацыі пра сьвет, але і зусім наадварот...

Інфармацыя для дзяцей і юнацтва - што стаіць за прыўкраснымі фінціфлюшкамі (падгледжана ў блогу isto4nik_zarazi):



...Вярнуўшыся дадому, я ізноў паспрабаваў уключыць перадатчык. Ён па-ранейшаму жудасна трашчаў, пстрыкаў, шыпеў і сьвістаў. Канец сувязі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG