Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Казахстан імкнуцца ў WTO паасобку. Беларусь — Мытным саюзам


Беларускія ўлады пацьвярджаюць курс на дывэрсыфікацыю нацыянальнай эканомікі, у прыватнасьці — у галіне паставак энэрганосьбітаў. Галоўнай прычынай адмовы ад далейшага прывязваньня да шматгадовага донара ў выглядзе Расейскай Фэдэрацыі называюцца рынкавыя ўмовы, на якія ў гандлёвых адносінах зь Беларусьсю перайшла Масква. Асабліва адчувальны ўдар ад такога кроку беларускія суб'екты гаспадараньня зазналі ў энэргетычнай галіне.

Падвышэньне цэнаў на прыродны газ і абкладаньне мытам нафты і нафтапрадуктаў утварылі ў бюджэце вялізныя дзіркі. Залатаць іх беларускія ўлады спадзяюцца вяртаньнем да прэфэрэнцыяў, якія дагэтуль Менск меў ад Расеі, а цяпер намагаецца атрымаць ад Мытнага саюзу. Намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка заявіў, што толькі ад спагнаньня Расеяй пошлінаў на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, краіна сёлета недаатрымае 1,5—2 мільярды даляраў. Ён спадзяецца, што сытуацыя ў найгоршым выпадку працягнецца да канца году:
тое, што існуе мыта ўнутры дзяржаў саюзу, несумяшчальна з нормамі і прынцыпамі міжнароднага гандлю ...

"Гэта вельмі істотны вынятак з рэжыму Мытнага саюзу. І тое, што існуе мыта ўнутры дзяржаў саюзу, несумяшчальна з нормамі і прынцыпамі міжнароднага гандлю. У ідэале іх не павінна быць яшчэ на этапе зоны свабоднага гандлю. Ну, а тое, што яны перакачавалі ў Мытны саюз, з гледзішча міжнародных нормаў, прынцыпаў і практыкі — поўны нонсэнс. Таму мы спадзяемся, што пратакол аб вынятках з адзінай мытнай тэрыторыі, які бакі падпісалі, будзе выкананы ў поўным аб'ёме і з 1 студзеня 2011 году пытаньне будзе закрытае. У прынцыпе, мы ні ад кога ільготаў і прэфэрэнцыяў не чакаем. У разьліках на прагназаваньне разьвіцьця зьнешняга гандлю зыходзім з таго, што ўсё роўна ў адзін цудоўны дзень усе суб'екты гаспадараньня будуць працаваць паводле адзіных цэнаў і ўмоваў у гандлі нафтай і нафтапрадуктамі. Але ў разьлікі мы закладаем практычна ўсясьветныя кошты, бо, паўтаруся, падарункаў ні ад кога не чакаем".

Паводле спадара Еўдачэнкі, Беларусь імкнецца са сваёй прадукцыяй на новыя рынкі. За апошнія два гады для беларускага экспарту адчыніліся 34 краіны, куды раней пастаўкі альбо не ажыцьцяўляліся, альбо былі разавыя. Сярод іх Інданэзія, Тайлянд, Банглядэш, Кувэйт, Шры-Лянка ды іншыя. Больш чым утрая — з 27 да 92 — павялічылася колькасьць зборачных прадпрыемстваў за межамі краіны.

Валянцін Лопан, былы дарадца генэральнага дырэктара Менскага аўтазаводу, вітае пляны наконт шырокай беларускай прысутнасьці ў сьвеце, аднак з уласнага досьведу ведае: пры цяперашняй кваліфікацыі тых, хто павінен гэтую прадукцыю прасоўваць, чакаць плёну складана. Да таго ж і з захаду, і з усходу супраць беларускай прадукцыі дзейнічаюць амаль тры дзясяткі мераў абмежавальнага характару, якія стрымліваюць дэкляраваную экспансію:

Валянцін Лопан
"Усё гэта ня хуткая песьня, таму што ў беларускага мэнэджмэнту няма досьведу працы на зьнешніх рынках, ёсьць толькі нейкія першыя спробы. Прыкладам, МАЗ нязначную колькасьць аўтобусаў паставіў у Нямеччыну, і гэта толькі пробная партыя. Дзесьці ахопленыя краіны Ўсходняй Эўропы. То бок у нейкіх пазыцыях, вельмі сьціпла, на Эўразьвяз мы выйшлі, бо дагэтуль прысутнасьць была зусім мінімальная. Зь іншага боку, ёсьць магчымасьць экспарт у краіны Эўропы зрабіць таньнейшым. Зноў жа, што тычыцца МАЗа, то ў ягоных партнэраў у Літве і Латвіі былі зборачныя прадпрыемствы, куды аўтазавод пастаўляў машынакамплекты, каб абысьці высокае эўрапейскае мыта. Але каб займацца такімі рэчамі, трэба добра валодаць сытуацыяй. Нашы каміваяжоры пакуль да гэтага не дарасьлі".

Аднак, упэўнены прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Еўдачэнка, чым большая геаграфія міжнародных кантактаў, тым лепш для эканомікі краіны. Чыноўнік кажа, што перадусім акцэнт будзе рабіцца на пошук альтэрнатыўных крыніцаў вуглевадародных паставак:
Бяз пошуку альтэрнатыўных крыніцаў пастаўкі вуглевадародаў мы можам атрымаць дадатковы ціск з боку нашага ўсходняга партнэра і далейшае пагаршэньне эканамічных умоваў ...

"Дывэрсыфікацыя паставак нафты і нафтапрадуктаў, якой мы займаемся, нягледзячы на тое, што яна хоць і часова, але дадаткова легла на наш плацёжны балянс, дае зразумець: гэта абсалютна неабходныя ўмовы. Бяз пошуку альтэрнатыўных крыніцаў пастаўкі вуглевадародаў мы можам атрымаць дадатковы ціск з боку нашага ўсходняга партнэра і далейшае пагаршэньне эканамічных умоваў. То бок, дывэрсыфікацыя — гэта яшчэ і гарантыя падвышэньня бясьпекі нашай дзяржавы ў такіх умовах. Мы зараз працуем ня толькі з Вэнэсуэлай, Іранам, мы супрацоўнічаем зь вельмі шмат якімі краінамі сьвету. І ў гэтай галіне не выключаем розных варыянтаў. Мы перакананыя: чым болей будзе пастаўшчыкоў, тым лепей будзе працаваць гэтая сыстэма. І тым у меншай ступені будзе пад пагрозай эканоміка Беларусі".

Апошнім часам Расея і Казахстан актывізаваліся ў справе ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (WTO). У Маскве і Астане ставяць пад сумнеў мэтазгоднасьць абвешчаных раней плянаў — рушыць у арганізацыю ўсім Мытным саюзам. Аднак, як паведаміў начальнік упраўленьня зьнешнегандлёвай палітыкі МЗС Антон Кудасаў, Менск па-ранейшаму робіць стаўку на Мытны саюз. Спадар Кудасаў патлумачыў, празь якую прызму трэба разглядаць пазыцыю беларускага боку:

"Тое мноства камэнтароў адносна высілкаў краінаў Мытнага саюзу, рэакцыі WTO шмат у чым выкліканае тым, што сябры WTO апынуліся перад новай сытуацыяй. Яны думалі, што працяглы працэс далучэньня ніяк не адаб'ецца на плянах трох дзяржаваў інтэгравацца і што прыярытэт уступленьня ў WTO засьцілае перад намі мэту стварэньня Мытнага саюзу. Але аказалася ўсё іначай: урады прынялі рашэньне, што Мытны саюз ёсьць прыярытэтам, і нават самыя ўплывовыя краіны-сябры WTO сутыкнуліся з новай рэальнасьцю. Дзеля таго каб ім яе асэнсаваць, зразумець, як сябе паводзіць, якую стратэгію выпрацаваць, натуральна, яны ўжываюць розныя праверкі на надзейнасьць, адаптуюць нейкія тактычныя схемы. Таму што Мытны саюз — утварэньне новае, і на месцы краінаў-сябраў WTO лягічным будзе дастаткова прагматычна і зь некаторым цынізмам проста праверыць нас: наколькі жыцьцяздольныя гэтыя дамоўленасьці і ці ўсе партнэры іх неабходным чынам выконваюць? Мы гэта ўспрымаем спакойна, бо любыя зьмены зьнешніх абставін патрабуюць часу на асэнсаваньне".
XS
SM
MD
LG