Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 кастрычніка ў Менску кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў плянуе правесьці "Пікет памяці", прысьвечаны трагічнай гадавіне масавага расстрэлу прадстаўнікоў нацыянальнай эліты ў Менскай турме НКВД у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Акцыя пройдзе ўздоўж праспэкту Незалежнасьці насупраць будынку КДБ.

Гэтая акцыя сымбалічна завяршае збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Паводле арганізатараў, а 20-й гадзіне ўдзельнікі "Пікету памяці" з запаленымі сьвечкамі ў руках утвораць ланцуг уздоўж праспэкту Незалежнасьці, насупраць будынку КДБ. На завяршэньне адбудзецца брыфінг Рыгора Кастусёва па выніках здачы подпісаў у выбарчыя камісіі. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Кастусёва, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў:

"Кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў выступіў ініцыятарам і, натуральна, сябры ініцыятыўнай групы, якія ўваходзяць у Партыю БНФ, таксама да гэтай акцыі далучыліся. Гэта і палітычнае мерапрыемства зь яснай ідэалягічнай афарбоўкай, і таксама мерапрыемства выбарчае па зборы подпісаў. Ёсьць пазытыўная рэакцыя іншых палітычных сілаў. Я і Рыгор Кастусёў запрасілі іншых кандыдатаў, кіраўнікоў палітычных партый, і мы разьлічваем на іхны ўдзел таксама. Проста людзі запаляць сьвечкі і будуць стаяць. Не плянуецца гуканьне лёзунгаў. Гэта менавіта акцыя памяці".

Аляксей Янукевіч адзначыў, што гэтай акцыяй яе ўдзельнікі паспрабуюць нагадаць грамадзянам пра ахвяраў камуністычнага таталітарызму:

"Гэта дзень памяці, Дзяды. Гадавіна гэтай нацыянальнай трагедыі адзначаецца насупраць той установы, якая вінаватая ва ўчыненьні гэтага акту супраць беларускай нацыі".

Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч
Паводле Рыгора Кастусёва, акцыя ладзіцца ў памяць пра беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Спадар Кастусёў адзначыў, што ідэя гэтага пікету ўзьнікла падчас паездак па рэгіёнах:

"У асноўным падчас сустрэчаў былі добразычлівыя размовы. Але былі і выпадкі нядобразычлівага стаўленьня ня толькі да мяне, як прадстаўніка Партыі БНФ, але і да ўсіх прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў з боку ярых прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. І што мяне ўразіла, пры такіх вось ня вельмі прыемных сустрэчах, асабліва ярыя прыхільнікі Лукашэнкі ў сваіх выказваньнях не саромеліся казаць, што яны гатовыя нас расстрэльваць, мяне і іншых прадстаўнікоў дэмсілаў, удзельнікаў нашых пікетаў. Такіх выпадкаў было ня шмат, але яны былі. Я бачу, што нашчадкі тых катаў, якія забівалі людзей у 30-50-х гадах зноў выходзяць зь ценю і ўжо не саромеюцца ў адкрытую казаць пра такія рэчы. Што яны гатовы расстрэльваць, ставіць да сьценкі тых, хто не падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку".

Спадар Кастусёў адзначыў, што ў Беларусі захавалася савецкая сыстэма фармаваньня кадраў па сямейных дынастыях. Нашчадкі тых, хто калісьці браў удзел у рэпрэсіях, баяцца і не дазваляюць раскрыць архівы КДБ, і празь сілавыя структуры спрабуюць кантраляваць сытуацыю ў краіне:

"На жаль, гэта сыстэма дагэтуль працуе. Надалей мы будзем намагацца, каб дамагчыся рассакрэчваньня архіваў КДБ і будзем намагацца не дазволіць нашчадкам катаў 30-х гадоў зьдзейсьніць свае новыя пачварныя справы".

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў цяперашняй турме КДБ былі зьнішчаныя некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сярод забітых былі пісьменьнікі Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Аляксандар Чарнушэвіч, Міхась Чарот, дзеячы навукі, культуры, мастацтва. Тая ноч сталася апагеем зьнішчэньня беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG