Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярністая эміграцыя Сяргея Напрэенкі


У чэскай філіі Аmnesty Іnternational нам сёньня пацьвердзілі, што выпадак Напрэенкі пакуль унікальны і адзіны, калі прэзыдэнт ануляваў дэпартацыю чужынца з краіны. Адвакат Напрэенкі расказаў аб прычынах, чаму гэты беларус ня хоча вяртацца дадому.

Як паведамляла Радыё Свабода ўчора, беларускі грамадзянін Сяргей Напрэенка атрымаў памілаваньне прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Клаўса, які сваім рашэньнем адмяніў два прысуды аб дэпартацыі. Важным чыньнікам стала тут і пазыцыя праваабаронцаў.

Кацярына Шалдава, прэсавая сакратарка чэскай філіі Аmnesty Іnternational:

“З погляду Аmnesty Іnternational важна, каб людзі, якія просяць прытулку, або і тыя, што прытулку не атрымаюць, не былі вяртаныя ў краіны, дзе ім пагражае парушэньне правоў чалавека. Гэта ў выпадку Беларусі, на жаль, нельга выключыць. Таму мы падключыліся да вырашэньня выпадку спадара Напрэенкі з тым, каб яму не пагражала пакараньне пры вяртаньні на радзіму. Мы вітаем памілаваньне, якое яму ўдзяліў пан прэзыдэнт Клаўс».

Інтарэсы Сяргея Напрэенкі абараняў чэскі адвакат з гораду Градэц Кралавэ Іржы Шпэлда. Паводле адваката, Напрэенку цяпер 38 гадоў, ён паходзіць з Магілёўшчыны. У 1996-97 гадах, як адзначаецца ў справе, Напрэенка ўдзельнічаў у дэманстрацыях апазыцыі, раздаваў лістоўкі, некалькі разоў затрымліваўся. Падчас аднаго з арыштаў быў зьбіты, пачуў пагрозы пра тое, што ён можа “зьнікнуць” і вырашыў пакінуць радзіму. Так ён апынуўся ў Чэхіі.

Чаму чэскія органы першапачаткова не далі Напрэенку палітычнага прытулку? На думку адваката, тады, на канцы дзевяностых, чэская юстыцыя не палічыла, што вяртаньне на радзіму нясе яму сур’ёзную пагрозу. Так Напрэенку давялося зазнаць усе бакі статусу нелегала: страх перад паліцыяй, затрыманьне, зноў просьба аб прытулку, лягер уцекачоў, адмова, касацыйная скарга... Адвакат згадвае, што суд другой інстанцыі аднойчы стаў на бок Напрэенкі і прыняў рашэньне паслаць яго справу на перагляд, але само тое рашэньне ўжо не было каму ўручыць: Напрэенка быў вымушаны зьмяніць адрас...

Пры кожным чарговым арышце ён зноў прасіў прытулку, зноў беспасьпяхова: доўгі нелегальны побыт сам па сабе чэхі ўспрымаюць вельмі нэгатыўна. Два рашэньні пра дэпартацыю падштурхнулі Напрэенку да рашэньня пра самагубства. Выратавалі паліцэйскія- псыхолягі.

Далей адвакат Іржы Шпэлда:

“Таму што тыя судовыя рашэньні пра яго выдварэньне заставаліся ў сіле, яго зьмясьцілі пад арышт, дзе ён правёў чатыры месяцы, пакуль рыхтавалася яго дэпартацыя у Беларусь. Урэшце, ужо быў вядомы і рэйс самалёта, якім ён будзе адвезены ў Беларусь, але ў апошнюю хвіліну ўмяшаўся Эўрапейскі суд правоў чалавека, які вельмі хутка прыняў папярэдняе рашэньне, якое забараніла Чэскай Рэспубліцы дэпартаваць гэтага замежніка ў Беларусь”.

Пытаюся у адваката, ці было пры такіх абставінах памілаваньне прэзыдэнта Клаўса проста спробай захаваць твар Чэскай Рэспублікі?

Іржы Шпэлда:

“Мяркую, сваім рашэньнем пан прэзыдэнт паказаў, дзеля чаго існуе гэты інстытут памілаваньня. Бо калі суды павінны трымацца толькі літары закону, прэзыдэнт мае магчымасьць паглядзець людзкімі вачыма. Мяркую, з гэтай прычыны ён тыя прысуды адмяніў”.

Паводле адваката, цяпер Сяргея Напрэенку чакае яшчэ працэдура атрыманьня афіцыйнага дазволу на побыт у Чэхіі. У адным з апошніх лістоў маці напісала Сяргею, што на допыт узялі брата і хай лепш не вяртаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG