Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС спадзяецца, што ад 1 студзеня расейская нафта будзе бязмытнай


Беларускія ўлады пацьвярджаюць курс на дывэрсыфікацыю паставак энэрганосьбітаў.

Галоўнай прычынай адмовы ад далейшага прывязваньня да шматгадовага донара — Расейскай Фэдэрацыі называюцца рынкавыя ўмовы, да якіх у гандлёвых адносінах зь Беларусьсю перайшла Масква. Удар, які атрымалі ад такога кроку беларускія суб'екты гаспадараньня, стаў надзвычай адчувальным.

Падвышэньне цэнаў на прыродны газ і абкладаньне мытам нафты і прадуктаў нафтаперапрацоўкі ўтварылі ў бюджэце вялізныя дзіркі. Залатаць іх беларускія ўлады яшчэ намагаюцца вяртаньнем да прэфэрэнцыяў, якія дагэтуль Менск атрымліваў з боку Расеі, а цяпер спадзяецца атрымаць ад Мытнага саюзу. Наконт гэтага сёньня выказаўся намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка:

"Гэта вельмі істотны вынятак з рэжыму Мытнага саюзу. Тое, што існуе мыта ўнутры дзяржаў Мытнага саюзу, несумяшчальна з нормамі і прынцыпамі міжнароднага гандлю. У ідэале іх не павінна быць яшчэ на этапе зоны свабоднага гандлю. Ну, а тое, што яны перакачавалі ў Мытны саюз, з гледзішча міжнародных нормаў, прынцыпаў і практыкі зьяўляецца пэўным нонсэнсам. Таму мы спадзяемся на тое, што пратакол аб вынятках з адзінай мытнай тэрыторыі, які бакі падпісалі, будзе выкананы ў поўным аб'ёме і з 1 студзеня 2011 году гэтае пытаньне будзе закрытае. У прынцыпе, мы ні ад кога ніякіх ільготаў і прэфэрэнцыяў не чакаем. У нашых разьліках на прагназаваньне разьвіцьця зьнешняга гандлю мы зыходзім з таго, што ўсё роўна ў адзін цудоўны дзень усе суб'екты гаспадараньня будуць працаваць паводле адзіных цэнаў і ўмоваў у галіне гандлю нафтаю і нафтаперапрацоўкі. Але ў нашы разьлікі мы закладаем практычна ўсясьветныя цэны. Падарункаў ні ад кога мы не чакаем".
XS
SM
MD
LG