Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вырашыць справу нябожчыка, які працягваў "рабаваць" пасьля сьмерці


Сёньня ў Завадзкім судзе Менску можа скончыцца грамадзянскі працэс пра абарону гонару грамадзяніна, які, паводле дадзеных менскай міліцыі, працягваў рабаваць пасьля сьмерці.

Цягам месяца суд разглядаў пазоў Сьвятланы і Міхаіла Аксяневічаў да гарадзкой міліцыі і грамадзяніна Яраслава Гіля. Аксяневічы прасілі спагнаць па 30 мільёнаў рублёў у якасьці кампэнсацыі за маральныя страты, якія яны панесьлі ў выніку падзей, датычных іх сына Аляксея.

Цягам некалькіх гадоў Аляксея Аксяневіча шмат разоў нібыта затрымлівалі падчас дробнага рабаўніцтва ў менскіх крамах і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці. Апошні пратакол быў складзены летась 17 траўня.

Міхаіл Аксяневіч, бацька Аляксея Аксяневіча
Але на той момант інвалід другой групы Аляксей Аксяневіч ужо амаль два месяцы як памёр. Прычым ужо адбыўся суд, які высьветліў, што імем Аксяневіча называецца нейкі Яраслаў Гіль, які і ёсьць сапраўдным рабаўніком.

На працэсе бацькі Аксяневіча спрабавалі высьветліць, чаму падчас апошняй праверкі рабаўніка лейтэнант Андрэй Савіч зь Ленінскага райаддзелу міліцыі зрабіў гэтую памылку. Міліцыянт патлумачыў: паколькі рабаўнік ня меў пры сабе пашпарта, ён запытаўся ў яго пра былыя злачынствы і, атрымаўшы дакладныя адказы, паверыў на слова, што гэта Аксяневіч. А потым склаў на яго пратакол.

У судзе, аднак, высьветлілася, што праз больш дасканалую сыстэму "Пашпарт", якая выводзіць на манітор кампутара фотаздымак чалавека, можна было лёгка праверыць, ці той гэта чалавек, якім называецца. "Раптоўна завіс кампутар", — так патлумачыў суду Андрэй Савіч тое, чаму ён не скарыстаўся сыстэмай "Пашпарт".

"На дадзены момант памылка ў інфармацыйнай сыстэме гарадзкой міліцыі выпраўлена", — запэўніў судзьдзю Натальлю Мілашэўскую прадстаўнік гарадзкой міліцыі Мікалай Радонскі на наступным паседжаньні. Але абаронца інтарэсаў сям'і Аксяневічаў Ларыса Атаманчук настойвае на тым, што ў паклёпе на Аксяневіча вінаваты ня толькі грамадзянін Гіль, але і гарадзкая міліцыя, і зь яе таксама варта спагнаць грошы.

Як кажа праваабаронца Эніра Браніцкая, якая сочыць за працэсам у судзе Завадзкога раёну, працэс паказаў вялікую ступень фармалізму, зь якім прадстаўнікі міліцыі ставяцца да простых грамадзянаў. І вось яшчэ адзін урок, паводле праваабаронцы Браніцкай:

Эніра Браніцкая
"Гэта немагчымасьць абскарджаньня афіцыйных дакумэнтаў у судзе. Калі нейкі чыноўнік напіша нейкую паперу, абскардзіць яе даволі цяжка. Спачатку трэба прайсьці розныя несудовыя інстанцыі і толькі потым ісьці ў суд, хаця насамрэч з суду павінна пачынацца ягоная абарона".

Эніра Браніцкая мяркуе, што суд задаволіць пазоў да грамадзяніна Гіля. А што да міліцыі — у мэтазгоднасьці пазову на яе адрас праваабронца сумняецца. Тым ня менш, апошняя слова — за судом.

Прынамсі, Яраслаў Гіль у суд так і не зьявіўся. Між тым, міліцыя паведаміла суду, што не змагла знайсьці такога грамадзяніна ў Беларусі. Такім чынам, нават калі Гіля прысудзяць да грашовага спагнаньня, атрымаць гэтыя грошы сям'і Аксяневічаў будзе праблематычна, мяркуюць назіральнікі за працэсам.

Яраслаў Гіль, які, паводле дадзеных мужа і жонкі Аксяневічаў, болей за 8 разоў называўся пры затрыманьні імем іх сына, пакуль не панёс ніякай адказнасьці за зробленыя адміністрацыйныя парушэньні. Міхаіл і Сьвятлана Аксяневічы патрабуюць дамагчыся ад яго абвяржэньня зьвестак пра сына, якія лічаць паклёпніцкімі. Таксама пэнсіянэры патрабуюць ад Гіля і ад міліцыі кампэнсацыі маральных стратаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG