Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад пікетаў апазыцыйнага адзінства


Віталь Рымашэўскі і Ўладзімер Някляеў

Віталь Рымашэўскі і Ўладзімер Някляеў

У апошні дзень збору подпісаў ініцыятыўныя групы апазыцыйных кандыдатаў наладзілі супольны «парад пікетаў» у цэнтры Менску. На імпрэзу, якая доўжылася 2 гадзіны, прыйшлі і самі кандыдаты, каб падзякаваць валянтэрам, прадэманстраваць адзінства апазыцыі і распавесьці пра стратэгію дзеяньняў на будучы этап выбарчай гонкі.



У цэнтры Менску даўно такога не назіралася. Пляцоўку перад ГУМам запоўнілі плякаты, сьцягі і транспаранты розных кандыдатаў, Зьміцер Вайцюшкевіч у мэгафон сьпяваў песьні на словы Ўладзімера Някляева, а натоўп апазыцыйных актывістаў выгукваў «Жыве Беларусь!» У нейкі момант быў нават блякаваны ўваход ва ўнівэрмаг. Міліцыя на гэта ніяк не рэагавала, апэратыўнікі хадзілі ў цывільным.

Да пікетаў прыйшлі і самі патэнцыйныя кандыдаты ад апазыцыі: Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Андрэй Саньнікаў. Яны гутарылі з актывістамі сваіх груп і паміж сабою, дэманструючы адзінства апазыцыі. Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў паведаміў:

«У панядзелак адбудзецца нашая першая сустрэча ў закрытым фармаце. Мы запрашаем усіх. Асноўная пяцёрка, ці шэсьць чалавек, ужо вызначыліся — якія прымаюць гэтае запрашэньне і якія згодныя прымаць удзел у гэтай доўгай працэдуры вылучэньня адзінага ці знаходжаньня найбольш аптымальнага варыянту».

Андрэй Саньнікаў зазначыў, што гатовы весьці перамовы з тымі кандыдатамі, якія рэальна сабралі па 100 тысяч подпісаў. Да іх ён, апрача сябе, аднёс Някляева і Раманчука:

«Я буду казаць пра тое, што мы здольныя кансалідавацца, вырашыць, якія агульныя крокі будзем рабіць. Будзе кансалідацыя, мы будзем абмяркоўваць з тымі рэальнымі кандыдатамі, якія працуюць на тое, каб нешта адбылося. Я працую на перамогу».

Паводле Андрэя Саньнікава, за ўсіх апазыцыйных кандыдатаў падпісалася больш за паўмільёна чалавек. За імі стаяць іх сем’і. Сытуацыя ў краіне мяняецца, і таму апазыцыі варта змагацца за перамены ў краіне. Паводле Ўладзімера Някляева, апазыцыйныя кандыдаты цяпер разьлічваюць, як найбольш эфэктыўна правесьці выбарчую кампанію:

«Пасьля выбараў таксама будзе доўжыцца жыцьцё, і апазыцыя, якая ўжо наслухалася папрокаў у разьяднанасьці і слабасьці, павінна выйсьці з гэтых выбараў мацнейшай».

Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў

Віталь Рымашэўскі заклікаў не зачароўвацца тым, як улада дазволіла вольна правесьці кампанію збору подпісаў:

«Гэта вонкавая лібэралізацыя, і за гэтай маскай, якую цяпер надзеў на сябе рэжым, тырчаць іклы… Я б хацеў заклікаць усіх кандыдатаў не загульвацца ў спэктакль, які разыгрывае Лукашэнка, спэктакль, які называецца гульня ў дэмакратычныя выбары, а быць сапраўды цьвярозымі, быць адзінымі і рыхтаваць плошчу 24 лістапада і 19 сьнежня».

А галоўнымі героямі імпрэзы каля ГУМа былі зьбіральнікі подпісаў, якім кандыдаты дзякавалі за працу, уручалі падарункі і граматы. Сябра ініцыятыўнай групы Някляева Алег Ладуцька кажа, што зьбіўся зь ліку, колькі подпісаў сабраў:

«У мяне зараз вельмі пазытыўны настрой. Я быў вельмі ўражаны тым, як людзі з ахвотай, з пачуцьцём грамадзянскай адказнасьці ставяцца да таго, каб паставіць подпіс. Я вельмі шчыра веру ў перамогу, бо я бачу людзей, бачу, што большасьць зь іх гатовыя да пераменаў».

Зьміцер Бойка сабраў больш за паўтары тысячы подпісаў за Саньнікава на мэтро «Каменная горка»:

«Падыходзілі людзі ў асноўным, якія крытыкавалі Лукашэнку, казалі, што падтрымаюць каго заўгодна, але не Лукашэнку. У першыя дні былі нават чэргі па дзесяць чалавек на адзін пікет… Трэба штосьці рабіць, трэба змагацца, нельга спыняцца. Калісьці дабро пераможа зло».

Былы дэпутат Мікалай Петрушэнка зьбіраў подпісы за Някляева ў Талачынскім раёне:

«Спакойна 1450 подпісаў сабралі… Гэта значыць, крыгаход пайшоў. Народ прачынаецца. Я не хачу сказаць, што ўжо зусім добра, але зрухі бачныя».

Мінакі ў асноўным пазытыўна рэагавалі на яркія і гучныя пікеты апазыцыйных кандыдатаў:

Дзяўчына: «Заўсёды ёсьць выбар. А калі яшчэ ёсьць тое, што тут адбываецца, то, канечне, можна выбраць. Гэта нагода, каб задумацца».

Спадар: «Я думаю, што ўсё ж гэтыя выбары пройдуць паводле ўжо вядомага сцэнару. Цікавае будзе пасьля. Але гэта будзе добры ўрок, добрая рэпэтыцыя перад сапраўднай ужо бітвай. Праз год — максымум два».

Спадар: «Пакуль гэта ўсё ўспрымаецца як пэрформанс. Але і ў гэтым ёсьць станоўчае. Такая карнавалізацыя карысная для таго, каб у людзей страх зьнікаў».











Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG