Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі зарабляюць прэзыдэнты?


“У мяне ёсьць грошы. Мой заробак, амаль увесь, у скрыні пісьмовага стала”, - паведаміў Аляксандар Лукашэнка карэспандэнту газэты “Литовский курьер” у інтэрвію, апублікаваным у сераду. Колькі зарабляе прэзыдэнт Беларусі?

Афіцыйную інфармацыю пра заробак прэзыдэнта, якую ў іншых краінах можна знайсьці ў тэкстах адпаведных законаў або на афіцыйных прэзыдэнцкіх сайтах, у Беларусі атрымаць ня так лёгка.

Мы зьвярнуліся да кіраўніка прэсавай службы прэзыдэнта Паўла Лёгкага, і ён паведаміў, што пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у ЦВК, будзе ўся інфармацыя пра заробкі. Але "традыцыйна на сайце гэтую інфармацыю ніколі не падавалі, хаця прэзыдэнт пэрыядычна пра гэта гаворыць, калі яго пытаюць".

"Прэзыдэнт ідзе на выбары і ён абнародуе свае прыбыткі. Заробак таксама ж мяняецца. Вось, напрыклад, адбылося падвышэньне заробку, бо прэзыдэнт такі самы дзяржслужачы, як і ўсе астатнія. У яго таксама пералічваецца заробак. Калі вы маеце на ўвазе суму прыбыткаў гадавых, то гэта адно пытаньне, калі штомесячны заробак – іншае пытаньне. Літаральна некалькі тыдняў пачакайце і ўсё даведаецеся", - параіў П.Лёгкі.

Паводле зьвестак самога Аляксандра Лукашэнкі, ягоны заробак штогоду павялічваецца. У 2000 годзе кіраўнік Беларусі паведамляў, што зарабляе 265 даляраў на месяц. У 2005 годзе ў інтэрвію журналістам “ТВЦ-цэнтар” Аляксандар Лукашэнка сказаў, што зарабляе ўжо 1000—1100 даляраў.

Апошняя афіцыйная інфармацыя аб даходах Лукашэнкі зьявілася ў перадвыбарчай дэклярадыі ааб даходах у 2005 годзе. Тады кіраўнік дзяржавы зарабіў крыху больш за 59 мільёнаў рублёў за 12 месяцаў - гэта каля 2 300 даляраў за месяц.

Колькі зарабляюць прэзыдэнты іншых краінаў?


Літва$ 9 900
Польшча$ 7 000
Расея$ 9 015
Украіна$ 1 750 - 2 500

У Літве памер прэзыдэнцкага заробку вызначаны ў Законе аб прэзыдэнце і складае 55 базавых велічыняў службовага акладу палітыкаў, судзьдзяў, дзяржаўных службоўцаў. На сёньня гэта адпавядае суме 24 750 літаў або каля 9 900 даляраў.

У Польшчы заробак прэзыдэнта вызначае Закон аб аплаце асобаў, што займаюць дзяржаўныя кіраўнічыя пасады. Яго суму складае асноўная плата, якая адпавядае 7 базавым велічыням, і функцыянальны дадатак – 3 базавыя велічыні. На гэты момант гэта адпавядае суме 20 137.64 злотых або каля 7 000 даляраў.

У Расеі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў прыняў пастанову ад 2009 году афіцыйна паведамляць пра свае даходы. Паводле даведкі аб даходах за 2009 год, апублікаванай на прэзыдэнцкім сайце, даход на асноўным месцы працы склаў 3 335 281,39 рублёў за год або 277 940.12 за месяц, што складае прыблізна 9015 даляраў.

Ва Ўкраіне знайсьці афіцыйную інфармацыю пра заробак прэзыдэнта не лягчэй, чым у Беларусі. Вядома толькі, што ў сакавіку 2009 году Вярхоўная Рада скараціла заробак кіраўніка дзяржавы ўдвая, гэтае рашэньне дзейнічала да 1 студзеня 2010-га. Заступіўшы на пасаду, Віктар Януковіч прыняў аналягічнае рашэньне, толькі невядома – якую канкрэтна суму ён скараціў удвая. Таму ў якасьці прэзыдэнцкага заробку называюцца розныя лічбы – ад 10 да 20 тысячаў грыўняў за месяц або ад 1 750 да 2 500 даляраў.

У сакавіку 2009 году газэта Financial Times апублікавала дадзеныя аб заробках сусьветных лідэраў (у пераліку ў далярах ЗША за месяц):

Гордан Браўн, прэм'ер Вялікай Брытаніі23 000
Браян Коўэн, прэм'ер Ірляндыі30 000
Нікаля Сарказі, прэзыдэнт Францыі27 500
Барак Абама, прэзыдэнт ЗША33 000
Ангела Мэркель, канцлер Нямеччыны26 000
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG