Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня стала вядома пра сьмерць яшчэ двух чалавек, якія пацярпелі падчас выбуху 25-га кастрычніка на заводзе "Пінскдрэў". Такім чынам, колькасьць ахвяраў выбуху ўзрасла да пяці. І таксама сёньня на прахадной прадпрыемства вывешаны сьпіс з 48 прозьвішчамі людзей, якія ў час выбуху былі на сваіх працоўных месцах. У адміністрацыі прадпрыемства, а таксама ў Пінскім гарвыканкаме чыноўнікі не даюць камэнтароў і адмаўляюцца распавядаць пра новыя падрабязнасьці і пра тое, чаму здарылася трагедыя.

На прахадной ЗАТ "Пінскдрэў", што на вуліцы Івана Чуклая, толькі зараз зьявілася інфармацыя пра колькасьць людзей, якія працавалі 25 кастрычніка ў цэху падчас аварыі. У сьпісе значацца 48 чалавек. Таксама зьявілася і інфармацыя пра тых, хто памёр сёньня. Гэта — Міхаевіч Аляксандар Міхайлавіч, 1976 году нараджэньня — станочнік, і Саковіч Кацярына Сяргееўна, 1986 году нараджэньня, — майстар-брыгадзір стружачнага аддзяленьня.

На сайце "Пінскдрэва" пазначана, што сем'і пацярпелых атрымалі па тры мільёны рублёў, хоць напачатку было абвешчана пра рашэньне выдзеліць 10 мільёнаў. Афіцыйны прадстаўнік прадпрыемства адмовіўся падаць дадатковую інфармацыю, спаслаўшыся на тое, што ўсё нібыта агучана на інтэрнэт-старонцы:

"Уся афіцыйная інфармацыя прадстаўлена на сайце. Таму, калі ласка, глядзіце там. Болей нічога дадаць да напісанага не магу. Прабачце".

У Пінску з 27 кастрычніка прыспушчаныя сьцягі. На сайце гарвыканкаму вывешана спачуваньне родным загінулых і пацярпелых. Жалоба, праўда, не абвешчана, адзначылі ў ідэалягічным аддзеле гарвыканкаму:

"Жалоба была падчас пахаваньняў. А сёньня ж няма пахаваньняў. Калі будуць пахаваньні, тады і будзе прынята рашэньне аб жалобе. Так, сьцягі прыспушчаныя. Але нейкіх жалобных мерапрыемстваў няма. Усю інфармацыю глядзіце на сайце выканкаму".

Тым ня менш, як кажа мясцовая жыхарка Алена, работніца "Пінскдрэва", у горадзе надзвычай цяжкая атмасфэра. Літаральна ўсе гавораць пра здарэньне, пра ахвяры.

Тым часам у Пінску абвешчана пра дабрачыннае спартовае мерапрыемства. Удакладняе спадарыня Алена:

"Зьбіраюцца правесьці футбольны матч, каб людзі прыйшлі на яго, а выручаныя сродкі перадаць пацярпелым. Па радыё прагучаў заклік прынесьці барсучыны тлушч. Няўжо яго ня могуць купіць? Тыя, хто займаецца гэтым, маюць тлушч, але ж гэта надзвычай дорага".

З прычыны аварыі многія засталіся бяз працы. Раней чыноўнікі афіцыйна заявілі, што пацярпелым будзе аказана дапамога па працаўладкаваньні, але насамрэч сталася зусім інакш, працягвае Алена:
А адносіны да людзей — проста як да нейкіх батракоў ...

"Пінчукі вельмі баяцца пра нешта гаварыць. А адносіны да людзей — проста як да нейкіх батракоў. Людзі ж пацярпелі, сталі ахвярамі. Але пры ўсім гэтым яны самі вымушаны хадзіць і прасіць працы. А кіраўніцтва калі прапануе іншае працоўнае месца, то аплата ў некалькі разоў меншая. Ва ўсіх ёсьць сем'і, трэба ўтрымліваць дзяцей".

Сем'і загінулых апынуліся ў надзвычай складанай сытуацыі. У некаторых загінулы быў адзіным, хто ўтрымліваў усю сям'ю. Маці нябожчыка Ігара Мугі жыве ў доме, у якім няма цэнтральнага ацяпленьня, яго жонка навучаецца на завочным аддзяленьні, даглядае сына-інваліда:

"Я ня ведаю, як буду бяз сына. Ён у нас адзін быў кармілец. У мяне бацька памёр, брат памёр, мужа ня стала. А цяпер вось чацьвёртае пахаваньне. Ня ведаю, за што мне такое, як гэта перажыць".

Сьпіс пацярпелых, якія знаходзяцца ў шпіталях, паводле Пінскай цэнтральнай бальніцы:


У Пінскай цэнтральнай бальніцы:

1. Талеркі Сяргей Мікалаевіч, 1985
2. Маўчун Тацьцяна Яўстаф'еўна, 1955

У абласной бальніцы Берасьця:

1. Хамлюк Аляксандар Мікалаевіч, 1959
2. Сьмірноў Алег Алегавіч, 1981
3. Гарошка Эдуард Уладзіміравіч, 1977
4. Мароз Аляксандар Міхайлавіч, 1987
5. Ярмак Павел Антонавіч, 1976

У бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Менску:

1. Жукоўскі Віктар Канстанцінавіч, 1955
2. Квашалі Алег Юр'евіч, 1962
3. Шынкарук Аляксандар Анатолевіч, 1974
4. Казюр Генадзь Фёдаравіч, 1964
5. Шаўчук Мікалай Аляксандравіч, 1950
6. Калодзіч Аляксандар Сяргеевіч, 1987
7. Гладун Натальля Міхайлаўна, 1967
8. Пілевіч Віталь Уладзіміравіч, 1981
9. Касьян Міхаіл Міхайлавіч, 1977

Кожная зь сем'яў загінулых, паводле інфармацыі "Пінскдрэва", атрымала па тры мільёны рублёў. Кіраўніцтва прадпрыемства прапанавала сваякам і блізкім пацярпелых дапамагчы з праездам у Берасьце і Менск, дзе праходзіць лячэньне.

На заводзе працягвае працу камісія па расьсьледаваньні абставін і прычын.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG